Старшынства ў СНД 1 студзеня 2013 года пераходзіць да Беларусі. Пра гэта заявіў прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў 5 снежня на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў у пашыраным складзе ў Ашхабадзе.

«Прайшло пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў у вузкім фармаце, падчас якога прынята рашэнне аб тым, што з 1 студзеня 2013 года старшынства ў СНД пераходзіць да Рэспублікі Беларусь», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што асноўнымі тэмамі падчас старшынства краіны ў Садружнасці будуць інтэграцыя на карысць чалавека, умацаванне добрасуседства, развіццё экалагічнага супрацоўніцтва і пашырэнне дыялогу культур. «Тым больш, як паведаміў старшыня (прэзідэнт Туркменістана), 2013 год аб’яўлены Годам экалагічнай культуры і аховы навакольнага асяроддзя ў СНД. Такое рашэнне было намі прынята на пасяджэнні ў вузкім коле», — сказаў Лукашэнка.

Ён зазначыў, што Беларусь будзе ўлічваць інтарэсы ўсіх краін — удзельніц СНД. Паводле слоў Лукашэнкі, актуальнымі з’яўляюцца тэмы развіцця інфармацыйнай прасторы, умацавання міжкультурнага і міжэтнічнага ўзаемадзеяння, пашырэння кантактаў на ўзроўні навуковай і творчай інтэлігенцыі, ветэранскіх і маладзёжных арганізацый і рэалізацыі праектаў у сферы аховы навакольнага асяроддзя.

Выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў паведаміў, што Беларусь правядзе наступны саміт Садружнасці ў кастрычніку 2013 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?