Новае пакаленьне беларускага фольк-мадэрну.

Пра гурт «Яр» шырокі слухач даведаўся сёлета. Аднак аўтарка песень Марыйка «Яр» Лагодзіч у фольк-музыцы дзесяць год — палову жыцьця. Яна пасьпявала ў трох калектывах і нават выступіла з маэстра Фінбергам.

«Яр» не баіцца выходзіць за межы прыдуманага колісь лідэрам «Палацу» Алегам Хаменкам фольк-мадэрну. «Яр» не выкарыстоўвае экзатычных інструмэнтаў ды не схіляецца ў бок фольк-року. Сьпеў, флейта, віялянчэль, танцы, стукі, грукі — вось і ўвесь пералік «інструмэнтаў».

У верасьні дуэт даў шэсьць сольнікаў у Нямеччыне і ўзяў удзел у двух фэстывалях. Спачатку быў чатырохдзённы Singetraffen, на які зьбіраюцца музыкі з усяе Эўропы. «Немцаў вабяць беларускія сьпевы тым, што яны не падобныя да вядомых ім народных песень. Не сустракала яшчэ немца, які б ня ўмеў сьпяваць, — усе маюць музычную адукацыю, закладзеную ў маленстве», — падкрэсьлівае Маша. Немцы хутка падхопліваюць песьні, хоць ім цяжка навучыцца беларускай манеры выкананьня. Маша развучыла з замежнікамі «Ой, рана на Йвана», «Ой, борам», а супэргітом стала «Купалінка»: «Я ўжо не магла сьпяваць гэтую песьню, а яны ўсё прасілі яе выканаць».

На другі фэстываль — Burg Waldeck, фэстываль з 30-гадовай гісторыяй — дзяўчаты вырашылі дабрацца з Singetraffen пешкі. «Праз горы — сем гадзін. Нас, цяплічных расьлінак, гэта добра загартавала». Асаблівых патрабаваньняў да канкурсантаў на фэсьце, што доўжыцца два дні, няма. Хіба толькі творы выконваюцца ў камэрнай абстаноўцы. Выступ «Яру» выклікаў шмат спрэчак, паколькі на фэсьце збольшага былі прадстаўлены клясычныя нямецкія «піўныя» ансамблі — кантрабас, гітара і скрыпка. Журы вырашыла адзначыць беларускую групу спэцпрызам — «За непадобнасьць да іншых».

Музычнае жыцьцё Марылі пачалося ў 1996 г., калі навучэнцы Берасьцейскага музычнага каледжу стварылі фольк-групу «Кола». Потым Маня ўвайшла ў склад гурту «Юр’я». Тры гады таму яна і яшчэ адна вакалістка «Юр’я» Натальля Пятровіч вырашылі заснаваць сваю групу. Летась яны пайшлі на экспэрымэнт і зрабілі некалькі песень супольна з сынці-поп-праектам Logika metro. У выніку іх песьні трапілі ў інтэрнэт-, радыё- і тэлератацыі. Цяпер іх «Салдацкая» бярэ ўдзел адразу ў некалькіх гіт-парадах — на БТ у «Скрыжаваньнях Эўропы», на «Music.fromby.net» і радыё «Менск». Даспадобы Машы прыйшоўся і яшчэ адзін экспэрымэнт — выступ «Яру» з аркестрам Фінберга на фэстывалі «Маладэчна».

Маша наступным чынам характыразуе сучасны стан беларускага «фольк-мадэрну»: «Гурты жывуць за кошт старога рэпэртуару, таму ствараецца ўражаньне, што ўсе народныя песьні ўжо перапетыя. Але ж гэта невычэрпная крыніца». Выконвае Маша й свае песьні. «Самы галоўны крытэр для мяне — выступ мусіць выклікаць дрыжыкі. Калі музыка не выклікае такіх эмоцый, яна пустая. Мы стараемся ўзрушыць нашых слухачоў», — крэда дуэту «Яр».

«Вясна-красна»

«Jar», «БМА Group», 2005

Альбом запісаны ў мінімалісцкім стылі — вакал і віялянчэль. Але як калярытна!

«Яр» — самая цікавая зьява на беларускай этнасцэне апошніх год. Яны прапаноўваюць іншы погляд на фольк-спадчыну. Часам — правакацыйны. Калі б Джэніс Джоплін выконвала беларускія народныя, гучала б гэта прыкладна як трэк №11 альбому «Вясна-красна». Усе творы дуэту збудаваны на эмоцыях, вакалістка цалкам уваходзіць у песьню, як увасабляецца ў сваю ролю добры актор. Яна крычыць і шэпча, заклінае і заклікае, варожыць і калыша. У купальскай песьні яе голас набірае звышшалёныя абароты. У «Па пясочку», наадварот, супакойваецца. Альбом ірваны па настроі, тым і цікавы. Як на арэлях.

СБ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0