Тацяна Барысік
ВАЙНА ПАД СТРЭХАМІ
Мы, беларусы, — мірныя людзі…
Усе мы героі, усе мы салдаты.
У нас партызанская кожная хата.
Змагаемся так — ажно шыба трасецца,
Ніхто не адступіць, ніхто не здаецца!
— Прызнайся нарэшце, старая халера,
Каму, як памрэш, дастанецца кватэра?
Ваюе Мікола з унукамі, дзецьмі
За права сьвятое спакойна памерці.
Нашчадкаў фашысцкімі катамі лае
І радыё ноччу напоўна ўключае!
Ня згасьне ваярскі запал у Алёны,
Алёна паўсюль дасылае праклёны.
Нядзелькаю божай Савончык Марыля,
Як ворага злога, ката задавіла —
Каб зналі на вуліцы ўсе тарбахваты,
Што коцік пярэсты ня краў кураняты!
Маленькі Валодзя, сыночак Гаўрылаў,
У клясе вучыўся з вайсковым ухілам.
Унадзіўся хлопчык хадзіць на чыгунку,
Ня раз забіралі яго з пастарунку.
На рэйкі жалезкі цішком ускладае —
Цягнік пад адхон, а Валодзька ўцякае!
Зрабіўся дзіцёнак нібы тэрарыстам —
Ня хоча быць лекарам ці трактарыстам.
Дзяржаве на радасьць, бацькам на бяду
Гаворыць адно: «Ў партызаны пайду!»
У доме дванаццаць, другой палавіне,
Жыве ўсё жыцьцё Панасюк Валянціна.
Крый божа, ня даць Панасюканальгіну,
Ці то не падвезьці яенага сына!
Адмовіш — у сьпіну адразу пачуеш:
— Глядзі, галубок мой, яшчэ пашкадуеш.
Пагрозу бабуля, хутчэй за ўсё, спраўдзіць,
Хаціну тваю разам з пуняю спаліць.
Ў сантэхніка Грышкі пасьля самагонкі —
Ружжо, востры нож і пагоня за жонкай.
Няхай пакалоціцца, хай патрывае,
Раз, гадаўка, грошы мае забірае!
Я звыклася змалку, ужо не дзіўлюся
Ваеннай сучаснасьці ў Беларусі.
Штодня забіваюць, пужаюць, нявечаць.
Пад кожнай страхою, у кожным мястэчку.
∎
Віктар Цой
Пераклаў з расейскае Сяргей Балахонаў
ПАЧАК ЦЫГАРЭТ
Я сяджу і гляджу ў чужое небаз чужога акна
І ніводнае зоркі не магу пазнаць.
Я блукаў па бездарожжы ад відна да відна,
Азірнуўся і пабачыў, што сьледу няма.
Але пакуль я маю пачак цыгарэт,
Не зусім усё так кепска на сёньняшні дзень.
І квіток на самалёт са срэбным крылом,
Што ляціць і пакідае зямлі толькі цень.
І ніхто не хацеў быць вінаватым безь віна,
І ніхто не жадаў рукамі жар заграбаць.
А бяз музыкі на людзях сьмерць як сястра,
А бяз музыкі ня хочацца прападаць.
Але пакуль я маю пачак цыгарэт,
Не зусім усё так кепска на сёньняшні дзень.
І квіток на самалёт са срэбным крылом,
Што ляціць і пакідае зямлі толькі цень.
ГРУПА КРЫВІ
Цёплае месца, ды вуліцам мець
Трэба водціскі нашых ног.
Зоркавы пыл боты нясуць.
Добра ў фатэлі. Коўдра. Камін.
Шчэ націснуць цынгель не пасьпеў.
Сонечны дзень перасычаных сноў.
Рэзус фактар, група крыві,
Мой парадкавы нумар на рукаве.
Пажадай, каб фартунным быў бой.
Пажадай мне не застацца ў гэтай траве,
Не застацца на мураве.
Пажадай мне фартуны.
Ёсьць чым плаціць. Ахвоты няма
Да ўзмогі за кожны кошт.
Прагі няма хоць камусьці на грудзі ставаць.
Я хацеў бы застацца з табой,
Проста застацца з табой,
Ды высокая зорка наноў
Заве ваяваць.
Рэзус фактар, група крыві,
Мой парадкавы нумар на рукаве.
Пажадай, каб фартунным быў бой.
Пажадай мне не застацца ў гэтай траве,
Не застацца на мураве.
Пажадай мне фартуны.
СОНЦА-ЗАРА
Белы сьнег. Шэры лёд.
Люты боль з ран зямлі імкне.
Шматкалёрнаю коўдрай на ёй
Места ў дарожным вязьме.
А над местам тым аблокі плывуць,
Захінаюць нябесны сноп.
А над местам тым жоўты дым.
Месту аж дзьве тысячы год,
Выжытых у промнях зары,
Імя якой Сонца.
І дзьве тысячы год вайна,
Вайна без адметных прычын.
Вайна — бава маладых
І лекі супраць маршчын.
Чырвань — чырвоная кроў.
Праз гадзіну проста зямля.
Празь дзьве на ёй кветкі ў траве,
А праз тры яна зноўку жыве
У праменьні гарачай зары,
Імя якой Сонца.
І вядома, што было так заўжды:
Хто ня помніць ні чыноў, ні імён,
Той гатовы дацягнуцца да зор,
Калі нават навокал сон,
І прапасьці, згарэўшы ў зары,
Імя якой Сонца.
ЗЯЗЮЛЯ*
Песьняў, дагэтуль няствораных, колькі?
Парай, зязюля, як сьлед:
Месьцічам мне быць ці жыць на хутары,
Крыцай ляжаць ці азараць сусьвет?
Сусьвет.
Сонца маё, вачэй не хавай,
Зірні, я сьціснуў далонь у кулак,
І, даўшы мне порах, рады дай,
Што й як…
Хто памкне дарогаю самотнікаў?
Волаты адважныя
На нажы ўскіпелі ў полі ў баях.
Мала хто, унікнуўшы бяспамяцтва,
З розумам ясным здольны цярэбіць Шлях.
Той шлях.
Сонца маё, вачэй не хавай,
Зірні, я сьціснуў далонь у кулак,
І, даўшы мне порах, рады дай,
Што й як…
А дзе ж ты цяпер, воля вольная?
У якіх краях золак залаты вітаеш і з кім?
Хораша з табой ды кепска безь цябе,
Голаў свой ды плечы шматпакутныя пад кій,
Пад кій.
Сонца маё — вачэй не хавай,
Зірні, я сьціснуў далонь у кулак,
І, даўшы мне порах, рады дай,
Што й як…
‾
* Гэты пераклад ахвярую Сяргею Скрабцу.
∎
Юрась Нераток
КАСТРЫЧНІЦКАЯ МРОЯ
Дрэвы апрануць кідкія касьцюмы,
Як на баль «Для тых, каму болей за…»,
Восень падаб’е і акругліць сумы,
А пасьля ў разьлік выдасьць гарбуза.
Скрыюць копы хмар прамяні ў далоні,
Ціша захіне векам ад труны,
Вецер-самахвал сыпне сьнег на скроні,
У паўсьне замруць думкі-валуны.
Але гахне гром — спыніцца плянэта!
Адляціць увысь рэха ад грымот,
І празь нейкі час зноў надыдзе лета,
Сонца пабяжыць з захаду на ўсход!
Віхрам улячу ў велічную эру
І пачну з нуля, зь першага глытка…
Зьнішчу ў сьвеце тым чыстую паперу,
Каб не напісаць лішняга радка.
А сьвятло і змрок скончаць кампрамісам
(Гэтага ніхто колісь не міне!) —
Фінішны радок з прочыркам-дэфісам
Змогуць напісаць, пэўна, безь мяне.
∎
Норма Бэліні
ВОМРАК
Марныя мары,
Змрочныя мроі,
Цені у ббры,
Смутак сутоньня.
Музыка грае
Надта журботна —
Клявішаў зграя,
Цёмныя вокны…
Марныя мары,
Змрочныя мроі.
Смутна ў бары…
Ты не са мною.
ЛІПЕНЬ
У ліпені лета ў зэніце,
У ліпені сонца пячэ.
У ліпені мухі ліпнуць
(І нешта такое яшчэ).
У ліпені лісьце жоўкне
І долу ляціць спакваля.
І млява зьвісаюць аблокі —
Здаецца, заснула зямля.
У ліпені вельмі ляніва
Ўсялякія справы рабіць.
У ліпені ці не найлепей
Піць піва і бінды біць.
У ліпені можна адзначыць
Угодкі Грунвальдзкіх падзей,
А потым, што важна зазначыць,
Сустрэць Незалежнасьці дзень…
Я крочу па ліпеньскіх вулках —
Духмяныя ліпы цьвітуць —
І ад невыразнага смутку
Пішу гэту ўсю каламуць.
ПАСТУЛЯТ ПІЎНОГА АЛЬКАГОЛІКА
Жлукціць піва ў адзіноце ганарлівай —
Не такая ўжо благая пэрспэктыва.
Горш, калі сябры табе у шклянку
Наліваюць адно толькі мінэралку!
∎