У межах рэфармавання сістэмы МУС прынята рашэнне аб стварэнні галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы. Пра гэта паведаміў міністр Ігар Шуневіч на канферэнцыі па праблемах ідэалагічнай сістэмы. Яна прайшла ў Акадэміі МУС 30 лістапада.
Справаздача апублікавана на сайце міліцэйскага ведамства 4 снежня. Тэма форуму — рызыкі, выклікі і пагрозы ў ідэалагічнай сферы дзейнасці дзяржорганаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі.
У размешчанай на сайце МУС інфармацыі паведамляецца, што галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай працы забяспечыць каардынацыю дзейнасці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў па рэалізацыі палітыкі беларускай дзяржавы ў галіне ідэалогіі, правядзенні ў жыццё ключавых інтарэсаў Рэспублікі Беларусь ва ўнутрыпалітычнай сферы,
цэласнасці выхаваўчага працэсу, скіраванага на фарміраванне сацыяльна сталай асобы супрацоўніка, якая мае якасці патрыёта, грамадзяніна і абаронцы Айчыны, здольнага супрацьстаяць злачыннасці, карупцыі, годна пераадольваць штодзённыя цяжкасці і негатыўнае інфармацыйнае ўздзеянне.

Цяпер у МУС існуе ўпраўленне ідэалагічнай працы, якое ўваходзіць у сістэму галоўнага ўпраўлення кадраў.

На канферэнцыі кіраўнік МУС гаварыў аб тым, што супрацьдзеянне рызыкам, выклікам і пагрозам у ідэалагічнай сферы дзейнасці праваахоўных органаў можа і павінна мець пераважна папераджальны (прафілактычны) характар.
Трэба разумець і прадбачыць ход развіцця шэрагу сацыяльных працэсаў і з’яў нават не на адзін, а на некалькі крокаў наперад. І, вядома ж, аператыўна рэагаваць на ўжо існыя нагоды.

Паводле слоў Шуневіча, дзейнасць органаў унутраных спраў па супрацьдзеянні сучасным крыніцам пагроз у ідэалагічнай сферы мае патрэбу ў пастаянным удасканаленні і карэкцыі на падставе вынікаў сур’ёзных навуковых даследаванняў і аператыўных сацыялагічных замераў.

«Сёння, як ніколі раней, мы маем патрэбу ў далейшым удасканаленні агульнай методыкі і прынцыпаў інфармацыйна-аналітычнай і псіхалагічнай працы ў службовых калектывах, — сказаў міністр.
— Мы шукаем новыя шляхі фарміравання грамадскай думкі пра сваю дзейнасць і гатовы да пашыранага дыялогу і ўзаемадзеяння, а таксама паслядоўнай рэвізіі, як дасягненняў, так і недапрацовак ва ўсіх кірунках сваёй дзейнасці».

Шуневіч паставіў задачу актывізаваць папулярызацыю дзейнасці органаў унутраных спраў на аснове вопыту папярэдніх пакаленняў, ініцыяваць стварэнне фільмаў, музычных і мастацкіх твораў пра міліцыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?