Ні года без зменаў! Пад такім дэвізам даводзіцца працаваць педагогам.

Беларускую адукацыю рэфармуюць часта. Рэформы гэтыя часам падаюцца дзіўнымі. Успомніце пераход на 12-гадовае навучанне і назад, скарачэнне замежнай мовы і неўзабаве павелічэнне колькасці яе гадзін. І, мякка кажучы, не заўсёды гэтыя «рэформы» знаходзяць шырокую падтрымку сярод насельніцтва.

На пачатку восені загаварылі пра скарачэнне летніх канікул, каб разгрузіць праграму. А зусім нядаўна, з 1 кастрычніка, Міністэрства адукацыі ўвяло «Гадзіну здароўя і спорту» — абавязковы спартовы факультатыў.

Раней фізкультуры было толькі два ўрокі на тыдзень. Прычым зрабілі тое дадаткова, ужо калі расклад заняткаў быў сфармаваны. Гэты ўрок стаў у многіх класах 8-м. У выніку ў многіх дзяцей ён перакрываецца з заняткамі ў музычнай школе, гуртках. Дзеці ў гэты дзень запозна абедаюць…

І што, пытаюся сына, усе ходзяць на гэты ўрок? Не, некаторыя прапускаюць, кажа ён.

Здаецца, у такой форме новаўвядзенне не дадае дзецям здароўя.

Як жа дабіцца, каб дзеці болей рухаліся?

Два выхадныя вельмі карысныя для адпачынку дзяцей і каб яны прывучаліся да хатняй працы.
У той жа час увядзенне другога выхаднога ў свой час прывяло да скарачэння школьных праграм, а гэта пагражае ведам. Выйсцем магло б стаць падаўжэнне навучальнага года на чэрвень. Або падаўжэнне навучальнага дня. Але ў апошнім выпадку трэба прадумаць вялікі, можа быць нават гадзінны, перапынак на абед і адпачынак, пасля якога заняткі працягваліся б.

Дарэчы, у французскіх сярэдніх школах і ў чэрвені вучацца, і абед з 12 да 13 — гэта святое.

А як самі школьнікі і іх бацькі ставяцца да гэтых рэформаў? І як бы размяркавалі нагрузку, калі б былі міністрамі адукацыі?

Карысная інфармацыя. «Гадзіна здароўя» — не абавязковы ўрок, а факультатыўны занятак. Калі ваша дзіцё ўжо займаецца ў якойсьці секцыі і Вы лічыце, што праз дадатковы ўрок школа перагружае, Вы можаце вызваліць яго ад наведвання гэтага факультатыва, напісаўшы адмысловую заяву.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?