Наступная раніца па Кангрэсе дэмсіл. Я ў лякарні.

У знаёмых доктарак знаходжу тую інтэлігентнасьць, якая робіць жыцьцё жыцьцём. Людзкая карэктнасьць

і ўзаемапавага — жудасна рэдкая зьява. Яшчэ і на адной мове!

Пашанцавала з загадчыцай аддзяленьня. Вытанчаная жанчына, туфелькі з высокімі абцасікамі. Цок-цок. Пабегла. Зашчабятала. Па-беларуску.

— Ха-ха, дзяўчаты!..

Няўрымсьлівая, сур’ёзная, вясёлая. Ну дзе вы бачылі

ў суворай беларускай больніцы такі тып? Прыгожая жанчына ў халодных сьценах — хіба ня сонца сярод лёду нашага жыцьця? А гаворыць як, заслухаесься:

з такім мяккім «сьсь»…

Загадчыца нешта піша.

— І што ж вы мне пішаце?

— Працэдуры вашы, — пайшла ўжо другая старонка шэрай паперы расейска-лацінскаю «трасянкаю», даведзенай да аўтаматызму.

— Добра было б гэта ўсё кампутарызаваць, а то пераводзіцца драўніна дарма! Хто ж тое чытаць будзе? — выказваю я дужа «арыгінальную» ідэю…

— Мяне тады ўжо ня будзе, як кампутарызуюць, — падымае слухаўку, глядзіць у нікуды. — Алё! Не, вядома, — вешае трубку, паварочваецца да мяне. — Клічуць на выстаўку. Нашто мне яна! Каб зь яе ўзяла чаго для свайго аддзяленьня, а то… Мая дачка канчае мэдынстытут, і што? За 150 тысяч яна пражыве? Чаму яна сама са сваёй адукацыяй ня мае магчымасьці зарабіць?..

Што я магу сказаць? Не люблю гаварыць пра Палітыка, але тут, як ні круці, усё спаўзае да Ягамосьці.

— Вы ўчора глядзелі вечарам па тэлевізары? — так многа хочацца сказаць, падзяліцца з суразмоўцам, які цябе разумее.

— Я ня маю тэлевізара, — адказваю. А што? — ніхто не паясьняе, дзе і што адбывалася, усе разумеюць, аб чым гаворка.

— Якую брыдоту паказваюць! Я не апазыцыянэрка, але ж што яны паказваюць? Нетрадыцыйнай арыентацыі сьпявалі «Блакітны вагон»… Хіба не зразумела?..

— Гэта нам з вамі ясна. А тым, хто глядзіць БТ, — не. Яны вераць, што ураган у ЗША — гэта насланьнё за Ірак...

На першым паверсе чакаю аўдыенцыі. Саджуся на лавачку, перада мною заходзіць дзяўчына, наступны я.

Нейкая бабка ўсаджваецца побач, дэманстрацыйна павярнуўшыся сьпінаю да мяне і прыставіўшы ногі да дзьвярэй. Чытаю ў яе паставе: «Пайду я, хоць задушыся!» Перапытваю: «Вы займалі, прабач?..»

«Це» не пасьпяваю вымавіць — «Я зьдзесь вабшчэ с утра хаджу!».

Дзьверы расчыняюцца: «Новак!»

— Добры дзень!

— Калі ласка! Рая, афармляй накіраваньне!

— А чаго тая кабета гэтак раўла?

— Вы яшчэ дзівіцеся! — чытае ў картцы хворай: «Прыбіральшчыца». — Чаго ж вы спадзяваліся?

Мы вось дзеля такіх працуем і жывём.

Па лякарні бягу ў амбасаду адной з краін ЭЗ. У чарзе заходзіць некалькі размоў. Сёй-той гамоніць пра КДС і «адзінага», ад якога — увага! — чакаюць: 1) вэнджанае заміж варанае каўбасы на стале, 2) магчымасьці адукаваць дзяцей і 3) пабудаваць уласны дом.

— Як чарга ідзе? — падышла жанчына гадоў сарака-пя-цідзесяці. — Ня ведаеце, ці доўга?

— Страхоўку аформілі?! — падбягае страхаўшчыца.

— Мне на два-тры дні. Толькі пракантралюю і назад.

— І што ж маеце кантраляваць? — ня ўстрымліваюся ад цікаўнасьці.

— Пагляджу, як дачка вучыцца. У ЭГУ ў Вільню.

На дызайнэра.

Далей кароткая споведзь: ВНУ закрылі, нашто? Хіба краіне не патрэбная талковая моладзь? Ці ж лепш, каб яны за граніцай «асядалі»?..

Асядуць. Бо тут затаўкуць, замятуць. Паралельна гадуецца іншая зьмена — верная ідэалам…

— Што, надта разумны? А ў рэпу?!

Інтэлігенцыя прагне інтэлігентнага да сябе стаўленьня — і ад прыбіральшчыцы, і ад міліцыянта. Яна прагне адукацыі для сваіх дзяцей, добрае працы і стабільнасьці для іх, калі ўжо не для сябе. Ды ці ж толькі інтэлігенцыя? Таго ж хочацца кожнаму чалавеку.

Але, навучыўшыся рукамівадзіць гэтай дзяржавай, прыбіральшчыцы мяцёлкі так проста не аддадуць.

З прынцыпу. І хай хоць зямля гарыць пад нагамі!

Чаго захацелі, інцелігенцішкі!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0