Тысячы гадоў таму Муха і Вец зьліліся ў адно, злучыўшы на вякі Пружаны, Кобрын, Жабінку і Берасьце. Экспэдыцыя на роварах пяці выкладчыкаў Берасьцейскага тэхнічнага ўнівэрсытэту прайшла раку ад Пружанаў да Берасьця.

Закаханыя пад старой аптэкай

Мухавец пачынаецца на мяжы паміж Эўропай паўночнай і Эўропай усходняй. Гэтай мяжой можна лічыць водападзел Балтыкі і Чорнага мора. Вец выцякае з урочышча зь нябеснай назвай Буг, ля вёскі Ляжайка на Пружаншчыне. Урочышча Вялікае Дзікае — за пяць кілямэтраў ад вытокаў Вецу — жывіць вадой Ясельду, што ўпадае ў Прыпяць. Сёньня Вец і Муха — каналы.

Ля Малых Якавіч Муха і Вец збліжаюцца на далікатна інтрыгуючую адлегласьць, каб затым «абняцца» ў Пружанах ля былой старой аптэкі. Некалькі год назад над гэтым месцам і паставілі скульптуру юнака і дзяўчыны, што абдымаюцца.

Першым прыпынкам на нашым шляху былі па-эўрапейску дагледжаныя Пружаны.

Паводле адной з вэрсій, назва гораду паходзіць ад балцкіх прусаў, што ў свой час пасяліліся тут. Мясцовыя ж жыхары гавораць «Пружана», выводзячы назву ад слова «прудзіць».

Палацык і «разбуранае гняздо»

Галоўнай славутасьцю Пружанаў зьяўляецца «палацык», што ўражвае сваёй параднасьцю — адзіны на сёньня над Мухаўцам выпадак адноўленае старадаўняе сядзібы.

Сучасны выгляд «палацыку», у якім месьціцца краязнаўчы музэй, быў нададзены выпускніком Дэрпцкага ўнівэрсытэту, удзельнікам паўстаньня 1863 г. Валенціем Швыкоўскім. Пасьля паразы паўстаньня Швыкоўскі вымушаны быў эміграваць у Бэльгію, дзе працаваў садоўнікам, вярнуўся ды зноў працягваў працаваць дзеля дабрабыту Пружанаў.

Зрабіўшы невялікае кола, мы заехалі ў вёску Доўгае — радавое гняздо Крашэўскіх. Валенці Швыкоўскі і аўтар 600 тамоў твораў — даробак, варты кнігі рэкордаў Гінэса — Юзаф Крашэўскі былі шваграмі, жанатымі на родных сёстрах.

Невялікі дом Крашэўскіх у Доўгім колісь славіўся каштоўнымі навуковымі, мастацкімі і мэмарыяльнымі зборамі. Тут захоўвалася больш за тысячу лістоў Касьцюшкі, Юзафа Панятоўскага, Юльляна Нямцэвіча, у бібліятэцы — першыя выданьні твораў А.Міцкевіча, у зборах меліся слуцкія паясы, мініятуры на пэргамэнце XIV—XV ст., старадаўняя зброя. Усё гэта згарэла разам зь сядзібай у гады Першай сусьветнай.

Седзячы на руінах ацалелага падмурку дому, мы моўчкі глядзелі на раскіданыя навокал камяні. Здавалася, што гаворка ідзе не пра прыгожы куток Берасьцейшчыны, а пра нешта з вобласьці фантастыкі.

Крашэўскія, Дзяконскія

Увечары мы дабраліся да старадаўняй сядзібы ў Каштанаўцы, больш вядомай як Чахец. Там і разьбілі лягер у прыгожым парку. Да нашай гутаркі далучыўся кіраўнік Пружанскага раёну Аляксандар Юркевіч.

Размова ішла пра нашу гісторыю, захаваньне пазасталай багатай спадчыны. Сышліся на тым, што без карэннага зьмяненьня стаўленьня да гістарычнай спадчыны наўрад ці ў найбліжэйшы час можна зьмяніць сытуацыю. Слушныя пастановы прымаюцца, аднак мэханізм іх рэалізацыі недасканалы. Трэба мяняць заканадаўства, ствараць новую турысцкую інфраструктуру, арыентаваную на ўнутраны рынак. Бо ўсе старадаўнія сядзібы — і ня толькі яны — будуць неадкладна запатрабаваны.

Пахмурнай раніцай наступнага дня парк здаваўся яшчэ больш грандыёзным. Такой вышыні ствалы дрэваў нячаста пабачыш. Аснову парку складае лістоўніца польская, завезеная з Латвіі ў 1830-х. Сёньня дрэвы дасягнулі вышыні 40 мэтраў, маючы дыямэтар ствала 80—106 см. Па прадукцыйнасьці лісьця іх можна хіба параўнаць зь лістоўніцамі Сукачова знакамітага Ліндулаўскага гаю пад Пецярбургам. Нічога падобнага больш у Беларусі няма. Але побач з паркам — разбураны сядзібны дом з выразаным на ім мясцовым дасьціпнікам надпісам: «Рэстаран. Бармэн граф Дзяконскі». Капітальныя сутарэньні дому Дзяконскіх дагэтуль служаць сховішчам бульбы. Усё, што засталося ад велічнага калісьці дому.

Такая вось мэліярацыя

Чыгуначная магістраль Берасьце—Масква ў раёне Пружанаў робіць нелягічны «рэвэранс» у бок гораду. Гэта было зьвязана з наведваньнем найсьвятлейшымі асобамі Расейскай імпэрыі ў Белавескай пушчы. На станцыі Аранчыцы яны перасаджваліся зь цягніка ў карэты і па царскай дарозе празь Белы лясок ехалі ў рэзыдэнцыю ў Белавежы.

Мясьціны ўздоўж ракі ад чыгункі да Маскоўскай шашы раней лічыліся непраходнымі. І цяпер нашы ровары зарываюцца ў пясок, таму прыходзіцца часьцей перамяшчацца нагамі. Шырокае рукатворнае рэчышча каналу Мухавец побач, але ён увесь зарос травамі, і вада зьбіраецца ў ім толькі каля шлюзаў, ствараючы казачныя, пастаянна зьменлівыя карціны зь зялёнай раскі. Шырокая і доўгая даліна каналу праглядаецца да самага краю далёкага лесу, але нейкая ціша вісіць над усёй поймай.

Пчаляр з Аранчыц, гаспадар добра замаскаванага пчальніка на ўзьлесьсі, на пытаньне пра раку і жыўнасьць у ёй сумна адказаў: «Якая гэта рака, труба вадасьцёкавая!» Спрачацца ня будзем, без мэліярацыі не абысьціся — патрэбны пашы, сенакосы, палі, але ці патрэбна такая мэліярацыя? Дарэчы, першае мэліяраваньне земляў у басэйне Мухаўца яшчэ ў XVI ст. пачала згаданая ўжо каралева Бона Сфорца.

Хутар Вайсады

Доўгі час нам ніхто не сустракаецца. Спадарожнікі без сымпатый пазіраюць у мой бок — абедзенны час даўно выйшаў, — і я далёка адрываюся ад групы, каб ня чуць «камплімэнтаў» на свой адрас. Нарэшце з-за павароту вырастае хутар. Я імчуся да адзінокай постаці ў агародзе, якая, прыняўшы мяне праз баулы на багажніку ровара за карабейніка, крычыць і махае рукамі, што ёй нічога ня трэба. Але, даведаўшыся пра нашыя сапраўдныя мэты, спн.Лідзія аказваецца гасьціннай гаспадыняй. Яна тут жа паляціць, накрыўшы абрус у двары, гатаваць нам яечню. Аказваецца, мы знаходзімся на хутары Вайсады блізу першага значнага прытоку Мухаўца — Дахлаўкі.

Мы абедаем, слухаючы гаспадыню хутару. Раней тут было 18 хутароў, пасьля хрушчоўскага перасяленьня ў буйныя вёскі ацалела тры. Дапамаглі верталёты — ім быў патрэбен арыенцір для заходу на запасны аэрадром.

«Ракі даўно ўжо няма, нават камары сябе пачалі паводзіць па-іншаму. Раней вясной пагудуць тут і зьнікнуць. А цяпер менш зрабілася, але нейкія раззлаваныя і ўсё лета ля хутару таўкуцца. Няма куды адлятаць», — са скрухай кажа спн.Лідзія.

Дбайны лясьнік

Бамаўскае возера ўзьнікла падчас будаўніцтва аўтамагістралі — спатрэбіўся пясок. Гэтае месца адпачынку і рыбалкі — удалы рэгулятар вады і ў самім Мухаўцы. Яно назапашвае яе, калі вады навокал шмат, і паступова аддае, калі адчуваецца дэфіцыт вільгаці. Кароткі ўчастак ад прытоку Дахлаўкі да возера — адзіны некрануты на ўсім працягу Мухаўца.

Каралеўскі канал зьяўляецца старой закінутай часткай воднага шляху з Дняпра да Бугу, пабудаванага ў 1848 г. На ім дагэтуль часткова захаваліся берагавыя палосы — бакавыя ўмацаваньні берагоў.

Мы яшчэ зь вечара пабачылі чысьціню вакол возера, але былі прыемна зьдзіўлены, калі раніцай да нас пад’ехаў мясцовы лясьнік і ветліва папрасіў пакінуць пасьля сябе парадак. Мы падзякавалі яму за такі напамін і назіралі яшчэ нейкі час, як ён з рыдлёўкай не сьпяшаючыся абышоў возера, пагутарыў з кожным рыбаком і спакойна паехаў па сваіх лясных справах.

У гонар каралевы Боны

Некалі ў Кобрыне ў месцы ўпадзеньня Кобрынкі ў Мухавец існаваў княскі замак. Каля 1497 г. апошні кобрынскі князь Іван Сямёнавіч пабудаваў Спаскі манастыр. З таго часу захаваўся адзін будынак. Мы на некаторы час затрымліваемся ля драўлянай Сьвята-Мікалаеўскай царквы й мураванага Аляксандра-Неўскага сабору, якія, як брама, адкрываюць агляд на абодва бакі зусім іншага Мухаўца — паўнаводнага і шырокага. Адсюль ён суднаходны. Побач у яго ўпадае канал Бона, названы ў гонар легендарнай беларускай каралевы.

Дняпроўска-Бускі канал, куды ўваходзіць рака Мухавец ад Кобрына да Берасьця, — складаная гідратэхнічная сыстэма. Ад шлюза №12 на Прыпяці і да Берасьця — 146 кілямэтраў з гідравузламі, напорнымі дамбамі, каналамі, якія жывяць вадой, і іншымі збудаваньнямі. Значнай часткай вады канал і разам зь ім Мухавец папаўняецца празь Белаазёрскі канал, што жывіцца верхняй Прыпяцьцю праз Валяўскае і Белае азёры. Белае возера — адзіны выпадак у Беларусі, калі дзяржаўная мяжа паміж Беларусьсю і Ўкраінай ідзе празь сярэдзіну возера. Выходзіць, сваю частку вады і забіраем.

Рака жыцьця

Ад Кобрына да Навасадаў Мухавец трымаецца справа ад аўтастрады на Берасьце. На гэтым участку няма ніводнага моста цераз раку ці паромных перапраў — яны перашкаджаюць суднаходзтву.

У вёсцы Чаравачыцы нам сустрэлася баба Вера, што басанож жвава ішла да ракі. Мы селі ў лодку, і кабета весела ўзялася за вясло: «Летась старшыня калгасу выдаваў дачку замуж. Царква на другім баку ў Чаравачыцах, таму нявесту перапраўлялі лодкай цераз Мухавец. На зваротнай дарозе яна па рацэ раскідвала кветкі — усё фатаграфавалі. Такія прыгожыя фатаграфіі выйшлі». Навакольную прыгажосьць — іх штодзённае жыцьцё — мясцовыя жыхары заўважаюць толькі на фатаздымках.

Перад сваім упадзеньнем у Буг Мухавец робіць фінт і раздвойваецца на два рукавы — правы і левы. Берасьце ўзьнікла тысячу год назад менавіта на мысе ля яе левага рукава. Можа, у сямейныя справы Мухі і Вецу ўмяшалася маленькая і зусім забытая берасьцейская рачулка Угрынка, і, пасварыўшыся, Муха і Вец разышліся, саступіўшы прыгожае месца для старажытнага гораду.

Калі да Берасьця заставалася зусім драбяза, у падарожжа ўмяшалася навальніца, што хутка ішла нам насустрач. Падмочаны дажджом фініш ніяк не паўплываў на наш настрой. Празь нейкі час мы зноў накіруемся на роварах да чарговай берасьцейскай ракі.

Пружаны—Доўгае—Кобрын—Берасьце

Першая згадка пра Кобрын адносіцца да 1287 г. Назву атрымаў ад прытоку Мухаўца Кобрынкі. З 1404 да 1519 г. быў цэнтрам Кобрынскага княства, што ўзьнікла ў выніку падзелу ўладаньняў князя Фёдара Ратненскага — сына вялікага князя літоўскага Альгерда. У 1589 г. яму было нададзена Магдэбурскае права і герб — шчыт з выявай Божай маці і сьвятой Ганны.

Мухавец — правы прыток Бугу. Даўжыня — 123 км. Утвараецца ад зьліцьця каналізаваных рэчак Муха і Вец пад Пружанамі. Рака называецца каналам Мухавец. У яе ўпадаюць рачулкі Дахлаўка, Жабінка, Трасьцяніца, Асіпоўка і Рыта, канал Дняпроўска-Бускі. Суднаходная ад Кобрыну да Берасьцейскага порту.

Раней тут было 18 хутароў, пасьля хрушчоўскага перасяленьня ў буйныя вёскі ацалела тры. Дапамаглі верталёты — ім быў патрэбен арыенцір для заходу на запасны аэрадром.

Першыя згадкі пра Пружаны адносяцца да 1433 г. Да 1519 г. яны належалі Кобрынскаму княству, затым каралеве Боне Сфорцы і яе дачцэ Ганьне. Яна дала гораду Магдэбурскае права, пячатку і герб (1588).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0