«Я старэйшы… — перадае Колас быццам бы жартаўлівыя словы Купалы пры іх першай сустрэчы, — я ўжо сваёй маці ўсьміхаўся, а ты яшчэ і разу ў калысцы ня вякнуў».

«Той-сёй можа падумаць, што паміж мною і Купалам сапраўды ляжала нейкая няпрыязьнь, — прагаворвае Колас, нібы наперад пярэчачы такому меркаваньню. — І нібыта вынікала яна праз спаборніцтва за першае месца».

Так, «той-сёй» можа такое падумаць…

Купала з Коласам пазнаёміліся, калі кожнаму было па трыццаць. Гэта нават на сёньня людзі не юначага ўзросту, а ў 1912 годзе — сталыя мужыкі. Перасьпелыя для сяброўства…

У адносінах паміж імі відавочна адно: Колас стараўся сябраваць. Чаго ня скажаш пра Купалу.

У траўні 1938-га Купала хварэе на крупознае запаленьне лёгкіх — і Колас амаль месяц штодня (!) наведвае яго ў шпіталі. А ў 1939-м, 23 лютага, Колас піша ў лісьце да Сяргея Гарадзецкага: «З тыдзень таму назад была тэлеграма ад Лазоўскага — прыслаць верш да XVIII зьезду партыі. Напісаў, паслаў празь Янку. А 21.02 зноў атрымліваю тэлеграму з напамінам пра высылку вершу к 25.02. Выходзіць, што Янка не перадаў…»

Колас сур’ёзна занепакоены… Бо гэта не драбяза… Лазоўскі мог і ня выслаць напамінальнай тэлеграмы, а далажыць пра невыкананьне высокага даручэньня.

Купала падводзіў Коласа не аднойчы… Не наўмысна, праз асаблівасьць (як заўважае Колас) натуры, але падводзіў. Колас дараваў, трываў. Ня вытрываў, калі Купала не пераслаў яму ліста ад сына, які бязь вестак прапаў на фронце.

Невядома, ці быў насамрэч той сынаў ліст, але Колас свой напісаў.

«Ташкент, 17 верасьня.

Дарагі Янка!

Можа, і ня варта было б пісаць табе пісьмо, бо ты ў вялікім клопаце аб сабе самім ня помніш болей нікога і на пісьмы нікому не адказваеш. Ты ў гэтым бачыш асаблівасьць сваёй натуры і, відаць, такая «асаблівасьць» расцэньваецца табою як нешта надзвычайнае, уласьцівае толькі Янку Купалу. Іначай нельга найсьці тлумачэньне таму, што ты ня дужа спяшаесься адказаць на маё пісьмо. Чатыры дні таму назад прыслаў мне пісьмо Пятрусь Броўка. Ён даведаўся пра мой адрас з таго пісьма, што я пісаў табе. Вось і бярэ мяне крыўда. І асабліва крыўдна мне, што ўзяўся ты, як піша Пятрусь, пераслаць мне пісьмо ад Юркі. А гэтага пісьма, як і ад цябе, усё няма. Ці ведаеш ты, што такое для бацькі і маткі сын, асабліва ў такі час?.. Не, Янка, ты гэтага ня ведаеш, або ў цябе няма нармальнага чалавечага сэрца. А ты ж паэт. Паэт жа, калі ён сапраўдны паэт, ёсьць рэха людзкіх пачуцьцяў, а не чарапаха, зашыўшыся ў свой тоўсты футляр, зрэдку высоўваючы сваю галаву, каб паглядзець, ці няма чым пажывіцца. Ты, Янка, ня злуйся: нічога ня зробіш, а праўда вочы коле…

Гэта маё апошняе к табе пісьмо. Пісаць і ня мець адказу на свае пісьмы — гэта тое самае, што гукаць у чыстым полі, дзе няма жывое душы. Жыві здаровы. У цябе для гэтага ёсьць магчымасьці.

Бывай, Янка, здаровы.

Якуб Колас».

Ня вытрываў — і ня толькі крыўду з-за сына, а ці ня ўсё, што гадамі тузала, вярэдзіла, балела, — выказаў…

Апошні раз яны спаткаліся ў сакавіку 1942 году ў Казані, адкуль Колас напісаў жонцы ў Ташкент: «8.Ш. за сталом у аднаго з нашых знаёмых сустрэўся зь Янкам. Нічога асаблівага не гаварылі, не сварыліся і не дружылі».

Пасьля такога ліста — і «нічога асаблівага не гаварылі»? Так не бывае, ня можа быць. Калі ж так было, дык толькі ў адным выпадку: Колас свайго апошняга ліста да Купалы ня выслаў. Напісаў і ў стол паклаў. Гэта ў ягоным характары.

Праблема іх сяброўства ў тым, што Купала адносіўся да Коласа, як паніч да мужыка — і гэта ня самае сымпатычнае з таго, што было ў Купалу.

Пасьля сьмерці Купалы Колас піша ў лісьце (8. 07.1942) да ягонай жонкі: «Дарагая Ўладзіслава Францаўна!.. Ня верыцца мне, што ўжо ня сяду я болей побач зь Янкам за адным сталом. Але што паробіш? Так, відаць, судзіла ўжо доля. Ніколі ня думаў таксама я, што страта Янкі такім вострым нажом пройдзе па сэрцы…»

Прайшла, не магла не прайсьці… Усё, што ёсьць побыт, пазабывалася, зьнікла, засталося толькі тое, што над побытам. Паэзія, пра якую ўжо да скону будзе гаварыць Колас толькі ў зьвязку з Купалам, аддаючы яму перавагу і перад усімі, і перад сабой.

Высакародны чалавек.

Мужык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0