— А ягоны старэйшы сын? — выпаліў з імпэтам дзед. — Вось ён і заменіць бацьку ў патрэбны момант! Нездарма ж ён цяпер у Адміністрацыі прэзыдэнта акалачваецца.

Вяртаўся я ад сябра, якому дапамагаў выкопваць бульбу, пасьля давялося яшчэ некалькі дзён і з дровамі павалэндацца. У свой Менск я не сьпяшаўся — пяты месяц быў бяз працы. Бяз дай прычыны кіраўнік нашага ўпраўленьня вырашыў закрыць кар’ер, дзе я працаваў мэханікам.

У зваротную дарогу — а да Менску 180 кілямэтраў — напакавала мне сябрава жонка вялізную сумку харчу. Чаго там толькі ні было: усмажаная курыца, свойская каўбаса, ладны шмат сала і вэнджанай паляндвіцы. Выехаў на ровары а сёмай раніцы, з асалодай круцячы пэдалі «Турыста».

Дзянёк распачаўся цудоўна. Бабіна лета было ў разгары.

Праехаўшы з добрую сотню кілямэтраў, вырашыў перакусіць. Якраз непадалёк было невялікае азярцо. Выбраў зацішны куточак, прысланіў свайго «Турыста» да маладой бярозкі, спаласнуў рукі, твар і пачаў раскладваць прысмакі. Падмацаваўшыся як мае быць, вырашыў адпачыць. І толькі крыху задрамаў, як пачуліся крокі. Убачыў дзеда з пасівелай бародкай, бяз шапкі, у гумовіках і з вудай за плячамі. Блакітнага колеру сарочка была навыпуск і вельмі пасавала да ягоных спартыўных штаноў.

— Ці ня вашае месца я заняў?

— Ды не, адпачывай. Я за каровамі тут прыглядаю, а вуду так узяў, каб час хутчэй бавіць, — адказаў дзед, усеўшыся побач са мною.

Пакуль дзед рыхтаваў вудачку, я дастаў з сумкі сьвежы нумар «Нашай Нівы», што купіў праездам у гарадку, пачаў чытаць.

Дзед закінуў вудачку, зірнуў на мяне і сказаў:

— Забароненую газэтку чытаеш!

— Чаму забароненую? — я адклаў газэту. — Яна прадаецца, як і ўсе, у любым кіёску. Нават сам прэзыдэнт яе праглядае.

— Яно так, але ж там пішуць амаль усё супраць улады! — усьмешка так і ня думала зьнікаць зь ягонага твару.

— Пра ўсё пішуць, — адказаў я. — Вось і пра выбары ёсьць. Хутка будзем новага прэзыдэнта выбіраць.

— Чаму новага?! — усьмешка імгненна зьнікла. — Рыгоравіч застанецца.

— А калі наш «бацька» адмовіцца ўдзельнічаць у выбарах? — падкінуў я правакацыйнае пытаньне. — За каго будзеш галасаваць?

— Такога ня будзе! — рашуча адказаў дзед. — Для чаго ж тады рэфэрэндум быў? Думаеш, што мы ў гэтай глухамані жывём, то нічога і ня ведаем?

— Ну а калі ўсё-такі адмовіцца: здароўе там ці яшчэ што, ня дай бог? — не адступаўся я.

— Тады… — дзед на хвіліну змоўк, як бы зьбіраючыся з думкамі, а пасьля сказаў: — Ня толькі я, але амаль уся наша вёска зробіць так: усіх вашых кандыдатаў выкрасьлім, а Рыгоравіча ўпішам самі сваімі самапіскамі!

— Вось як?! — зьдзівіўся я.

— А што ж ты, мілы чалавеча, думаў! Лепшага кіраўніка не знайсьці! І ў хакей рэжа дай бог кожнаму, і міністраў трасе, і на палях бывае, а якое будаўніцтва разьвёў, га? Дый калі на тое пайшло, — тут ён азірнуўся і ўсьцішаным голасам дадаў, — наш Рыгоравіч можа яшчэ, апроч усяго, і якую дзеўку прыціснуць, што ого-го!

І ён задаволена засьмяяўся.

— Я гэта к таму кажу, што сам у маладосьці шыбка да дзевак быў гарачы! Плыты за палякамі па Вяльлі ганяў. Дзевак у мяне тады было не зьлічыць! Аднаго разу ўгледзеў у затоцы ажно чатырох, галяком купаліся. Пахапалі адзеньне і ўрассыпную. А адна засталася. Думаў, брыкацца будзе, а яна на ўсё згодная…

А вазьмі пэнсію. Я ўсё жыцьцё на чыгунцы працаваў, цяпер вось дабавяць, то буду без малога амаль трыста тысяч палучаць. Жыць цяпер можна. Жаль толькі, што гадочкаў мне багата.

Тут нечакана загойдаўся паплавок. Мы насьцярожыліся, але той пад ваду так і не нырнуў. Мне трэба было ехаць, але захацелася выпытаць у дзеда ўсё да канца.

— Дапусьцім, Рыгоравіч выйграе выбары, прабудзе яшчэ пяць год, а хто ж пасьля будзе?

— Ну, да тае пары дажыць трэба! — уздыхнуў дзед. — Хаця, калі ўжо на тое пайшло, то адкажу і на гэтае падкавырыстае пытаньне.

— І хто ж гэта? — я зь цікавасьцю пазіраў на дзеда.

— Будзе той чалавек, які працягне ўзяты Рыгоравічам курс, а з твару будзе падобны на яго.

— Вось як?! Тады, магчыма, вось гэты?..

І тут я працягнуў дзеду газэту са здымкам Паўла Севярынца.

Дзед узяў у рукі газэту і пачаў уважліва разглядваць.

— Фартовы хлопец! Па ўсім відаць — разумны, далёка пойдзе, прама табе скажу. А што да падабенства, то так: і вочы, і вусы, і нос, дый твар як у Рыгоравіча — прадаўгаваты. Але ж чуткі былі пра яго кепскія. І напісана вось тут «Ліст зь лесу». Дзе ён цяпер?

— Пасадзілі. На лесапавале, у глухамані. Вёска Малое Сітна.

— А-а! Успомніў! — дзед ажывіўся. — Падбухторшчык моладзі, так? А вось пасадзілі яго дарэмна.

Такога крутога павароту я ад дзеда не чакаў:

— Чаму?

— Бо ён там зарабляе, як гэта кажуць… Палітычны…

— Капітал! — дадаў я.

— Во-во! — узрадаваўся дзед. — Расьце яго папулярнасьць. А так, — ён зноў уважліва зірнуў на здымак, — гэты хлопец нават міністрам можа стаць. З твару на амэрыканца падобны.

Тут дзед адклаў газэтку, з хітраватай усьмешкай зірнуў на мяне і дадаў:

— Але па-твойму ня выйдзе!

— Чаму?!

— Бо ёсьць чалавек, яшчэ больш падобны на Рыгоравіча, чым твой Севярынец.

— Хто ж гэта?

— А ягоны старэйшы сын! — выпаліў з імпэтам дзед. — Вось ён і заменіць бацьку ў патрэбны момант! Усёк? Нездарма ж ён цяпер у Адміністрацыі прэзыдэнта акалачваецца. Пераймае вопыт… Каб пра гэта даведалася твая хвалёная апазыцыя, то многіх хапіў бы ўдар, а ў другіх мову б адняло. Але яно так і будзе: сын працягне справу бацькі, а той яму парады будзе даваць, калі што ня так заладзіцца.

— І да чаго ж тады дойдзем?

— Да нармальнага жыцьця! — са злой упэўненасьцю ўскрыкнуў дзед. — Яно і цяпер някепска жывецца! Успомніш мяне, я дык не дажыву, але надыдзе час — бронзавы помнік Рыгоравічу паставяць як першаму прэзыдэнту нашай Беларусі.

Я сядзеў аслупянеўшы і маўчаў. Дзедавы словы сьцебанулі так, быццам атрымаў аплявуху ў людным месцы…

Потым падняўся, сьпехам зірнуў на гадзіньнік і сказаў:

— Трэба ехаць, верасень усё-такі, цямнее рана.

— Шчасьлівай табе долі і дарогі! — прамовіў дзед. — Не сумуй! Вось убачыш — усё добра будзе!

Я ўзяў ровар, выбраўся на шашу і паехаў. І адразу ж чамусьці стала сумна на душы. Ня радаваў нават па-летняму цёплы дзянёк.

Я супакойваў сябе тым, што ў кожнага з нас можа быць сваё меркаваньне наконт будучых падзей, як у гэтага незнаёмага мне дзеда. Але ж такое і сапраўды можа здарыцца…

Ужо браліся добрыя прыцемкі, калі я нарэшце быў у сваёй кватэры. Сон ня браў. Магчыма, што і ператаміўся, але хутчэй па іншай прычыне.

А пад самую раніцу прысьнілася мне, быццам сяджу я ў турме. Але ў душы радасьць — дзесяць год адбыў, праз шэсьць дзён на волю. І тут вызывае мяне начальнік лягеру ды са зьедлівай усьмешкай на твары прамаўляе: «Прыйшла на цябе паперына з пракуратуры. Тэрмін твайго зьняволеньня падаўжаецца яшчэ на пяць год!»

«За што?!» — ускрыкнуў я і, страціўшы прытомнасьць, упаў на падлогу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0