Стопард і Фаўст

Пераніцоўшчык тэкстаў Шэксьпіра Том Стопард папрасіў не запісваць нашую размову. Вельмі слушнае было пажаданьне, бо прысутныя журналюгі, кшталту Закурэйчыка & КO, моцна сказілі ў сваіх пазьнейшых запісах сутнасьць выказваньняў спадара Стопарда. Драматург Том Стопард, як і кожны, хто працуе з тэкстам, вельмі сур’ёзна ставіцца да запісанага і надрукаванага слова. Іншая рэч — сУчасныя журналісты, якім, збольшага, дастаткова слова сказанага, слова прамоўленага ў электронных сродках масавай інфармацыі. Вось хоць бы ўзяць сказ, які я пачуў: «Мы — драматургі — падпісалі пагадненьне з Фаўстам!» Хутчэй за ўсё, Том-пераліцоўшчык абмовіўся. Пагадненьне з доктарам-авантурыстам Фаўстам, схільным да вытанчанай пэдафіліі, — малавартасны дакумэнт. Мяркую, Стопард мусіў сказаць пра пагадненьне з Мэфістофэлем, пра змову з д’яблам. У такім разе, было б лягічна згадаць пра магілы тэатральных дзеячаў, што доўгі час знаходзіліся за межамі хрысьціянскіх кладоў. Але я на свае вушы пачуў пра пагадненьне з Фаўстам, якога ніхто ніколі не заключаў, з-за непатрэбнасьці, акрамя д’ябла, канечне.

09.09.2005, 12:29

Кашкурэвіч і казакі

Патрапіў я пад дождж. Шпацыраваў з Хведарам Кашкурэвічам па праспэкце Незалежнасьці, расказваў пра геапаэтычны праект стварэньня рэспублікі Казакстан са станіцаю-сталіцаю ў Растове, пра ўсё яшчэ касьцюмаваную самаідэнтыфікацыю казакаў, якія ня маюць у Расеі аніякай аўтаноміі, пра падзел Расеі на расейскі Поўдзень і расейскую Поўнач… Гаварыў-гаварыў і не заўважыў, што вымак наскрозь. Прыйшоў дахаты, гарачы душ прыняў, гарбаты з малінамі выпіў і спаць лёг, а ў сьне з тым жа ж Хведарам-дударом напіўся гарэлкі, каб пасьля дажджу сагрэцца і не захварэць. Прачнуўся я ў кепскім стане, нібыта гарэлку піў ня ў сьне, а самой сапраўднасьці, і ў дадатак — прастужаным прачнуўся. Нашто было пад верасьнёвым дажджом гуляць? Няўжо дзеля атрыманьня казакамі доўгачаканай дзяржаўнасьці?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0