У чацьвер у Гарвардзкім унівэрсытэце ўручана прэмія «Ig Nobel» («Шнобэлеўская» прэмія) за 2005 год, якая прысуджаецца за сьмешныя і непатрэбныя адкрыцьці.

Прэмію ў галіне хіміі атрымалі супрацоўнікі ўнівэрсытэту Мінэсоты Эдвард Касьлер і Браян Гетэльфінгер, якія высьветлілі, што людзі ў сыропе плаваюць гэтак жа хутка, як і ў вадзе.

Бэна Мэер-Рохаў (унівэрсытэт Оўлю, Фінляндыя) і Ёзэф Галь з унівэрсытэту Лёранда (Вугоршчына) атрымалі прэмію за тэарэтычны аналіз працэсу спаражненьня пінгвінаў. У ходзе досьледаў яны высьветлілі, што экскрэмэнты далятаюць да 40 см. Пры гэтым яны вывучылі ціск, неабходны для спаражненьня: ён аказаўся ад 10 да 60 кілапаскаляў (0,1—0,6 атмасфэры), што больш, чым у людзей.

Прэмію па літаратуры атрымалі спамэры зь Нігерыі, якія маляўніча прасілі дапамогі ў пошуку скарбаў, што нібыта належаць ім.

Гаўры Нанда з Масачусэцкага тэхналягічнага інстытуту атрымала «Шнобэля» ў галіне эканомікі. Вынаходніца прыдумала будзільнік «Clocky», які хаваецца ад уладальніка, перасоўваючыся на колцах. Тэарэтычна, гэта мае эканоміць працоўны час, бо ў пошуках будзільніка людзі павінны канчаткова прачынацца.

Прэмію па фізыцы прысудзілі за досьледы зь бітумам, якія праводзіў Томас Парнэл з унівэрсытэту Кўінзлэнду ў 1972 г., а цяпер працягвае яго калега Джон Мэйнстоўн. Дасьледчыкі лічаць, што насамрэч астылы бітум — вадкі, хоць і знаходзіцца ў цьвёрдым стане. Для доказу Парнэл зьмясьціў астылы бітум у варонку. Першая кропля ўпала праз восем год, другая — яшчэ празь дзевяць. Мэйнстоўн дачакаўся восьмай кроплі ў 2000 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0