Алесь Аркуш і Зьміцер Бартосік скіраваліся на Дзісеншчыну шукаць рэшткі маёнтку Кастравіцкіх — продкаў францускага паэта Гіёма Апалінэра. Маршрутам, якім калісьці будуць езьдзіць турысты з Парыжу.

Сяргей Дубавец першы выказаў здагадку, што род Кастравіцкіх, які даў сьвету слыннага Гіёма Апалінэра, жыў не на Наваградчыне, як сьцьвярджалі энцыкляпэдыі, а ў паўночна-заходняй Беларусі, у Дарашковічах (ці Дарожкавічах, як пазначана на сёньняшніх мапах) над Дзісной. С.Дубавец адшукаў у «Польскім слоўніку геаграфічным» канцa ХІХ ст., што каля 1780 г. Дарашковічы на Дзісеншчыне былі ўласнасьцю Міхала Кастравіцкага, полацкага падваяводы, ад якога перайшлі да ягонага сына Адама, дзісенскага харужага.

Маёнтак у братоў Кастравіцкіх (Адама, Караля і Апалінар’я) канфіскавалі за ўдзел у паўстаньні 1863—1864 г. Караля, бацьку беларускага пісьменьніка Каруся Каганца, і Адама выслалі зь Беларусі, а Апалінар разам з дачкой зьбег ад царскіх рэпрэсій у Італію. У Рыме 26 жніўня 1880 г. і нарадзіўся будучы выбітны францускі паэт Гіём Апалінэр (Вільгельм Апалінары Кастравіцкі).

Тут хаваўся Адам Міцкевіч

У 2003 г. у Польшчы выйшла кніга былога дзісенца «Арлінае гняздо» — успаміны пра гісторыю Дзісенскай польскай гім-назіі ў 1930-я гады.

У кнізе гаворыцца: «Каля мястэчка, побач зь якім пад ветразямі бяроз сівеў пяскамі Напалеонаўскі тракт, знаходзіўся маёнтак са старым, зьдзічэлым паркам. У парк, разьмешчаны высока над шумліваю камяністаю ракою, мы ня раз уцякалі з заняткаў. Маёнтак Дарашковічы ка-лісьці належаў Кастравіцкім. Адам, сын Адама, маршалка Віленскай губэрні, быў сасланы як удзельнік паўстаньня 1863 г. у Арэнбург. Маёнтак канфіскавалі на карысьць нейкага царскага «унтэр Прышыбеева» высокага рангу. Маці Адама Людвіка з роду Пагоўскіх была добра знаёмая зь Міцкевічам, апекавалася зьняволенымі філярэтамі. Верш Міцкевіча «Матрос» быў пакінуты ў яе альбоме. Таксама мясцовае паданьне казала, што Міцкевіч пэўны час хаваўся менавіта ў гэтым маёнтку, у капліцы… Мы заўсёды падчас прагулак шукалі тую капліцу, але бяз выніку. Урэшце ўбачылі па-над Дзьвіной спаруду зь вежачкамі і пераконвалі сябе, што акурат у ёй хаваўся паэт. Прозьвішча Кастравіцкіх, тых самых, з Дарашковічаў, зьвязанае, паміж іншым, з францускім паэтам Апалінэрам».

Капец-гарадок

Месца сядзібы Кастравіцкіх мы адшукалі хутка. Дарожкавічы сёньня знаходзяцца на самай ускраіне Дзісны, што на Мёршчыне. За апошнімі Кастравіцкімі ад маёнтку да Дзісны была вярста. Сёньняшняя Дзісна — мястэчка з насельніцтвам пад дзьве тысячы чалавек.

У Вінцэся Мудрова ёсьць аповед «Дваццаць крокаў дарогі», падзеі якога адбываюцца ў Дзісьне: мясцоваму жыхару закарцела выцягнуць зь Дзьвіны помнік Сталіну і паставіць перад домам (у Дзісьне сапраўды помнік Сталіну ўтапілі ў рацэ). Футаралягічны прагноз ня спраўдзіўся. Ніхто Сталіна з ракі тут не зьбіраецца выцягваць, наадварот — два гады таму дзісенцы зьнялі з пастaмэнта Леніна, які пачаў развальвацца.

За часамі незалежнасьці збанкрутавала і ўся мясцовая прамысловасьць — малочны і кансэрвавы камбінаты, цагельны завод. З трох школ засталася адна. Эканоміка Дзісны ліпіць на двух прадпрыемствах — Лінейнай дыспэтчарскай станцыі, што пампуе наваполацкія нафтапрадукты на Вэнтспілз, ды Дзісенскім лясгасе.

Бацюшка-фэрмэр

Мы былі зьдзіўлены, калі сярод рэштак сядзібнага парку знайшлі цалкам адноўлены будынак маёнтку! Будаўнічыя работы яшчэ працягваюцца, але сам дом мае дах і шыбы. Як нам паведамілі дзісенцы, радавую ся-дзібу Кастравіцкіх аднавіў мясцовы бацюшка Генадзь Каранеўскі.

Самога сьвятара мы пабачылі за рулём трактара. Айцец Генадзь мае 20 гектараў зямлі, камбайн, гадуе бычкоў. Сапраўды фэрмэр, ды яшчэ будаўнік. Сам лазіў па рыштаваньнях, калі дзі-сенцы аднаўлялі Ўваскрасенскую царкву, дзе захоўваецца сьпіс славутага абраза Смаленскай Маці Божай. Сам працаваў і на аднаўленьні маёнтку Кастравіцкіх.

Бацюшка, спасылаючыся на брак вольнага часу, доўга адмаўляўся ад гутаркі. Урэшце пагадзіўся. Айцец Генадзь паходзіць зь мястэчка Радунь, што на Воранаўшчыне. У Дзісьне — з 1989 г. Панскі маёнтак, ад якога засталіся толькі рэшткі асобных муроў, адбудоўвае дзесяць гадоў. «Навошта аднаўляеце?» — пытаемся. «Буду жыць». — «А ці ведаеце, што гэта радавы маёнтак роду Кастравіцкіх, зь якога паходзіць Гіём Апалінэр?» — «Ведаю». Айцец Генадзь цікавіўся гісторыяй сядзібы, сам рабіў праект рэстаўрацыі, мае здымкі старога панскага дому, імкнуўся аднавіць яго ў ранейшым выглядзе. Праўда, краязнавец Пётар Баговіч сьцьвярджае, што дакладна аднавіць дом а.Генадзю не ўдалося.

Зінаіда Казлоўская, што жыве побач з маёнткам, памятае апошняга ўладальніка сядзібы — Аляксандра Капылова. Яна нам расказала, што ў сядзібным парку некалі была магіла аднаго з Кастравіцкіх. Магчыма, што ў парку ці на каталіцкіх могілках некалі быў і фамільны склеп роду.

Справа тамтэйшых краязнаўцаў, ды і ўладаў Дзісны, — расшукаць магілы і аднавіць помнікі. Бо калі ў гарадок паедуць турысты з самога Парыжу, будзе сорамна казаць, што магілаў няма.

ГІЁМ АПАЛІНЭР (Вільгельм Апалінары Кастравіцкі) 26 жніўня 1880, Рым — 9 лістапада 1918) францускі паэт, пачынальнік сюррэалізму. Большасьць вершаў апублікавана пасьмяротна. На беларускую мову яго вершы перакладала Эдзі Агняцьвет (зб. «Зямны акіян»).

ДЗІСНА — сатэліт Полацку Полацкія крывічы заснавалі Дзісну ў Х ст., пабудаваўшы тут крэпасьць Капец-гарадок. Дзісна была абарончай фартэцыяй на Дзьвіне, на сваім гербе таксама мела выяву ладзьдзі. Іван Жахлівы да Дзісны не дайшоў, таму менавіта сюды зьбеглі багатыя полацкія купцы і шляхта. Тут зьбіраў войскі Сьцяпан Батура, каб вызваліць Полацак. Дзісна ад XVI ст. мела магдэбурскае права. Два стагодзьдзі таму гэта быў другі па колькасьці насельніцтва горад на Полаччыне. На сутоку Дзісны і Дзьвіны цудоўныя краявіды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0