Кіраўнік кіберпаліцыі Ірана, палкоўнік Саед Шакрыан, які займаецца барацьбой з арганізаванай злачыннасцю ў сеціве, пазбавіўся сваёй пасады пасля таго, як у зняволенні памёр апазіцыйны блогер Сатар Бехешці, перадае France 24 са спасылкай на іранскую паліцыю.

Паводле афіцыйнай фармулёўкі, С. Шакрыан звольнены «за халатнасць і недастатковы кантроль за сваімі падначаленымі».

Адстаўка паліцэйскага чыноўніка адбылася амаль праз месяц пасля смерці блогера.

Паведамляецца, што смерць С. Бехешці наступіла ў выніку катаванняў. Ён апынуўся пад вартай 30 кастрычніка за крытыку рэжыму прэзідэнта краіны Махмуда Ахмадзінежада.
С. Бехешці быў знойдзены ў камеры мёртвым ўжо 3 лістапада.

Гісторыя досыць хутка атрымала міжнародную агалоску. У выніку таго, што здарылася, згодна з паведамленнямі іранскіх СМІ, арыштавана ўжо 7 чалавек, якія маглі быць датычнымі да смерці блогера. Такім чынам, смерць С. Бехешці стала адным з першых выпадкаў, калі Іран прызнаў справядлівымі абвінавачванні з-за мяжы ў парушэнні правоў чалавека.

Кіберпаліцыя Ірана была створана ў пачатку 2011 года для барацьбы з «сеткавай злачыннасцю», яе дзейнасць канцэнтруецца на барацьбе з апазіцыйнай агітацыяй ў сацыяльных сетках.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?