Зь Беларусі і Літвы

Капыль, Менск. губ., Слуцк. пав. Вядомая шайка зладзеяў Ма-зоў ужо распалася: адных арыштавалі, а другія паўцякалі ў Амэрыку, і нават крыху часу было цішэй, але цяпер ізноў знаходзяцца дабрадзеі, што выцягваюць сала з кубельчыкаў або выдзіраюць вокны сярод белага дня дый улазяць у куфры і гаспадараць там па-свойму.

А.Гурло

Вільня. Нядаўна на станцыі Вільня поезд пераехаў старца, каторы ішоў рэльсамі. Калі яго даставілі ў бальніцу, то дазналіся, што гэта быўшы ковенскі гарадзкі галава. Ён зьбяднеў і, ня маючы з чаго жыць, на сёмым дзясятку свайго жыцьця пайшоў жабраваць.

М.Кублічы (радзіма В.Быкава. — Рэд.), Віцебск. губ., Лепельск. пав. У №25 «НН» пісаў «Віталіс Х.» (будучы беларускі сьвятар Віталіс Хамёнак. — Рэд.) карэспандэнцыю, у каторай нападаў на нашага новага пісара, што ён «фанабэрысты маскаль». Новы наш пісар не маскаль, але мясцовы беларус, кублічанін, сын дзяка, а і прозьвішча яго кажа аб родзе і племені — Шчэнсновіч. З народам гаворыць ён у сваёй роднай беларускай мове. Стары пісар пераведзены земскім за яго неакуратнасьць у канцылярыі суду.

А.В.Д.

1910, №39

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0