Наведніку канцэрта эпатажнага спевака мусіць быць поўных 18 год і трэба мець пашпарт з сабой. Варыянты, калі, напрыклад, да 18-годдзя застаўся адзін дзень, не разглядаюцца. Як і візіт на канцэрт у суправаджэнні бацькоў. Паведамляецца, што такое рашэнне прыняла Рэспубліканская экспертная камісія па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці.

Як сказаў «Нашай Ніве» намеснік начальніка Упраўлення культуры Мінгарвыканкама Сяргей Мядзведзеў, рашэнне экспертнай камісіі носіць рэкамендацыйны характар, а ці будзе яно выканана — вырашае арганізатар канцэрта.

На пытанне, ці ёсць у Мінгарвыканкама спіс гуртоў, якія ў Мінску могуць раздзяліць лёс ММ, ён адказаў, што такіх спісаў ніхто не складаў. Па словах чыноўніка, камісія грунтавалася на зваротах грамадзянаў, якія прасілі Мінгарвыканкам увесці ўзроставы цэнз на канцэрт Marilyn Manson.

«Вы ж разумееце, Marilyn Manson — спрэчны таварыш», — кажа Сяргей Мядзведзеў.

Ён не выключае, што падобная сітуацыя з узроставым цэнзам паўторыцца, калі ў Мінск прыедзе іншы «спрэчны таварыш», і будуць адпаведныя звароты грамадзян.

Арганізатары вырашылі пайсці за рэкамендацыямі ўладаў. Гэта будзе першы канцэрт у Мінску, на які трапіць можна будзе толькі па пасведчанні асобы.
Асобаў да 18 гадоў не прапусцяць нават у суправаджэнні дарослых. На канцэрт трэба прыходзіць з пашпартам або пасведчаннем кіроўцы. Па студэнцкім білеце і дакументах без фота прапускаць не будуць.

Квіткі на канцэрт прадаюцца праз арганізатараў, а таксама праз сайты bileti.by, kvitki.by і tiketpro.by. Як патлумачылі на сайце kvitki.by, здаць квіток можна толькі арганізатару — ТДА «Карпарацыя забаваў». Іх офіс знаходзіцца па адрасе Мінск, Няміга 3, 4-ы паверх, офіс 335. Тэлефон для даведак: (029) 75-111-75.

Канцэрт адбудзецца 21 снежня ў Палацы спорту, пачатак, а 20-й. Квіткі каштуюць ад 350 000 да 860 000 руб.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?