Няма нічога лепшага на сьвеце, як сядзець на беразе Карыбскага мора, цягнуць мясцовы ром і разважаць пра лёсы беларускай дэмакратыі.

Калі ў Менску ў гонар перамогі Мілінкевіча адкаркоўвалі шампусік, у Каракасе, адкуль пішу гэты тэкст, была дзявятая раніцы. У прынцыпе, цікава было даведацца, што там цяпер на МАЗе. Аднак нават у выпадку, калі б букмэкеры прапаноўвалі он-лайн рабіць стаўкі на кандыдатаў, усё роўна ня здолеў бы ў гэты час падняць свой зад і пачапаць у інтэрнэт-кафэ. З адной прычыны — па «скрыні» трансьлявалі праграму «Алё, прэзыдэнт», якую вядзе правадыр баліварскай рэвалюцыі, прэзыдэнт краіны, яго эксцэленцыя Уга Чавэс! (Бурныя авацыі.)

Прэзыдэнт Чавэс у жывым этэры ўстаўляе пістон усім, хто не жадае будаваць «сацыялізм у XXI ст.». Такіх чапушылаў у Вэнэсуэле дастаткова шмат, таму й праграма цягнецца доўга, пакуль гарант пятай у гісторыі краіны канстытуцыі ў парадку чаргі не апрацуе ўсю контру. Гэтым разам «Алё» цягнулася ўсяго шэсьць гадзін. За 360 хвілін Уга выклаў плян здабычы нафты, сьцёр у парашок лятыфундыстаў, правёў сэлектарную нараду зь міністрам адукацыі, уставіў «пятак» у філялягічную дыскусію, адкалоўшы нешта геніяльнае наконт таго, ці трэба ўстаўляць у слоўнікі партугальскія афарызмы, прэзэнтаваў чыйсьці раман, працытаваўшы найбольш упадабаныя ім кавалкі, агучыў лісты ў сваю падтрымку ад маладых чыканас з ЗША, назваў нейкага мясцовага палітыка «шэльмам».

У фінале ў студыю прыпёрся дзіцячы хор, удзельнікам якога было па 5—6 гадоў. Прэзыдэнт бухнуўся перад музычным калектывам на калені, падпоўз бліжэй, расцалаваў кожнага хлопчыка і дзяўчынку, а на закуску яшчэ і дырэктарку. Ня ведаю, як вэнэсуэльскі электарат, а зь мяне сьлёзы перлі ніягарскім вадаспадам.

Між тым, пакуль Чавэс адцягваўся зь дзецьмі, лідэр апазыцыі сабраў прэсуху і наехаў на Уга, быццам той прафукаў бюджэт. Натуральна, на фоне прэзыдэнцкага шоў гэта выглядала сумна і нудна. Нядзіўна, што рэйтынг у вэнэсуэльскіх адмарозкаў як кот наплакаў — 16%, у той час як у чавэскага «Руху за Пятую рэспубліку» — 44—45%.

Калі тэндэнцыя захаваецца, то нас чакаюць цікавыя часы: прайграўшы некалькі разоў, вэнэсуэльская апазыцыя лягічна прыйдзе да высновы — клін клінам вышыбаюць. І пачне шукаць кандыдата — люстэрка Чавэса. На гэтай плянэце ёсьць толькі адзін палітык, здольны пацягацца з Уга ў вобласьці піяру. Чытач, натуральна, ведае яго прозьвішча. Мая яму парада: ня трэба трымацца тут за ўладу. Адна справа будаваць рынкавы сацыялізм у краіне, якая сядзіць на іголцы «Газпрому», а другая — у Вэнэсуэле, адным з сусьветных лідэраў па экспарце нафты. Гэта ж можна такія хакейныя палацы па пэрымэтры вэнэсуэльскай мяжы забацаць!

Вучыце гішпанскую, Аляксандар Рыгоравіч…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0