Перад выбарамі ў Азэрбайджане ўсё паблыталася. Спэцыяльна для «НН» з Баку піша Інга Пэц.

У слабым сьвятле пражэктара, крыху сагнуўшыся, сьпінай да залі, сядзіць чалавек. Ён схіліўся над клявішамі раяля і імправізуе. Салман Гамбараў — адзін з найбольш знакамітых джаз-піяністаў Азэрбайджану. Гэты чалавек, які самазабытна грае на сцэне бакінскага «Джаз-цэнтру», яўна мае што сказаць іншым. Адно што амаль ніхто яго ня слухае. У залі — тры-чатыры слухачы.

Вялікая заля на шумным бульвары Рашыда Бейбутава ў горадзе нафты зазвычай пустая. Гэта выдатны сымбаль краіны, што забылася на тое, якую важнасьць маюць культура і мараль, калі трэба выстаяць, страціўшы ўсякую надзею. Краіны, якая праз 15 гадоў пасьля здабыцьця незалежнасьці шукае сваю ідэнтычнасьць недзе паміж нафтай, ісламам, Захадам і дэмакратыяй. Сёньняшні Азэрбайджан — гэта грошы і карупцыя, «мэрсэдэсы» і ўцекачы. У Баку ёсьць людзі, што спрабуюць дамагчыся зьменаў, але шукаць іх трэба доўга.

Раін Султанаў — вядомы ў Азэрбайджане саксафаніст і ўладальнік «Джаз-цэнтру» — належыць да такіх людзей. «Мой унёсак — музыка», — кажа ён і падкрэсьлівае, што слухачоў у Цэнтры заўсёды няшмат. «Мала хто цікавіцца культурай. Мараль нуварышаў, што пануе апошнія пятнаццаць гадоў, разбурыла адукацыю і культуру. Нашы міністры любяць спорт і даюць багата грошай на футбол. А нашы аркестры знаходяцца ў вартым жалю стане».

Лібэральны Ільхам

Султанаў кажа, што ня бачыць у апазыцыі нікога, хто б палепшыў становішча: праблема не ў прэзыдэнце, а ў людзях зь ягонага атачэньня. Гэта распаўсюджанае меркаваньне ў Азэрбайджане напярэдадні выбараў. Замін Хаджы, папулярны малады публіцыст, зазначае: «У любым разе Ільхам больш дэмакратычны за свайго бацьку Гейдара. У Ільхама за два з паловай гады мы вырвалі больш свабоды, чым у ягонага бацькі за цэлае дзесяцігодзьдзе. Гейдар быў разбурыў усё тое добрае, на чым некалі трымаўся Азэрбайджан».

Паводле апытаньняў грамадзкай думкі, перамогу на выбарах у нядзелю атрымае кіраўнічая партыя «Ені Азэрбайджан». Ёй могуць дастацца больш за 50% галасоў. Кааліцыя «Азадлык» («Свабода») — блёк трох апазыцыйных партый на чале з Алі Керымлі. На аранжавым штандары — лёзунгі дэмакратыі, свабодных выбараў і пераадоленьня карупцыі. Гучыць добра, але экспэрты скептычна ставяцца да дэмакратычнасьці «Азадлыку»: «Паглядзіце, як Керымлі кіруе сваім Народным Фронтам. Калі хто што супраць яго скажа, імгненна вылятае з партыі. Да таго ж вакол яго ўжо сфармаваўся няслабы культ асобы», — кажа палітычны аналітык Зардушт Алі-задэ.

Некалькі тыдняў таму сацыёлягі прадказвалі атрыманьне апазыцыйнымі партыямі на выбарах 13% галасоў. У той час прэзыдэнт Азэрбайджану яшчэ адмаўляўся дапусьціць да назіраньня за выбарамі няўрадавыя арганізацыі, якія амаль на траціну фінансуюцца за кошт міжнароднай дапамогі, не пагаджаўся на пазначэньне пальцаў выбаршчыкаў адмысловым чарнілам дзеля прадухіленьня шматразовага галасаваньня і разганяў мітынгі апазыцыі ў цэнтры Баку.

Рэвалюцыя зьверху

Відаць, пад ціскам з боку амэрыканскага пасла, які мае вялікі ўплыў на Ільхама Аліева, усе гэтыя патрабаваньні былі прынятыя. Апроч таго, былі звольнены некаторыя найбольш вядомыя сваёй карумпаванасьцю міністры — найбольш заможныя людзі краіны, накшталт міністра аховы здароўя Алі Інсанава. Гэта адбылося напярэдадні абвешчанага вяртаньня ў Баку старшыні Дэмакратычнай партыі Расула Гуліева, які вось ужо 9 гадоў жыве на выгнаньні. Нечаканыя затрыманьні былі абгрунтаваныя нібыта плянамі дзяржаўнага перавароту.

Намесьнік галоўнага рэдактара газэты «Эхо» Наір Аліеў кажа, што гэта не было нейкай прэзыдэнцкай хітрасьцю, і сапраўды на наступны дзень пасьля вяртаньня Гуліева быў заплянаваны дзяржаўны пераварот. «Рэвалюцыяй зьверху» назвалі некаторыя газэты актыўныя захады Аліева па ўмацаваньні сваіх шэрагаў, якія, аднак, могуць быць небясьпечныя для ўлады самога прэзыдэнта.

«Да галоваў, што пакаціліся, былі прымацаваныя вялікія арганізмы, якія валодаюць вялікімі грашыма і ўплывам. Гэтыя звальненьні ня ўпісваюцца ў схему звычайных міжкланавых разборак. Бо калі Інсанаў належаў да групы «карабахцаў», дык звольнены разам зь ім міністар эканамічнага разьвіцьця Фаргад Аліеў паходзіць з поўдня краіны. Гэтыя арышты прывялі азэрбайджанскі палітыкум у даволі хісткае становішча».

Пакуль што манэўр прэзыдэнта Аліева меў посьпех. «Прэзыдэнт выбіў глебу з-пад ног апазыцыі, — кажа адзін з экспэртаў лёнданскай арганізацыі «Лінкс», што займаецца каўкаскімі канфліктамі. — Рэвалюцыі ня будзе».

Суцэльная карумпаванасьць

Выходжу з «Джаз-цэнтру» ў цёплую сталічную ноч. Шум машынаў хутка глушыць музыку піяніста. Баку — «малох», «магутны станок па вытворчасьці грошай», «залатая шахта», кажуць бізнэсоўцы. Нафта напаўняе дзяржаўную казну мільярдамі даляраў, асабліва пасьля пабудовы трубаправоду Баку—Тбілісі—Джэйхан. Паўсюль як грыбы пасьля дажджу растуць новыя шматпавярхоўкі — імкліва, неўтаймоўна, без усялякага пляну паміж змрочнымі панэльнымі дамамі эпохі Брэжнева-Аліева і абадранымі камяніцамі ХІХ ст., часоў першага нафтавага буму — «залатым векам Баку».

Велізарных маштабаў дасягае разрыў паміж багатымі і беднымі. Па некаторых зьвестках, 80% насельніцтва ня мае працы. На ніжніх прыступках сацыяльнай лесьвіцы людзі зарабляюць па 50—100 даляраў у месяц, на версе гэтай герархіі мяжы даходам няма. Аднак кожны з прыкладна трох мільёнаў бакінцаў нечым ды займаецца — гандлюе агароднінай ці працуе таксістам.

Сацыяльны статус вызначаецца грашыма, сямейнай і кланавай прыналежнасьцю, зьмяніць яго амаль немагчыма. Прынамсі, не праз адукацыю і асабістыя дасягненьні. Паводле рэйтынгу «Trans-parency International», краіна належыць да дзесяці найбольш карумпаваных дзяржаў сьвету. Заробкі дзяржслужачых сёлета вырасьлі ў мэтах барацьбы з карупцыяй, але захаваліся жудасныя дыспрапорцыі. Калі прафэсар-гуманітарый зарабляе да 150 даляраў у месяц, дык даішнік — усе 500.

Мы — недарэкі

Алі Акбар — адзін з маладых незалежных інтэлектуалаў, што імкнуцца разбурыць старыя савецкія структуры. Разам з калегамі ён заснаваў Незалежны зьвяз пісьменьнікаў, што мае стаць антыподам Саюзу пісьменьнікаў, ачольванаму Анарам і Чынгізам Абдулаевым. «Яны разбурылі азэрбайджанскую літаратуру, але існуюць і дагэтуль, бо гэта канфармісты, якія добра дамовяцца зь любой сыстэмай», — кажа Акбар. Летась ён выдаў кнігу «Я — недарэка». «Мы бачым жахлівыя парушэньні правоў чалавека. Журналістаў, накшталт Эльмара Гусэйнава, забіваюць. Паліцыя займаецца катаваньнямі. Але наш народ заняты адным: ён працягвае любіць самога сябе. Мы занадта самазакаханыя. Трэба пакласьці гэтаму канец і зірнуць у твар рэальнасьці. Менавіта мы нясём адказнасьць за гэтую нікчэмнасьць. Мы ўсе недарэкі».

ІНГА ПЭЦ— нямецкі журналіст. Працаваў як фрылансэр для «Зюддойчэ цайтунг» у Новай Зэляндыі ды Азэрбайджане. Ведае беларускую мову. Арганізатар канцэртаў «N.R.M.» у Бэрліне. Гэты артыкул напісаны спэцыяльна для «НН».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0