Нягледзячы на сваю калясальную загружанасьць, прэзыдэнт палічыў за неабходнае асабіста паставіць заслон безадказнаму стаўленьню вадзіцеляў, пешаходаў і пасажыраў да бясьпекі на транспарце.

Слухаючы сьпіч прэзыдэнта, у думках цешыўся за Севярынца. Калі б Пашу судзілі за арганізацыю маршу супраць вынікаў рэфэрэндуму-2004 пасьля ўводу новых правілаў дарожнага руху, прышылі б ня толькі стварэньне перашкодаў руху транспарту, а яшчэ і «рух у цёмны час сутак па краі праезнай часткі безь сьвятлаадбівальных элемэнтаў».

Тут раптам вуха разануў выраз: «Неабходна паставіць жорсткі заслон безадказнаму стаўленьню вадзіцеляў, пешаходаў, пасажыраў да бясьпекі на транспарце».

«Паставіць заслон». Недзе я ўжо гэта чуў.

Апошнім часам гарант майго права пераходзіць вуліцу на зялёнае сьвятло толькі тым займаўся, што тыкаў там і сям жорсткія, надзейныя і эфэктыўныя заслоны. Падчас візыту ў Белавежу запатрабаваў «паставіць заслон браканьерству». Пры сустрэчы з дробнымі камэрсантамі — узьвесьці «эфэктыўны заслон шэрым схемам бізнэсу, крыміналу». У звароце да чыноўнікаў — «заслон усім, хто намерана дэзынфармуе грамадзян па прынцыповых пытаньнях грамадзка-палітычнага жыцьця». У час сустрэчы з рэктарамі — «заслон такім брыдкім зьявам, як хабарніцтва з боку ўнівэрсытэцкіх супрацоўнікаў і спробы падманным чынам пралезьці ў ВНУ». Палічыў ён таксама неабходным паставіць «надзейны заслон на шляху гэткіх злоўжываньняў», як «увоз аўтамабіляў з афармленьнем іх на падстаўных асоб». Падскочыўшы на студыю БТ — цытую «Саўбелку», — «прэзыдэнт жорстка запатрабаваў паставіць заслон» такім зьявам у мастацкай прадукцыі, як «гвалт, кроў амэрыканскіх баявікоў, разбэшчанасьць, амаральнасьць».

Перад намі яўна словазлучэньне-паразыт — прафэсійная хвароба публічных палітыкаў. Прыгадайце крылаты гарбачоўскі выраз «Працэс пайшоў» або ленінскае «баценька».

Найбольш прыкольнае — далейшыя прыгоды афарызму, які нараджаецца на нашых вачах і, відавочна, зьяўляецца піярнай зброяй. Тым больш што бацькавы заслоны, здаецца, дзіравыя. Падчас выбарчай кампаніі фразу можа выкарыстаць апазыцыя: запусьціць у Інтэрнэт анэкдоты пра Шурыка Заслонава. Неяк прыходзіць Заслонаў да Кубэ і кажа: «Абяцаю і бяру абавязак паставіць заслон дывэрсіям на чыгунцы». Але ўлады здольныя перахапіць ініцыятыву. Было б прыкольна, калі б наступны Ўсебеларускі народны сход прайшоў пад шчырым лёзунгам «Паставім заслон так званай свабодзе!».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0