Як будуць разьвівацца падзеі на Кастрычніцкім пляцы далей? Адказваюць культурныя і грамадзкія дзеячы.

Лявон Вольскі, музыка: Неабходная праграма канкрэтных дзеяньняў — стаяньне на пляцы само па сабе дае мала плёну, апроч карцінкі. Гэта добра, але перамены ў грамадзтве і бяз гэтага відавочныя. Патрэбны рух далей. Напрыклад, збор подпісаў за правядзеньне паўторнага галасаваньня ці нешта кшталту гэтага. Галоўнае — не стаяць на месцы.

Уладзімер Арлоў, пісьменьнік: На гэты момант галоўнае — пратрымацца да 25 сакавіка. Кожны дзень адбываюцца затрыманьні ўдзельнікаў акцыі супраціву, аднак колькасьць тых, хто штодня далучаецца да пікетоўцаў, значна большая. Рашэньні пра далейшыя дзеяньні можна будзе прымаць зыходзячы з маштабнасьці правядзеньня акцыі, прысьвечанай Дню Волі.

Тадэвуш Гавін, заснавальнік Саюзу палякаў Беларусі: Прабачце, я не магу пакуль адказаць на пытаньне, толькі што вяртаюся з допыту ад сьледчага. (Сп. Гавіна падазраюць у падпале вясковай хаты. — “НН”.)

Генадзь Сагановіч, гісторык: У мяне падчас знаходжаньня на плошчы склалася ўражаньне, што там зашмат стыхійнасьці. А стаяньне на плошчы мусіць быць разумным і асэнсаваным. Падзеі ад 19 сакавіка ўжо засьведчылі, што мы нарэшце ператвараемся ў паўнавартасную грамадзянскую супольнасьць, што нас не ўдалося застрашыць.

Трэба пратрымацца да 25-га. І гэтае стаяньне мусіць прынесьці плён. Я бачу такі варыянт: пры вялікай колькасьці мітынгоўцаў адбываецца фармаваньне нейкага Народнага органу кіраваньня, які будзе мець паўнамоцтвы выказваць і абараняць інтарэсы ўсіх прыхільнікаў пераменаў. Менавіта такое фармаваньне магло б ініцыяваць перагляд вынікаў выбараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0