Адзіная інтрыга, якая засталася на тэлебачаньні, — як афіцыйныя СМІ будуць мачыць Мілінкевіча?

На блакітным экране, на вялікі жаль, усё прадказальна. РТР: сэрыял «Братва ня плача» — зараз чачэнец закладзе міну пад АЭС, а яна не бабахне дзякуючы гераічнаму ўчынку афіцэра ФСБ. «Euronews»: зараз індэкс Доў-Джонз абрубіцца — вынік скачка цэнаў на нафту, — і экспэрты ў акулярах пачнуць парыць нешта мудрагелістае. «Discovery»: зараз археолягі адчыняць саркафаг Тутанхамона, а потым калектыўна працягнуць капыты ад прыступу сушняку. «Лад»: зараз буслы пахаваюць свае доўгія насы, а ў гаражы задрыхнуць усе машыны. Усё бачылі — пра ўсё ведаем.

Адзіная інтрыга, якая засталася на тэлебачаньні, — як афіцыйныя СМІ будуць мачыць Мілінкевіча? Клясычна пададуць, як заўсёды прэзэнтавалі дэмакратаў, — фашыст, наркаман і тэрарыст — ці наадварот, прыдумаюць нешта арыгінальнае?

Амаль тры тыдні мінула пасьля гістарычнай стрэлкі на МАЗе, а «Актуальны камэнтар», «Панарама» і «Ў цэнтры ўвагі» ўпарта ігнаруюць гарадзенскага барбуда. Такі дзіўны падыход можна зразумець па-рознаму.

Магчыма, гэта хітры тактычны ход бацькавых піяршчыкаў — халаднакроўна дачакацца, калі рэйтынг «адзінага» падскочыць да 99%, каб за дзень выбараў зьліць на «фізыка» сьмяротны кампрамат: Мілінкевіч, Басаеў і Пазьняк — родныя браты, выпадкова разлучаныя ў радзільным доме.

Па-другое, магчыма, што нашым палітычным камэнтатарам далі ўстаноўку нічога не гаварыць пра апазыцыйнага боса, каб той не раскруціўся. Плян — зашыбіся, калі б не расейскія СМІ. У такім разе дэфіцыт інфармацыі пра Мілінкевіча на БТ будзе ўспрымацца электаратам як адсутнасьць на яго якога б там ні было кампрамату. Калі ўжо БТ нічога не накапала, то палітык сапраўды чысьценькі, херувім, якому самае месца ў Чырвоным доме.

Існуе і трэці, самы непрыемны варыянт: калектыў дзяржаўных прапагандыстаў ахапіў творчы запор.

Мазгавыя штурмы ідуць па наступнай непрадукцыйнай схеме.

Паліттэхноляг А.: «Што б прыдумаць, што б прыдумаць…»

Паліттэхноляг Б.: «Можа, возьмем «Трыюмф волі» Рыфэншталь і ўклеім туды твар гэтага «адзінага»?»

Паліттэхноляг А.: «Састарэла…»

Паліттэхноляг Б.: «Можа, пусьціць плёткі, што апазыцыя наўмысна выбрала сваім лідэрам фізыка, каб стварыць мініятурную атамную бомбу і арганізаваць тэракт?..»

Паліттэхноляг А.: «Прасьпіся! Выходзіць, што твой Мілінкевіч геній, здольны абагачаць уран у хатніх умовах? Геній ідзе на выбары. Я ўжо бачу загаловак у «Московском комсомольце»: «Фізык супраць шызіка».

Паліттэхноляг Б.: «Што б прыдумаць, што б прыдумаць…»

Апошні варыянт, натуральна, самы фіговы. Калі айчынныя Паўлоўскія нічога не прыдумаюць, то так і прыйдзецца увесь сэзон падыхаць ад нуды.

Ладна, Азаронак, ня парся. Дару ідэю: трэба разагнаць, што Мілінкевічава бабка у 1941-м правяла ў тыл лініі Сталіна калёну фашысцкіх танкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0