Валер Булгакаў пра выбары і Расею.

Юры Дракахруст гутарыць з рэдактарам часопісу «ARCHE» Валерам Булгакавым — з праграмы «Праскі акцэнт» радыё «Свабода».

— Ці такую ўжо важную ролю адыгрывае Расея ў выбарчай кампаніі наступнага году? Ці правільнай Вам падаецца думка, што пераможа толькі той, каго падтрымае Расея?

—Уплыў Расеі на вынік выбараў будзе, безумоўна, істотны. Узяць хаця б інфармацыйны фактар. Не сакрэт, што бальшыня беларусаў спажывае расейскія інфармацыйныя прадукты, якія цяпер, калі Расея спаўзае ў аўтарытарызм, прапаноўваюць крыху перакрыўленую карціну сьвету. Я б досыць радыкальна фармуляваў сваю тэзу: ня можа быць пасьпяховай агітацыйная кампанія адзінага дэмакратычнага кандыдата, калі ладная частка беларускага электарату дагэтуль жыве ў расейскім інфармацыйным сьвеце. Нават пасіўнасьць Расеі будзе азначаць, што пуцінскі рэжым пра’цуе на падтрыманьне status quo. На апошняй жа стадыі супраць адзінага дэмакратычнага кандыдата, як летась супраць Юшчанкі, расейскія СМІ могуць разьвязаць брудную прапагандысцкую вайну.

— Валерка, Вы ўжо разважаеце пра тое, што будзе, калі Мілінкевіч стане прэзыдэнтам. Але ёсьць меркаваньне, што беларускія палітыкі, якія ўспрымаюць Расею толькі як факт, а не спрабуюць весьці там нейкую гульню, ня маюць шанцаў ні на што. Вы ня згодны з гэтым?

— Катэгарычна нязгодны. У Расеі паглыбляецца аўтарытарызм, яна канфрантуе з заходняй дэмакратычнай супольнасьцю. Гэта ня прыклад для перайманьня. Уся лёгіка палітычных рухаў найбліжэйшых нам краінаў — Балтыі, Украіны і нават Польшчы — паказвае, што ўваход у дэмакратычную прастору будзе адштурхоўваньнем ад Расеі, што спрацоўвае прымітыўная палітычная фізыка. Усе гэтыя хаўрусы, дамоўленасьці з боку арыентаваных на Захад беларускіх палітыкаў з Расеяй, яны абодвума бакамі ўспрымаюцца як часовы кампраміс. Расея ніколі ўсур’ёз ня будзе рабіць стаўку на сапраўднага дэмакратычнага, нацыянальнага палітыка. Трэба не заігрываць, а нарошчваць свой палітычны, інфармацыйны і культурны капітал, які зможа некалі выйсьці на парытэт сілаў і магчымасьцяў.

Гэта звычайная квазілібэральная песенька, што нацыяналісты ўзбуджаюць найбольшую нянавісьць сярод паспалітых беларусаў. Такія цьверджаньні лёгка спраставаць на матэрыяле сацыялягічных дасьледаваньняў. Нядаўна мы зрабілі аналітычную працу «Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму». Я як рэдактар не безь зьдзіўленьня высьветліў, што найбольшы рэйтынг сярод апазыцыйных дэмакратычных палітыкаў за ўвесь пэрыяд незалежнасьці меў той самы злашчасны Зянон Пазьняк, рэйтынг якога паводле дасьледаваньняў Вардамацкага і НІСЭПД у 1995—1996 гадох сягаў 15—16%.

Я схільны прытрымлівацца думкі, што дэмакратычна арыентаваным прадстаўнікам беларускай інтэлігенцыі трэба скідаць гэтыя фігавыя павязкі, хопіць прыкідвацца русафіламі і няяснымі дэмакратамі. У Прыбалтыцы, Польшчы і ва Ўкраіне «маторам» дэмакратызацыі была нацыянальная культура, клопат пра яе, а таксама заснаваны на культурных траўмах палітычны папулізм. Гэты шлях ужо апрабаваны.

Мы маем сутыкненьне двух сьветапоглядаў: сьветапогляду празаходняга нацыянальнага і сьветапогляду напаўкаляніяльнага, які генэтычна ўзыходзіць да заходнерусізму. Кожная саступка гэтаму другому сьветапогляду непазьбежна гуляе ў пэрспэктыве супраць нас.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0