Жыхар Магілёва, муляр пятага разраду Аляксей Паўлоўскі накіраваў ліст Аляксандру Лукашэнку з просьбай адкласці наведванне ўведзенага ў строй восенню гэтага года вертыкальна-інтэграванага дрэваапрацоўчага комплексу ЗТАА «ВМГ Індустры».

У лісце Паўлоўскі, які раней працаваў на будаўніцтве гэтага аб’екта, якое вяло ААТ «Прамжылбуд», нагадвае пра падзенне там сцяны вышынёй 10 метраў ад моцнага ветру ў чэрвені. Будаўнік піша, што да падзення сцяны ён папярэджваў пра магчымы інцыдэнт «з прычыны таго, што не мацаваліся сцены да калон» і кіраўніцтва ААТ «Прамжылбуд», і кіраўніцтва вобласці. Аднак, паводле яго сцвярджэння, рэакцыяй начальства будаўнічай арганізацыі стала яго звальненне. Пасля падзення сцяны Паўлоўскі звяртаўся ўжо ў пракуратуру вобласці з патрабаваннем праверкі выкладзенага ім факта абвальвання. Пракуратура не знайшла пацвярджэння гэтаму факту, і пракурор вобласці Эдуард Сянькевіч абверг інфармацыю пра падзенне сцяны.

«Я адчуваю адказнасць як за жыццё работнікаў фабрыкі, так і за жыццё высокіх асоб, якія пажадалі наведаць гэты патэнцыяльна небяспечны аб’ект», — піша Паўлоўскі.
Ён просіць Лукашэнку адкласці наведванне дрэваапрацоўчага завода «ў сувязі з патэнцыяльнай небяспекай для жыцця (магчымасць быць прыціснутым сцяной), пакуль не будуць абследаваны ўсе мацаванні сцен да калон незалежнай (не з Магілёўскай вобласці) камісіяй». Да ліста Паўлоўскі прыкладае фота абваленай сцяны.

Адзначым, што гендырэктар ЗТАА «ВМГ Індустры» Віктарас Адамайціс пракаментаваў інфармацыю пра падзенне сцяны пры будаўніцтве дрэваапрацоўчага завода. «Кожны праект мае пазіцыю і апазіцыю. Так і наш праект. Чым праект буйнейшы, тым буйнейшая апазіцыя. Многія не жадалі, каб мы сюды інвеставалі.

І тое, што абваліліся два цагляныя рады перагародкі, — пры будаўніцтве ўсё бывае. Бывае, малаток з рук валіцца.
Мы гэты выпадак нават не зарэгістравалі як інцыдэнт», — заявіў кіраўнік «ВМГ Індустры».
Нагадаем, раней галоўны інжынер ААТ «Прамжылбуд» Сяргей Каласоўскі паведаміў БелаПАН, што сцяна корпуса дрэваапрацоўчага завода абвалілася з-за «моцнай ветравой нагрузкі».

Паводле наяўнай інфармацыі, візіт Лукашэнкі ў Магілёўскую вобласць магчымы ў гэтым месяцы. Інфармацыі пра планы наведвання ім новага дрэваапрацоўчага завода пакуль не паступала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?