Узнагарода знойдзе сваіх герояў 12.12.2012, калі ў клюбе Loft адбудзецца падсумаваньне вынікаў-2012. Магілёўскія музыкі дадуць з гэтай нагоды вялікі сольны канцэрт. Адмысловым госьцем вечару будзе надзея беларускай музыкі Паліна Рэспубліка.

Інтэрнэт-партал Tuzin.fm падвёў вынікі 2012 году. На рашэньне рэдакцыі найлепшым гуртом году прызнаны Akute. Сёлета магілёўская каманда засьведчыла надзвычайную актыўнасьць. У лютым яны прадставілі самотнік «Krou EP», у красавіку выдалі свой другі студыйны дыск «Не існуе», які быў станоўча прыняты, як публікай, так і экспэртамі, а давяршылі справу яшчэ адным вялікім самотнікам увосень «Iholki». Як вынік — іх сольныя выступы сёлета заўжды зьбіралі аншлягі. Акром таго Стас Мытнік, Рома Жыгараў ды Павал Філатаў далі яшчэ нямала нагодаў сёлета згадаць іх добрым словам — паўдзельнічалі ў саўндтрэку да фільму «Вышэй за неба», выявілі салідарнасьць з забароненай «Крамбамбуляй», выступілі разам з Placebo ў Палацы спорту… Больш за тое, музыкі рыхтуюць яшчэ адзін сюрпрыз адмыслова да канцэрту 12 сьнежня, калі ім будзе ўручана ўзнагарода ад Tuzin.fm.

У першай частцы вечарыны «Жывы Тузін» у клюбе Loft свае песьні зайграе Паліна Рэспубліка, якая таксама дала нямала падставаў сёлета для таго, каб зь ліку надзеяў беларускай сцэны перайсьці ў шэраг самых запатрабаваных айчынных выканаўцаў. Сёлета Паліна выдала два сынглы справіла сваё 18-годзьдзе шыкоўным канцэртам, зайграла ў якасьці госьця на аўтарытэтным польскім Halwfay Festival і фэсьце «Пікнік.by», а яе выступ на «Тузін.Unplugged» выклікаў сапраўдны фурор.

Абодва ўдзельнікі вялікага «Жывога Тузіну» 12.12.12. раней ужо адзначаліся нашым парталам. У 2009 годзе Akute былі прызнаныя «Адкрыцьцём году», а ў 2010 годзе іх дэбютны альбом «Дзевачкі і космас» заняў другое месца ў сьпісе найлепшых рэлізаў году. Паліна была прызнаная адкрыцьцём году ў беларускай музыцы ў 2011 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?