poster28 тыдняў пасьля (28 Weeks Later)
Вялікабрытані, 2007, каляровы, 99 хв.
Рэжысэр: Хуан Карлас Фрэснадыльё
Ролі выконваюць: Робэрт Карлайл, Роз Бірн, Джэрэмі Рэнэр, Аманда Ўокер, Шахід Ахмед, Гаральд Пэрына, Кэтрын МакКормэк, Гарфілд Морган
Жанр: Постапакаліптычны зомбі-фільм
Адзнака: 8,5 (з 10)

Пасьля эпідэміі шалёнства, якое пераўтварае людзей у зомбі, Брытанія спустошаная. Праз 28 тыдняў інфікаваныя загінулі ад голаду – і на выспу высаджваюцца войскі НАТА. Іхняя мэта – спрыяць зваротнай калянізацыі востраву.

Рэпатрыянты вяртаюцца ў Лёндан. Сярод прыбылых – дзеці галоўнага героя (Робэрт Карлайл), які выратаваўся, кінуўшы жонку крыважэрным шалёнцам. Эпідэмія спынілася, але вірус ня зьнішчаны. Ён вернецца ў сьвет празь зьнявечаную сям’ю…

Працяг катастрафічнага зомбі-фільму Дэні Бойла “28 дзён пасьля” атрымаўся ня горшым за арыгінал. Рэжысэр Хуан Карлас Фрэснадыльё, які засьвяціўся з малавядомым, але стыльным трымценьнікам “Інтакта”, павялічыў маштаб катастрофы й узмацніў дынаміку.

Пусты Лёндан, які палохаў гледачоў у “28 днях” цяпер труціцца газамі, бамбуецца авіяцыяй і расстрэльваецца снайпэрамі. Сцэна, калі ваенныя зьнішчаюць мірных каляністаў – усіх запар і здаровых, і хворых – стаецца мэтафарай тэрарыстычнага веку, залімітным кашмарам вайны, якая палыхае ў Іраку і якая прыйшла на заходнюю тэрыторыю.

Псэўдадакумэнтальныя кадры, дрыготкая камэра, цёмнае мэтро з загіблымі, асьветленае снайпэрскай вінтоўкай; хрыпы й крык, фантанчыкі крыві ад разрыўных куляў…. І хто цяпер страшнейшы, жывыя ці мёртвыя? Масавыя сцэны – ударныя атракцыёны Фрэснадыльё: паніка ў сутарэньнях, геліктэр, які вінтамі расьсякае зграю зомбі, масавыя ўцёкі. Жывыя ўцякаюць ад жывых – бо дадзены загад на зьнішчэньне; жывых перасьледуюць разьятраныя трупы.

Але масавая катастрофа пачынаецца зь сям’і, са здрады й боязі. Робэрт Карлайл не саступае герою “28 дзён” – Кіліяну Мэрфі – і прыўносіць досьвед уласных роляў. Ягоны пэрсанаж – гэта й людажэр (“Галодны”), і Гітлер (“Гітлер: Паўстаньне зла”) – і пралетар, які шукае ганебную працу (“Поўнае агаленьне”).

Невыносна страшны фільм для ўдумлівага прагляду.

Сэансы ў Менску

Усе фільмы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?