Перад ад’ездам у Вільню набыў «Звязду». На першай паласе — вялікая фатаграфія Лідзкага замку зь вершнікамі. У горадзе праходзіў рыцарскі фэст «Замак Гедыміна».

Сымптаматычна: «паўзём на каленях» у Расею, паралельна ўздымаючы на шчыт імя літоўскага князя і выдаючы «Энцыкляпэдыю ВКЛ». Гэта наш фатум — стаяць вякамі раскірачанымі паміж Літвой-Польшчай і Ўсходам?

У самой Літве дыскутуюць, ці не падзелена яна між двума сьветамі. У бэстсэлеры тамтэйшага Арлова — гісторыка і тэлевізійнага шоўмэна Бумблаўскаса «Гісторыя даўняе Літвы» паўстае пытаньне: які правільны шлях Літвы — на Захад ці на Ўсход, разам з праваслаўным сьветам? А мо трэ было заставацца паганцамі?

24 верасьня Літва адзначала Дзень балцкага адзінства. Адзначала Х Міжнародным фэстывалем агнявой скульптуры — насупраць Гедымінавай крэпасьці, у Горным парку, дзе стаяў колісь легендарны Крывы замак.

Агнявая фэерыя была грандыёзнай рэмінісцэнцыяй на паганскія матывы. Спачатку над Вяльлёй, пры Міндоўгавым мосьце, выклалі арнамэнтальныя фігуры розных бостваў, пасьля на суседнім востраве бліснулі першыя агні фаервэрку. Гэта загарэліся Яныс і Усыньш — латыскія міталягічныя пэрсанажы. Пакуль салома тлела, на Крывую гару наплываў люд. У адрозьненьне ад Ліды, Вільня абышлася бязь ятак з шашлыкамі і півам. І магу прысягнуць, сьвята здаволіла віленчукоў бязь піва.

…Сем фігур з дрэва і саломы ўспыхвалі пад даўнія літоўскія сьпевы і танцы. Воўк, Зубр, Валадар — сем міталягічных постацяў успыхваюлі і паміралі, згасаючы. Аздаблялі фэерыю два дудары, адзін зь якіх — Тодар Кашкурэвіч.

…Апошнім успыхнуў Ажыс, Казёл, — спачатку гарачы струмень пайшоў зь яго пашчы, затым бліснуў хвост, наліліся чырвоным вочы. Датляваў Зубр, і публіка, узрушаная, неахвотна пакідала сьвятыя «крывыя» пагоркі. Сьвята ў Вільні, у адрозьненьне ад большасьці беларускіх фэстаў, было культурнай падзеяй, творам мастацтва.

Гедымін казаў: кожны мае права верыць у сваю праўду, і хай ён яе пільнуецца, а мы будзем трымацца свайго. Так ён абмяжоўваў Літву ад настойлівых місіянэраў, што лезьлі з усіх бакоў.

Цяпер Вільня можа пахваліцца талеранцыяй: тут над каталіцкаю катэдраю разгортваецца паганская містэрыя, побач блішчаць купалы праваслаўных сьвятыняў, на Завальнай чуваць сьпеў з сынагогі. І гаварыць па-расейску або па-беларуску тут ня лічыцца ганебным, хоць дзяржаўная мова адна.

А між тым Літва мае сваю і дзяржаўную палітыку, і пэўную сьветаглядную арыентацыю, якую можна назваць ідэалёгіяй. У рамках гэтае ідэалёгіі магчымае шматгалосьсе — кожны будзе пачуты. Іншая рэч, ці яго меркаваньне будзе ўлічана.

У нас нікога ня слухаюць, але робяць выгляд, што ўлічваюць некаторыя меркаваньні. Так зрэдку ў краіне, гісторыя якой пачынаецца з 1944 г., дазваляюцца сярэднявечныя фэсты, пра якія нават пішуць газэты. Пішуць як пра сьвяты духоўнасьці, у сапраўднасьці — піва і шашлыка. Ці такога ўшанаваньня варты нашы продкі? Даруйце ўжо за гэткае банальна-патаснае запытаньне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0