Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» 3 снежня атрымала адказ на звароты ў Міністэрства замежных спраў адносна магчымасці выдачы ўязных віз у Беларусь сябрам Вялікай Рады МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» Яўгену Вапу і Лене Глагоўскай.

У лісце за подпісам намесніцы Міністра замежных спраў А. М. Купчыной, гаворыцца, што «Міністэрства замежных спраў разгледзела звароты МГА «ЗБС „Бацькаўшчына“ адносна выдачы ўязных віз грамадзянам Рэспублікі Польшча Я. Вапу і Л. Глагоўскай і

паведамляе аб немагчымасці станоўчага вырашэння гэтага пытання».

Нагадаем, старшыні ўправы «Радыё Рацыя» і галоўнаму рэдактару Тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» Яўгену Вапу памежнікі без тлумачэння прычынаў анулявалі візу пры ўездзе ў Беларусь у траўні 2011 года. Некалькі разоў «Бацькаўшчына» дасылала звароты ў МЗС з просьбай патлумачыць прычыны анулявання візы, аднак у адказ атрымала толькі фармальную адпіску. У кастрычніку гэтага года Бацькаўшчына паўторна падрыхтавала неабходны для афармлення візы пакет дакументаў і даслала зварот у МЗС з просьбай адкрыць Яўгену Вапу ўязную візу ў Беларусь. Аднак у лістападзе Яўген Вапа ў Консульстве Беларусі ў Беластоку атрымаў пашпарт са штампам «адмоўлена».

Старшыні Беларускага культурнага таварыства «Хатка» ў Гданьску Лене Глагоўскай без тлумачэння прычынаў было адмоўлена ў атрыманні беларускай візы ў кастрычніку гэтага года ў беларускім консульстве ў Беластоку. Лена Глагоўская збіралася прыехаць у Гродна для ўдзелу ў Міжнароднай канферэнцыі «Людзі даўняй Гародні», арганізаванай Таварыствам беларускай школы.

Адказ МЗС каментуе Старшыня Рады МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская:

«Сітуацыя, на наш погляд, вельмі недарэчная і прыкрая. Цяжка зразумець, чаму ў Беларусь, на этнічную радзіму, не пускаюць людзей, якія, жывучы за мяжой, не толькі не забываюць пра свае карані і сваю Бацькаўшчыну, але і прыкладаюць вельмі шмат намаганняў дзеля папулярызацыі беларускай культуры ў Польшчы.
Менавіта дзякуючы такім людзям як Яўген Вапа і Лена Глагоўская сёння можна гаварыць пра існаванне беларускай меншасці ў Польшчы. Безумоўна, нас вельмі непакояць такія рашэнні беларускіх дзяржаўных органаў, асабліва ўлічваючы, што ў наступным годзе Згуртаванне „Бацькаўшчына“ ладзіць Шосты з’езд беларусаў свету. Яўген Вапа і Лена Глагоўская — сябры Вялікай Рады „Бацькаўшчыны“, знакавыя асобы для беларускай дыяспары, чыя прысутнасць на з’ездзе неабходная».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?