Пасьля непрыхавана слабой «Дуліны ад Барадуліна» зьявілася геніяльная senilia «Кстоў». Дзьве апошнія кнігі Рыгора Барадуліна паставілі рабром пытаньне аб прыродзе яго таленту.

Некалі таварыш Жданаў А.А., цёзка аднайменнага ўкраінскага гораду, якому справядліва вярнулі імя Марыупаль, гаварыў пра паэтку Ганну Гарэнку: «Ці то манашка, ці то распусьніца, а дакладней распусьніца і манашка, у якой распуста зьмяшаная з малітвай. Такая Ахматава зь яе маленькім, вузкім асабістым жыцьцём, нікчэмнымі перажываньнямі і рэлігійна-містычнай эротыкай...» Так гэты высокапастаўлены чытач характарызаваў творчасьць аднаго з найлепшых лірыкаў XX ст. Сёньняшнія беларускія Марыупалі (то бок Жданавы), накшталт таварыша Скобелева et cetera, жданаўскім красамоўствам не валодаюць. Інакш бы ўжо з добрых месяцаў пяць галасілі пра Барадуліна, не выходзячы са жданаўскай сыстэмы каштоўнасных каардынат. Сам вінаваты быў бы Барадулін. Даў нагоду. Спачатку выйшла кплівая, яскрава аранжавага колеру кніжка «Дуліна ад Барадуліна». Кніжка непрыхавана слабая — найлепшае, што ў ёй было, — гэта дызайн Генадзя Мацура. Але «Дуліна», уласна кажучы, і прэтэндавала ўсяго толькі на статус, заяўлены ў назьве, — была, так сказаць, увасобленай у кніжнай форме насьценнай газэтай радыё «Свабода», галоўнымі героямі якой зьяўляюцца самі супрацоўнікі радыё, іх сябры (у будучыні, мабыць, справа можа дайсьці і да сваякоў). Цікавымі такія зборнікі эпіграм робяцца толькі пасьля сьмерці іх аўтараў і кананізацыі апошніх.

I спаткаўся з кобрай Скобла,

I спытаў,

Цi ў шкуры цёпла.

Кобра Скоблу не сказала,

Вяла джала паказала.

Ведала, якiя ў Скоблы

Словаў лютасныя сьцёблы...

Вядома, дзякуй аўтару, які забясьпечыў уласную эпіграму яшчэ і сьціслым (дарэчы, вялым, як кобрына джала) расказам пра тое, хто такі гэты самы Скобла, паколькі інакш чытацкая аўдыторыя гэтай эпіграмы звузілася б да неймаверна малой велічыні блізкіх і сяброў адрасата. Рыфмы яшчэ могуць захапіць (у аўтара гэтай рэцэнзіі, трэба прызнацца, кола рыфмаў на слова «Скобла» значна бяднейшае), але сама эпіграма ад гэтага больш значным творам ня робіцца. І такіх «скоблападобных» эпіграм у «Дуліне» — больш за палову. Добра хоць адрасаты іх трохі больш вядомыя — накшталт Барыса Кіта ці Анатоля Вялюгіна. Нягледзячы на шум, узьняты ў прэсе, адчуваньне было такое, нібыта паэта Барадуліна больш не існуе, а яго зьмяніла нейкая папсовая фігура, быццам у насьмешку з Паэзіі ўзьнесеная на вяршыню славы. Які час — такія паэты, якая чытацкая аўдыторыя — такія і куміры. Час здрабнеў і глядзіцца ў люстэрка, якім зьяўляецца ўжо не Барадулін, а які-небудзь Бадак. Але рэч у тым, што практычна сьледам за «Дулінай» выйшаў у сьвет іншы барадулінскі зборнік — «Ксты», які аб’яднаў тэксты, так сказаць, духоўна-рэлігійныя. Тыя «Ксты», адзетыя ў сьветла-блакітную сутану, зьвярстаныя не дзівосным кніжным дызайнэрам, а нейкай ня надта сьціплай дамай-шматстаночніцай (яна ж карэктарка, яна ж рэдактарка, яна ж на фатаграфіях побач з паэтам, яна ж...), дэманструюць паэзію зусім іншай якасьці, чым франтаватая апэльсінавая «Дуліна».

«Ты белы воўк», —

Сказала мне

Да незабыту незабытая,

Якую я

Нi з кiм ня зблытаю

Нi пры сьвятле,

Нi пацямне.

Разгублена перапытаў,

Якi ён, белы воўк,

Тлумачыла:

«Я шэрага цябе ня бачыла,

Ты белым не сягоньня стаў».

Упрочкі рушыла сама

Самою —

Недаверу хрэсьнiца.

«Ты белы воўк» —

Мая зiма

Чорнапраталiнкаю весьнiцца.

У Веліміра Хлебнікава быў белы крумкач, які сымбалем адзіноты спусьціўся ў яго геніяльна-прароцкія запісы. Барадулін знаходзіць паэтычную паралель у белым воўку, старым, ня здольным ужо паляваць, але чароўным прыгажосьцю мудрай і велічнай старасьці. Ён ляканічны ў гэтых сваіх вершах-senilia, старэчай лірыцы, як быццам сьпяшаецца давыказацца, датлумачыць тое, што чамусьці дагэтуль засталося незразуметым.

Цi патрэбен ты сам сабе,

Як спытацца ў сябе самога?

Цi даўно ён зерне дзяўбе?

Чалавек, як гузак на iлбе,

Нечакана ўскочыць, каб зьнiкнуць.

Ад сябе хто зможа адвыкнуць,

Можа, й будзе патрэбны сабе...

Адчуваньне такое, нібыта і «Дуліна» гэтая самая, адкрышталізаваўшыся ў мацураўскай вытанчанай форме, спатрэбілася старому Барадуліну, каб не прывыкаць да сябе самога — як кантраст у дачыненьні да Вечнасьці, адлітай у жорсткіх радках нябесна-воблачнага зборніка «Ксты».

Чую, Як абрываюцца каранi

Ад цiшынi глыбiнi.

Ці:

I зоркi, й мы

З адной сяўнi, й адзiн

Зярняты сейбiт высяваў шчымлiва.

Каму застацца небу на ўспамiн,

Каму ляцець,

Як пыл цяжкога млiва...

Пасьля выхаду зборніка «Ксты» ў прэсе загаварылі пра вылучэньне Барадуліна на Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры. Ня будзем абмяркоўваць рэальнасьць гэтай узнагароды для Дзядзькі Рыгора. Быкаву, куды больш «раскручанаму» ў сусьветным маштабе, і тое давялося пра «Нобэль» толькі марыць... А вось пра сам фэномэн вылучэньня Барадуліна варта сказаць пару слоў. У мяне асабіста няма сумненьняў: Барадулін — найбуйнейшы зь сёньня жывых беларускіх паэтаў, фэльдмаршал паэтычнай арміі Беларусі. Але выйдзіце на двор і папрасіце звычайных, не абцяжараных палітыка-філялягічнымі турботамі чытачоў успомніць некалькі барадулінскіх радкоў. І калі гэтыя чытачы не акажуцца блізкімі і сябрамі якога-небудзь Скоблы, то пачнецца прыпісваньне Барадуліну мноства вершаў — ад «Зоркі Вэнэры» і да «А я лягу-прылягу...». І ўсё гэта будуць цудоўныя вершы, але — не барадулінскія. Таму што «Зорку Вэнэру» напісаў не Барадулін. А Багдановіч. І «А я лягу-прылягу...» таксама напісаў не Барадулін. А Гілевіч. А Барадулін напісаў мноства цудоўных, адточаных, літаратурна бездакорных вершаў. Якіх ня ведае народ. Зрэшты, народ у нас не чытае ня толькі Барадуліна. І тыя, хто пісаў апошнія вершы пра Барадуліна і яго «Дуліну», у масе сваёй таксама, здаецца, сапраўдных барадулінскіх вершаў не чыталі. Яны ня ведаюць яго любоўнай лірыкі, лірыкі філязофскай — а значыць, беларускі народ ня ведае свайго народнага паэта. І таму кожны раз, калі ў прэсе думаюць пра «Нобэль» для найлепшага беларускага паэта, думаюць: «А, гэта той, што «Дуліну» напісаў!..» Бо раскрутка зборніка вершаў, у якім «дзядзька Рыгор» выступае суаўтарам Бога, была значна меншай, чым раскрутка яго радыёэтэрнай фігі, так нясвоечасова выцягнутай старым з кішэні.

Бачу вочы Твае,

Хоць Цябе я ня бачыў нiколi.

Чую голас Твой вышнi,

Хоць нiколi ня чуў я Цябе.

Гэтак вязень сьляпы

Бачыць вочы забытае волi,

Гэтак чуецца голас, зьнядзелены

Немай мальбе.

А Табою малюся,

А Табою сьмялею й баюся,

А Табою дазволены жыць,

Памiраю й жыву,

А Табой паддаюся,

А не паддаюся спакусе,

А са страхам i верай

На плаху Тваю

Я кладу галаву.

Зразумела, што псалом складаней запомніць, чым эпіграму накшталт:

Кiпiць натхненьне ў чыгунку.

Вядзецца гаспадарка плянава,

I пiшуць тэксты Лучанку

Усе — Ад Лукшы да Лук’янава.

Ці — у найлепшым выпадку — яшчэ што-небудзь, у «Дуліну» гэтую самую не ўвайшоўшае, пры былых бл...яў і былых кадэбістаў. Але да тых часоў, пакуль беларускія чытачы ня будуць ведаць псалмапеўца Барадуліна лепш, чым Барадуліна — кпліўца і эпіграматыста, Нобэлеўскай прэміі па літаратуры мы ня ўбачым. І зусім не таму, што ў нас дрэнныя паэты. Дрэнныя чытачы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0