Вадзім Болбас
МЭЛЁДЫЯ ПРАГІ
На Карлавым мосьце музыка іграе на шклянках.
У ваду апускаючы пальцы, мэлёдыю лёгка вядзе.
Віруе натоўп. Тут кітайчык, румын, тут гішпанка.
Ты музыку тую ніколі ня чуў і нідзе.
Мэлёдыя кропляў і шкла, ты пра што нагадала?
Мо гэтак сьпявае вада пад байдаркі бліскучым вяслом?
Мо скрыпка вясельная гэтак калісьці сьпявала,
Мо сьпевы дзяўчат над вадою з купальскім вянком?
Ды не! Гэты сьпеў ні на што, ні на што не падобны.
Ў ім чуеш ты Моцарта, Брамса, Гліера, ліцьвінаў дуду.
Камусьці яна нібы стогн невыносны, жалобны,
А можа, то чыйсьці ўспамін пра былую бяду.
Пад воплескі публікі падаюць-звоняць манэты,
Вітае музыку спагадліва, шчыра чульлівы народ.
А я ўспамінаю Сыса, сьпеў чароўны Забэйды
І даўні-далёкі за вёскай дзяўчат карагод.
Бубны крышнаітаў. З касьцёлу уздыхі аргана,
Пад вежай надбрамнай гітара-гішпанка флямэнка пяе.
На Карлавым мосьце празрыстая музыка шклянак.
Да самага скону цяпер не забыць мне яе.
Прага—Йіглава—Прага
∎
Алесь Курсевіч
* * *
Зaўсёды,
a можa,
ніколі, aле
штохвіліну.
Нaпэўнa,
a можa,
і не, aле
нaзaўжды.
Рухомa,
a можa,
пaволі, aле
пaлымянa.
З тaбою,
a можa…
Aле.
* * *
Крыж,
Крык,
Крaй.
Кропля
Крыві —
Крaнaй!
Колер
Крaтaў —
Кaпaй!
Кaвaлaк
Крыўды —
Кaрaй!
Крыж,
Крык,
Крaй.
* * *
Сонцa ў крыжaх —
Нібы сьлёзы ў вaчaх
Мaёй Белaрусі.
Пaлынaвы пaх —
Быццaм стомлены жaх
Мaёй Белaрусі.
Зоры ў нaчaх —
Нібы стрaчaны шлях
Мaёй Белaрусі.
Сонцa ў крыжaх —
Быццaм сьлёзы ў вaчaх,
Быццaм стомлены жaх,
Быццaм стрaчaны шлях
Мaёй Белaрусі.
* * *
лісьце зьлятaе ўвосені
пaдaе як імжa
голaснa штосьці просіццa
голaс кaжa: «мяжa»
лісьце зьлятaе ў Горaдні
цокaе ды ляціць
я пaмірaю у Ўроцлaве
прaгнучы трошкі пaжыць
лісьце зьлятaе нaдоечы
болей нямa кaлі
пішу sms-ы стоячы
твaрaм дa ўсходу зямлі.
∎
Сяржук Каліноўскі
* * *
Калі цераз слова прыпынак,
Калі ты ня ведаеш сэнсу,
Нічога, нічога, наш дружа,
Галоўнае — мова у сэрцы!
∎
Юрась Нераток
НЕХТА ІДЗЕ
Нехта ідзе,
Толькі ў цішы грукочуць абцасы.
Гулкай хадзе
Канкурэнтаў абшар не дае.
Быццам кладзе
На жалезную лесьвіцу прасы.
Нехта ідзе —
Не сьпяшаецца і не злуе.
Нехта ідзе.
Час спыніўся, расьцёкся ў бясконцасьць.
У чарадзе
Смутных ценяў — ні цел, ні выяў.
Ён не зь людзей —
Ад яго не знайсьці абаронцаў.
Нехта ідзе
Ні па справах, ні дзеля забаў.
Нехта ідзе.
Ён ня мае ні страху, ні гневу.
Не ліхадзей,
І дабро — не яго іпастась.
Ён не ўпадзе
На зямлю і ня ўздымецца ў неба.
Нехта ідзе,
І ня будзе паўзьці і лятаць.
Нехта чужы
І да болю і жудасьці блізкі.
Быццам вужы,
Распаўзаюца думкі насьпех.
На рубяжы
Дзьвюх дылем мосьцік існасьці хісткі.
Лесам — крыжы:
Вечны могільнік альф і амэг.
Крокі бліжэй…
∎
Зьміцька Станіч
ТРЫ ЛІСТЫ ДА TANICZ
* * *
Ранак. Рана на тваім небе.
Кава на стале стыне.
Ложак пад табой ня стогне —
зь лёгкасьці тваёй і ўпартасьці.
Мова немаўляткі — рухі вейкамі,
вынаходка анёлаў
(а мо мятлікаў).
Прыкрываю вочы. Рана. Раніца.
Кава на стале стыне.
* * *
Немаркотнае, хай непяшчотнае,
я мяркую, нават дзівоснае.
Калі тлустае ды калі поснае —
усё жыцьцё.
Твае мары, мая каханая,
морам швэдзкім закалыханыя.
Я дзіўлюся, хінуся к выспачцы
Олянд, Божа мой, — да тваёй зямлі…
«Аб адным я мару — каб выспацца, —
шэпчаш мне, — на астатнія дні…»
* * *
Мы пражылі пяць месяцаў
у каханьні і спрэчках —
я перастаў піць,
ты закахалася ў Швэцыю.
Сьпесьціла маю мову
да аксамітнай ноты,
я стаю цяпер на мяжы —
зусім ужо край нямоты.
Не празьмернасьць,
а паўната —
супольнасьць адно галосных.
Буду цяпер стракатаць
конікам у балоце
і стракацець ракой,
каб толькі той tone — ня move…
Любая, растлумач
мне сэрца сваё на белмове.
∎
Норма Бэліні
СЬЛЁЗЫ ЗАДАВАЛЬНЕНЬНЯ
Мае сьлёзы ня пахнуць адчаем,
Не аплакваюць цяжкую долю.
Ў іх, напэўна, няма неспакою —
Толькі трошкі салодкага болю,
Толькі гукі самотнае песьні,
Што сьпяваю ў халодным пакоі.
Мае сьлёзы ня льюцца ракою,
Бы ў «шэдэўрах» бразыльскага «мыла».
Ў іх, здаецца, няма ані солі,
Ані горычы неспатольнай…
Ў іх пакутнае задавальненьне
І мажорнага суму ноткі.
Мае сьлёзы ня пахнуць нэўрозам,
А крыху патыхаюць хлёркай.
НЭАРЫТАРЫЧНАЕ
Не для таго нас нараджалі,
Каб сёрбаць піва на вакзале!
∎
Мікола Яўмененка
ДЗЬВЕ СЯСТРЫЧКІ
Сядзяць сястрычкі дзьве, бы тыя дзьве галубкі,
Варкуюць-размаўляюць ні аб чым.
Падмаляваныя прыгожыя іх губкі
Жадаюць цалаваціся ўначы
Ці са сваім законным мужам, яшчэ вартым,
А не — тады зь любоўнікам сваім
Ці проста з знаным хлопцам і ня надта ўпартым,
Абы ня значылась хлусьня за ім.
∎
Яня Шаўчэнка
СЬВЯТА КАХАНЬНЯ
Сонца і радасьць. Летняе раньне.
Ён і яна на дарозе. Спатканьне.
Наогул, банальная ў сьвеце падзея…
Позіркі. Сьмех. Грукат сэрцаў. Надзеі.
Сонца і радасьць. Шчасьце. Жаданьне.
Месяц і зоркі. Сьвята каханьня.
Вучаніца СШ №9,
Наваполацак