Новы лідэр апазыцыі вязе прапанову адмовіцца ад папулізму ў адносінах Беларусі і Расеі. «Выдатна, калі яны таксама будуць шчырымі». Мадэль Мілінкевіча: «Што выгадна для Расеі і для нас — тое робім». Будучы візыт адзінага кандыдата ў сталіцу Расеі інтрыгуе таямнічасьцю: дагэтуль не паведамляюцца ні канкрэтная дата, ні прыкладны сьпіс расейскіх суразмоўцаў новага лідэра беларускай апазыцыі. Сам Мілінкевіч не выключае, што некаторыя зь іх папросяць не афішаваць факт сустрэчы. Не гаворыць Мілінкевіч і пра тое, хто менавіта яго запрашае: «Прапрацоўваецца візыт. Будуць сустрэчы — можа, у Адміністрацыі, можа, у Думе. Трэба ехаць. Чаму не?»

Для чаго Мілінкевіч едзе ў Маскву? «Галоўная мэта вельмі простая, — кажа ён. — Трэба бурыць вобраз ворага. Лукашэнка ўвесь час кажа, што калі ня ён, дык прыйдуць гэтыя нацыяналісты, кітайская сьцяна пабудуецца, газаправод перакрыюць. Поўная хлусьня».

У Маскве Мілінкевіч зьбіраецца давесьці наступнае: «У Беларусі ёсьць нацыянальны інтарэс. Для абсалютнай большасьці — захаваньне дзяржавы. Яны павінны аб гэтым ведаць». Але ці будуць здольныя расейскія палітыкі гэта зразумець? «Фундамэнтальная праблема дачыненьняў беларускай апазыцыі з Расеяй — не ў самой апазыцыі і яе (нібыта) антырасейскасьці, — кажа палітоляг Віталь Сіліцкі. — Праблема ў тым, што ў Расеі нават на ўзроўні «лібэральных адшчапенцаў» накшталт Нямцова не існуе ўспрыманьня Беларусі як незалежнай дзяржавы».

Свае пазыцыі А.Мілінкевіч ад пачатку акрэсьліваў ясна. Новая ўлада будзе выбудоўваць з Расеяй выключна сяброўскія адносіны. Расея павінна стаць стратэгічным партнэрам Беларусі. Але ніякіх фантомаў «саюзнай дзяржавы». Бо «незалежнасьць — гэта сьвятое», і любы гандаль ёю будзе спынены.

А.Мілінкевіч верыць, што супольную мову з расейскім палітычным бамондам можна знайсьці на грунце здаровага прагматызму. «Мне здаецца, што трэба апэляваць у першую чаргу да тых людзей, для якіх прагматычная палітыка на першым месцы, — кажа ён. — Што выгадна для Расеі і для нас — тое робім. Калі ня выгадна — ня робім. Вось такі падыход».

У прагматызьме расейскіх палітыкаў сумнявацца не даводзіцца. Але ці гатовыя расейскія палітыкі прызнаць права на прагматызм за сваімі беларускімі калегамі? «Многім расейскім палітыкам цяжка зразумець, што ў Беларусі таксама могуць быць свае інтарэсы. У многіх палітыкаў з гэтым праблема», — прызнае А.Мілінкевіч.

Козыр А.Мілінкевіча ў тым, што ён вычувае і выражае настроі беларускай палітычнай і бізнэс-элітаў. У іх няма русафобіі, але няма і жаданьня інтэграцыі. Тым часам сацыёлягі цьвердзяць, што большасьць беларусаў кажа «так» сяброўству і з Расеяй, і з Эўразьвязам, але цьвёрда арыентуецца на незалежнасьць.

«Стаўка на будучыню можа выйграць, — напісаў у камэнтары сайт «Наша думка». — Лепей не прапаноўваць Расею замест Захаду, але прапанаваць новую канцэпцыю адносінаў і з Расеяй, і з Захадам». (Падрабязьней пра дыскусію на тэму расейскае стратэгіі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў — старонка 4.) Мілінкевічавы думкі маюць падобны напрамак: «Тое, што з Расеяй нам выгадна мець добрыя адносіны, — зразумела, — перакананы ён. — Толькі вар’ят будзе псаваць гэтыя адносіны, калі яны выгадныя для абодвух бакоў».

Ці пасьпеў Мілінкевіч нажыць сабе ворагаў у Расеі? «Ворагаў у Расеі я ня маю, — мяркуе ён. — З партыяй улады трэба размаўляць», — ставіць задачу Мілін- кевіч. Размова тая ня будзе лёгкай. «Цяжка сказаць, як там выйдзе. Баяцца яны. Баяцца яны дэмакратычнага руху», — кажа адзіны кандыдат.

Трэба адзначыць, што першы візыт А.Мілінкевіча ў Расею ў якасьці лідэра апазыцыі рыхтуецца рознымі кіраўнікамі штабу кандыдата. Гэта першая для А.Мілінкевіча магчымасьць праверыць на справе эфэктыўнасьць працы штабу.

Ці паверыць Масква Мілінкевічу? «Хацеў бы, каб паверылі, — адказвае ён. — Хлусіць нявыгадна. Кажуць, што палітыка павінна быць на мяжы папулізму. Я так ня думаю. Я буду абсалютна шчырым. Выдатна, калі яны таксама будуць шчырымі і змогуць зразумець нашы інтарэсы».

Мілінкевіч павіншаваў Качыньскага

Аляксандар Мілінкевіч павіншаваў Леха Качыньскага зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах у Польшчы. «Беларусы і палякі, маючы даўнюю і супольную гісторыю, ёсьць братнімі нацыямі. Менавіта таму досьвед польскага народу, які 15 гадоў таму пазбавіўся таталітарнага прыгнёту і дабіўся права свабодна абіраць будучыню, натхняе нас, беларусаў, сёньня», — гаворыцца ў віншаваньні беларускага палітыка. Днём раней прэзыдэнт Беларусі А.Лукашэнка павіншаваў Рамана Абрамовіча зь пераабраньнем начальнікам Чукоткі. Кожнаму сваё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0