Некалі жанчынам не давяралі выкладаньня ва ўнівэрсытэтах. Лічылася: чаму можа навучыць прафэсар у спадніцы? Соф’я Кавалеўская даказала: матэматыцы. Галіна Дубянецкая дэманструе: філязофіі.

Адчуваньне такое, што ў юнацтве Галіна чытала шмат Цютчава і Забалоцкага зь іх разьлітым у прыродзе боскім пачаткам. А ўжо ў сталым узросьце аснову свайго паэтычнага пантэізму запазычыла ў Бэнэдыкта Сьпінозы. Адсюль у яе імкненьне ўслухацца, угледзецца, учуцца ў навакольны сьвет, узяць у яго рыфмы і вобразы.

праточваецца неба

празь лістоту

сьвятло і цень

завязваюцца ў гронкі

ды лашчыцца да скуры

летуценна

ядвабны вецер

ветраны ядваб

крылатаю

смарагдавай істотай

прысела лета

на ражок старонкі

імгненьнем

запалоненая вечнасьць

ды ў локці ўдрукаваная

трава

Паэт умудраецца ўлавіць самае важнае для ўсякага непабочнага назіральніка — усёпранікальнасьць прыроднай існасьці. Ня толькі сьвятло і цень пераплятаюцца, зьвязваюцца ў вузел, у непарыўнае цэлае, але й вецер робіцца часткай ястраба, як ястраб у палёце зьліваецца зь ветрам, і цень ад яго крылаў робіцца адначасова мяжой для сьвятла, што плаўна пераходзіць у цень. І толькі трава ня зможа пранікнуць унутр чалавечай істоты, абмяжоўваючыся амаль што друкарскім адбіткам на локці.

Зрэшты, у гэтым віны травы няма. І быць ня можа. Проста чалавек — істота такая, якая нават з прыродай узаемаразуменьня дасягнуць ня можа. Хоць, здавалася б, на першы погляд, часткай яе зьяўляюцца.

Адсюль — і боль, уласьцівы чалавечай душы. Прырода болю не адчувае, а чалавек — адчувае; у гэтым і адрозьненьне.

ёсьць акно а лесьвіцы няма

ці ўсё — дарма?..

о толькі

дзе жыве сапраўднасьць адкажы

не на крыжы

зрок мой нарэшце вырвецца пад промні

праз гэты боль праз гэты боль

крок мой няўцямны адхілі ад гэтай проймы

і не дазволь

Дубянецкая глядзіцца ў Прыроду як у бездань, поўную незьлічоных зорак. Але як бы ні прасіла яна Ўсявышняга адвесьці яе ад гэтай бездані, усё роўна цягне туды зазірнуць. Паэты падобныя да дзяцей, яны адкрываюць сабе сьвет упершыню і занава, нібыта няма ніякіх папярэднікаў, нібыта ты — і ёсьць першаадкрывальнік. І калі ты не адкрыеш гэтага сьвету, ён і застанецца — назаўсёды! — неадкрытым.

Гэтае адчуваньне першаадкрывальніка Дубянецкую не пакідае, пра што б яна ні пісала. Пра каханьне і пра смутак, пра зіму і пра лета, пра пачуцьцё і нячуласьць — усё ўпершыню. І ўсё — на поўны адрыў, абрыў пупавіны, разрыў аорты, як у апошні раз.

тонкаю ўсьмешкаю

квадра апошняя

люстрыцца ў цемры вытокаў

лёт засьляплёны

між сьмерці-ўваскрошаньня

жар дарагіх апёкаў

У паэтычным сьвеце Дубянецкай няма месца для дробязяў — проста таму, што саміх дробязяў няма. Ёсьць нешта іншае, дзіўнае, захутанае ў каляровы туман.

прыйдзе спатоля ці

згоркне й высахне смага

але ня кіне вада намываць

адлюстроўкі

зь нейкіх узьмежжаў

куды не сягае развага

колішні смутак вяртаецца

ўздыхам палёгкі

цьмее між хвілямі водсьвет

нейчых паглядаў

любых нязнаных

асмужаных дальлю абліччаў

нешта няўчутнае

просіць-ня-просіць спагады

нешта няўцямнае некуды

кліча-ня-кліча

Тут нібыта і карціна ёсьць, і дэталямі сьвядомасьць чытача паэт не абцяжарвае. У паўтумане, паўзмроку, у размытых контурах раньніх францускіх імпрэсіяністаў можна знайсьці такое — ці раным-рана, калі над возерам пачынае ўставаць лёгкая, як дыханьне каханай, белая цёплая пара. Пантэізм нездарма філязофія ўсёадзінства, адзінства Прыроды, Бога і Чалавека. Дубянецкая, спавядаючы пантэізм, адзінства гэтае адчувае і стараецца паказаць яго, не спрашчаючы і не ўскладняючы сувязі ўсіх трох пачаткаў Існага. Навошта спрашчаць, калі быцьцё ўсё роўна падобнае да павуціньня, дзе чалавек трымціць матыльком? Навошта ўскладняць, калі складанасьці хапае настолькі, што ня тое што чалавек — Бог наўрад ці разьбярэцца. Люстэрка — вось роля, якую адвяла сабе паэтка Дубянецкая.

Але гэтае люстэрка — ня тое, што ў выпадку з Алесем Бадаком. Бадак баіцца зірнуць у люстэрка, таму што баіцца ня ўбачыць у ім адлюстраваньня. Дубянецкая ў люстэрка глядзіцца, але гэтае люстэрка — толькі адно зь люстраў, паміж якімі апынаецца Галіна. Яна стаіць пасярэдзіне люстранога пакою, нібыта пад абстрэлам уласных поглядаў, памножаных сторазова, тысячаразова, мільёнразова. Такі эфэкт бездані, што адкрываецца чалавеку, які апынуўся паміж люстэрак.

морак на дне віроў

студзіць крутыя ўзвары

ціха праточацца ў кроў

яе дрыгвяныя чары

з пасмаў павольнай пары

з водару аяроў

повед плятуць імшары

пад перашэпт вятроў

трызьняць на дне віроў

стоеныя абшары

мне атруцілі кроў

яе дрыгвяныя чары

Але Дубянецкая не спыняецца. Яна зацягвае да сябе, у страшную, магічную люстраную бездань тых, каму наканавана зрабіцца яе двайнікамі. Такі эфэкт датычнасьці да бездані.

заблукаеш: не спаткаеш

а спаткаеш — не спазнаеш

пераступіш: не разгледзіш

а разгледзіш — не дастанеш

Але — цягне!

…гэта час калі ў прыцемку моляцца

золкія кветкі

і нябачнае мора

варожыць кірунак любы

тут пакінулі срэбную вопратку

сёстры-падлеткі

і цішком падхапілі і зьнесьлі яе

галубы

Важнае самаадчуваньне. У бездань можна спускацца павольна, паўзучы, караскаючыся, чапляючыся за карэнішчы. Можна падаць, крыкам спалоху і адчаю прадракаючы ўласную пагібель. А можна лунаць, як лунае ў бязьветраную пагоду сьпісаны вершамі папяровы ліст, лунаць так, як быццам наперадзе яго чакае — Вечнасьць і можна не сьпяшацца, таму што якраз падзеньне ў Вечнасьць — адзіная форма бясконцага палёту, маршрут якога пераборліва пракладвае Лёс.

не збаюся — о не! — Даратэя

я сама на нябёсы хварэю

колькі трызьніўся мне гэты крок

расхінала душа абалонку

і выпроствала ў бездань далоньку

дзе — у цемры пад скураю тонкай —

пульсуе сьвятло як кроў

дай руку Даратэя сястрыца

я табе не дазволю разьбіцца

я ня ноша твая а крыло...

Як бы ні называла Дубянецкая свайго двайніка — у дадзеным выпадку Даратэяй, а магла б і Лярэлеяй, і Маргарытай, і Ізольдай — усё роўна гэтае сваё адлюстраваньне ўбачыла б паэтка ў люстрах Вечнасьці. Гэта ёй адкрылася мудрасьць сьпісанага папяровага ліста — пра тое, што нічога не зьнікае, усё застаецца. Памятаеце дыялёг у «Майстру і Маргарыце»:

— Дастаеўскі памёр!

— Пратэстую! Дастаеўскі неўміручы!

Дубянецкая пра гэта ня піша. А можа, піша, проста я не чытаў. Але яна жыве ў сьвеце, які працягвае чуць чытаньне вершаў Багдановіча і Блока, музыку Манюшкі і Моцарта, рыпеньне друкарскіх станкоў Скарыны і Гутэнбэрга. Гэты сьвет сплятаецца з дыханьня мільёнаў, і мільёнаў, і мільёнаў людзей — тых, чые імёны мы шануем, і чые — невядомыя. Але тая пара, чыімсьці паўсонным дыханьнем раным-рана ўзьнятая над малочным цёплым возерам, тыя перыстыя аблокі, чыёйсьці ўладнай рукой раскіданыя па бела-блакітным небе, тыя галіны дрэў, вузлаватыя, нібыта чыесьці спрацаваныя пальцы, працягнутыя да суразмоўніцы — усё гэта ўцямна ёй.

Гэта і ёсьць — філязофія жыцьця Паэта. Хаця, можа стацца, я памыляюся і не разгледзеў надпісаў на тонкім белым лісьце, што плаўна кружляе над безданьню.

Але гэтае падзеньне, гэты палёт і ёсьць — паэзія.

Таму што калі ліст скамечаны, то ён імкліва ляціць — у кош для паперы. І там ужо проста нічога не разгледзіш. Нават почырку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0