Знакі прыпынку

* * *

Прабыў тыдзень у Македоніі, на кангрэсе Міжнароднага ПЭН-клюбу ў Охрыдзе… Ці ня кожны другі македонец казаў мне: «Нас з Расеяй дзьвесьце мільёнаў». Тое самае я чуў і ад сэрбаў, толькі тыя ўжо бралі круцей, налічвалі трыста мільёнаў… З гэтага можна было б зрабіць выснову пра ролю Расеі ў славянскім сьвеце, каб за год, пражыты ў Польшчы, я пачуў нешта такое хоць ад аднаго паляка.

* * *

Сэрбы мараць пра Вялікую Сэрбію, альбанцы — пра Вялікую Альбанію, македонцы — пра Вялікую Македонію, аж да Плоўдзіва. Баўгарам, якія двойчы ў мінулым стагодзьдзі займалі Македонію як сваю этнічную тэрыторыю, гэта, канечне, прыемна.

* * *

П’ю каву з баўгарынам Георгіем Канстантынавым, падымаюся з-за стала, адразу падыходзіць македонскі паэт: «Як ты можаш зь ім каву піць, калі баўгары ў апошнюю вайну прыйшлі ў Македонію з фашыстамі!..»

А Георгі па бацьку — македонец.

* * *

Ужо іншы македонскі літаратар, празаік, даводзіць мне, што і Аляксандар Македонскі — іх нацыянальны ваяр, і Кірыла зь Мятодам — македонцы, якія прыдумалі кірыліцу — македонскую азбуку.

Спажываем масьціку, выпілі ўжо грамаў па дзьвесьце, таму адказваю, што яно не зусім так. Македонскага, кажу, можаце забіраць сабе, ён нам без патрэбы… А што да першай славянскай азбукі, дык створаная яна была Кірылам і Мятодам не ў Македоніі і нават не ў Баўгарыі, а ў Канстантынопалі па загадзе тамчаснага цара дзеля аб’яднаньня дзікуноў. І называлася не кірыліцай, а глаголіцай, на якой ніводны сёньняшні македонец ні бэ ні мэ. А кірыліцу стварылі ўжо вучні Кірылы і Мятода, пяцёра зь якіх купіў на рынку рабоў вэнэцыянскі купец і, ня ведаючы, што далей зь імі, такімі разумнымі, рабіць — адпусьціў на волю. Яны і рушылі на Балканы…

— Куды канкрэтна? — пытаецца захмялелы празаік, і я адказваю, што спачатку ў Баўгарыю, да цара Барыса…

— Тады пі адзін! — падсумоўвае мой лікбез македонец і адсоўвае ад сябе кілішак.

* * *

На выхадзе з гэтэлю «Мэтраполь» размаўляю з рухавым хлопцам. Ён пра што заўгодна — весела і бойка, а пра палітыку — мнецца, ніяк. Пытаюся: «Ты, можа, не македонец?» — і чую ў адказ:

— Я таксіст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0