«Народная воля» зьмясьціла рэкляму «Нямецкай хвалі», а тады яшчэ й гутарку з начальніцай расейскай службы станцыі. Вы думаеце, чытачы гнанага выданьня пачулі прабачэньне за раскол, да якога прывяло неабдуманае рашэньне «Нямецкай хвалі»?

Не, спн.Рабіц заявіла: «Пачатак спрэчцы пра мову паклала і ўсё больш нагнятае сытуацыю невялічкая група апазыцыянэраў». Заўважце словы: група, апазыцыянэры. Якое культуртрэгерскае стаўленьне да патэнцыйнае аўдыторыі! «Гэта мяне дзівіць, — працягвае К.Рабіц. — Мяне больш пацешылі б дыскусіі пра зьмест беларускай праграмы».

О так, зьмест «беларускае праграмы» будзе залаты. 138 тысяч эўра на год, ці то 177 эўра на кожную хвіліну вяшчаньня! Каб вы зразумелі: калі гэтую маю рэпліку зачытаць у этэры, гэта зойме больш за дзьве хвіліны. Бац — і 354 эўра ў кішэні. Геніяльна! Ну а беларускую мову асвоіць — то ж то праца.

Параўнайце бюджэт праграмкі пані Рабіц зь бюджэтам усяе падпольнае прэсы ў Беларусі разам узятае. Адчулі розьніцу? Можа, спадарыня гатовая дыскутаваць ня толькі пра зьмест, але і пра эфэкт?

Калі я чытаю такіх Рабіц, у мяне ствараецца ўражаньне, што пэўныя людзі робяць усё, абы толькі не зрабіць для Беларусі нічога. Прынамсі, гульні па аббяганьні праціўніка за кілямэтар ня маюць да барацьбы беларусаў за свабоду ніякага дачыненьня.

У Рэдакцыю працягваюць паступаць сотні подпісаў за беларускую мову «Нямецкай хвалі». Людзям гэта важна!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0