Рынак на мінскім стадыёне «Дынама» будзе працаваць да лютага наступнага года. Пра гэта 1 снежня падчас суботніка па падрыхтоўцы да пачатку рэканструкцыі стадыёна паведаміў журналістам начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Мінгарвыканкама Аляксей Пракаповіч.

Паводле яго слоў,

у панядзелак ларкі з верхняй часткі рынку, якая размешчана побач з цэнтральным уваходам, будуць перанесеныя на ніжнюю ўсходнюю частку. «Рынак будзе працаваць усе бліжэйшыя святы. Я думаю, што гэта будзе снежань і студзень»,
— сказаў Пракаповіч. Ён адзначыў, што рэканструкцыя будзе паэтапнай, таму «ўсходняя частка будзе больш ці менш свабоднай. «Хай працуюць, гандлююць, прыносяць стадыёну сродки на яго ўтрыманне», — адзначыў чыноўнік.

Як раней паведамлялася, 13 лістапада РГА «Перспектыва» звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай пакуль не закрываць рынак на стадыёне «Дынама». У звароце адзначалася, што цяпер на рынку «Дынама» працуюць 326 арандатараў. У сувязі з бліжэйшымі работамі па рэканструкцыі ўсе прадпрымальнікі атрымалі прадпісанні аб неабходнасці вызваліць займаемыя плошчы да 1 снежня гэтага года.

Як адзначала «Перспектыва», у якасці альтэрнатывы вядзення бізнесу Мінгарвыканкам прапанаваў арандатарам пераехаць са сваімі павільёнамі на пляцоўку ў ГД «Ждановічы» ці рынак у мікрараёне Курасоўшчына, якія найбліжэйшым часам плануецца таксама закрыць на рэканструкцыю, што «робіць бессэнсоўным пераезд прадпрымальнікаў на ўказаныя тэрыторыі».

Паводле меркавання «Перспектывы», вопыт рэалізацыі інвестпраектаў у Мінску «сведчыць, што высяленне прадпрымальнікаў да пачатку правядзення работ не заўсёды апраўданае». Прадпрымальнікі прасілі прэзідэнта «аказаць садзейнічанне ў пераносе тэрміну прадпісанага арандатарам вызвалення займаных плошчаў». «Таксама з’яўляецца відавочным, што праца можа праводзіцца паэтапна і на час дэмантажу навесу над трыбунамі стадыёна „Дынама“, усе арандатары з „верхняй гандлёвай пляцоўкі“ гатовыя перамясціцца на „ніжнюю“, дзе ёсць дастатковыя для гэтага плошчы, што стане дадатковай крыніцай паступлення арэндных і падатковых плацяжоў у бюджэт», — адзначалася ў звароце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0