Урад бярэ пад кантроль свабодныя эканамічныя зоны.

З 1 кастрычніка ва ўсіх шасьці свабодных эканамічных зонах краіны прэзыдэнцкім указам №262 уведзены адзіны прававы рэжым і адзіныя меры адказнасьці за парушэньне ўмоў працы рэзыдэнтаў.

СЭЗы ствараюцца дзеля прыцягненьня інвэстыцый, укараненьня новых тэхналёгій і разьвіцьця імпартазамяшчальных вытворчасьцяў. Цяпер іх шэсьць — па адной у вобласьці. Агульная колькасьць рэзыдэнтаў — 280, найбольш іх у СЭЗ «Берасьце» (98). За першае паўгодзьдзе 2005 г. прадпрыемствы-рэзыдэнты экспартавалі прадукцыі — мэблі, лядоўняў, харчаваньня — на $237 млн. Галоўны рынак збыту — Расея, туды ідзе 79% прадукцыі.

З 1 кастрычніка СЭЗы чакаюць зьмены. Паводле ўказу прэзыдэнта, цяпер падаткі будуць плаціцца ўсімі рэзыдэнтамі зон па адзіных стаўках. Спэцыяльны прававы рэжым — мытныя й падатковыя льготы — будзе пашырацца толькі на прадукцыю ўласнай вытворчасьці рэзыдэнтаў пры ўмове яе рэалізацыі на экспарт і на імпартазамяшчальныя тавары, што прадаюцца ў Беларусі. Сьпіс такіх тавараў мусіць штогод узгадняцца асабіста прэзыдэнтам.

Сёлета ў сьпіс імпартазамяшчальнай увайшлі 169 найменьняў: ежа (рыба й морапрадукты, бульбяная мука і г.д.), упакоўка для прадуктаў, лакі, фарбы, клеі, сродкі абароны расьлін, аднаразовы посуд, сантэхнічныя вырабы, мэтал, тэхналягічнае абсталяваньне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0