24 кастрычніка ў Вярхоўным судзе пачаліся слуханьні па справе экс-старшыні Дзяржкамітэту па авіяцыі Фёдара Іванова. Агульную шкоду ў выніку ягоных дзеяньняў сьледзтва ацаніла ў 1,859 млрд руб. Падсудны просіць зьмяніць яму меру стрыманьня дзеля сына.

Яго абвінавачваюць па ч.3 арт.424 КК (злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі, учыненае праз асабістую зацікаўленасьць асобай, якая займае адказную пасаду) па чатырох эпізодах. Разам з галоўным авіятарам краіны на лаве падсудных апынуліся Іван Шыманец — генэральны дырэктар РУП «Белаэранавігацыя» і былы выканаўца абавязкаў дырэктара аэрапорту «Менск-1» Васіль Лазар.

Суд пачаўся з таго, што была спынена вытворчасьць па справе І.Шыманца. Гендырэктар РУП «Белаэранавігацыя» абвінавачваўся ў «неналежным выкананьні службовых паўнамоцтваў і нанясеньні шкоды ў буйных памерах», аднак тэрмін даўнасьці з моманту ўчыненьня проціпраўнага ўчынку (два гады) прайшоў. Затое суд адхіліў хадайніцтва Ф.Іванова наконт паўторнай тэхнічнай экспэртызы салёну самалёта «Як-40». Менавіта пераабсталяваньне салёну і дало матэрыял для крымінальнай справы.

Дзяржкамавіяцыя атрымала заданьне ад прэм’ера Сяргея Сідорскага: зрабіць салён павышанай камфортнасьці для ўрадавых мэтаў. Падтрымаў ідэю прэзыдэнт, загадаўшы выдзеліць зь бюджэту 893 тыс. даляраў на рамонтныя работы.

Ф.Іваноў вырашыў скарыстацца паслугамі маскоўскай кампаніі «Квант». Абвінавачаньне так і адзначае: «Ён загадзя ведаў, што панясе страты, але дазволіў выконваць работы». Грошай не хапіла, і Іваноў распарадзіўся ўзяць сродкі зь небюджэтнага фонду (391 тыс. даляраў), а потым змусіў Менскі авіярамонтны завод набыць адноўлены салён. У выніку дзяржава і згаданы завод панесьлі немалыя страты, а кіраўнік Дзяржкамавіяцыі ўтаіў ад сп.Сідорскага рэальны кошт рамонту.

Другі эпізод абвінавачваньня тычыць складзкога памяшканьня. Паводле сьледзтва, Іваноў загадаў Івану Шыманцу прадаць склад у Берасьці па заніжаным кошце (70 млн руб.). Рэальная цана складу была вызначана ў 306 млн (плюс кошт абсталяваньня — 233 млн). Потым склад быў перапрададзены за 323 млн руб. Дзеля чаго гэта рабілася — невядома

Трэці эпізод закранае тагачаснага в.а. дырэктара аэрапорту «Менск-1» В.Лазара. Іваноў нібы абавязаў Лазара ўвесьці ў эксплюатацыю паліклініку, якая знаходзілася на балянсе аэрапорту, нягледзячы на тое, што інвэстар, які мусіў правесьці капітальны рамонт, ня выканаў сваіх абавязкаў. Нанесеная шкода ацэнена ў 54,4 млн руб.

І, нарэшце, апошні ланцужок у гэтай справе. Паводле вэрсіі абвінаваўцы, Іваноў стварыў штучную вытворчую нагрузку перад прыездам Лукашэнкі на Аршанскі авіярамонтны завод, каб схаваць рэальнае становішча спраў у сваёй галіне, паказаўшы наяўнасьць заказаў. Дзеля гэтага ён загадаў «Белавія» накіраваць самалёт «Ту-134а» на рамонт у Воршу, хоць той рамонт і ня быў мэтазгодны. «Белавія» не заплаціла за выкананыя работы, а Аршанскі завод ня здолеў да канца адрамантаваць самалёт. Прыйшлося запрашаць спэцыялістаў зь Менскага авіярамонтнага. Агульная шкода ў выніку такіх дзеяньняў была ацэнена ў 1,859 млрд рублёў.

Фёдар Іваноў на судзе віны не прызнае, заяўляючы пра загадзя сплянаваную правакацыю: «Згаданыя акалічнасьці мелі месца, але я дзейнічаў не наўмысна і ніякай шкоды дзеяньнямі не прынёс». Выступаючы на судзе, Іваноў дэманстраваў сваю адданасьць дзяржаўным інтарэсам і шмат разоў згадваў Лукашэнку: спасылаўся на яго станоўчыя ацэнкі, артыкулы ў прэсе, нават прыводзіў яго словы («Прэзыдэнт сказаў, што Іваноў узьняў авіягаліну!»). Выкарыстоўваў эмацыйныя пасланьні («Абвінавачваць мяне — значыць не паважаць свой народ!») і рытарычныя воклічы («Як я мог нанесьці шкоду заводу, дзе працаваў 30 год?!»).

Былому галоўнаму авіятару краіны пагражае максымум да васьмі год пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці і забаронай займаць пэўныя пасады.

Тым часам адвакат падсуднага папрасіў зьмяніць яму меру стрыманьня. Рэч у тым, што былы кіраўнік авіяцыі знаходзіцца пад хатнім арыштам, а прысутнасьць міліцыянта ў доме выклікае прыступы агрэсіі ў сына Ф.Іванова, інваліда другой групы, які пакутуе ад псыхічнага захворваньня. Хлопцу патрэбны дагляд і проціпаказаная прысутнасьць чужых людзей у хаце.

Дзяржаўны камітэт па авіяцыі

падначальваецца Савету міністраў, а старшыня па свайму статусу адпавядае міністру. Паўнамоцтвы старшыні вызначаюцца загадам прэзыдэнта. У структуру камітэту ўваходзяць восем аэрапортаў, Менскі і Аршанскі авіярамонтныя заводы, Вышэйшы авіяцыйны каледж, авіякампаніі «Белавія», «Трансэкспарт», «Гомельавія», шэраг прыватных авіякампаній.

Іваноў стварыў штучную вытворчую нагрузку перад прыездам Лукашэнкі

на Аршанскі авіярамонтны завод, каб схаваць рэальнае становішча спраў у сваёй галіне і паказаць наяўнасьць заказаў. Па вэрсіі сьледзтва, дзеля гэтага ён загадаў «Белавія» накіраваць самалёт «Ту-134а» на рамонт, хоць тое не было мэтазгодным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0