Двухбаковая сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў рамках Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, які прайшоў 5 снежня ў Ашхабадзе, не планавалася.
Аб гэтым паведаміў кіраўнік прэс-службы беларускага прэзідэнта Павел Лёгкі.

«У нас прайшлі дзве двухбаковыя сустрэчы з прэзідэнтамі Украіны і Туркменістана, — адзначыў Лёгкі. — Большая частка зносінаў усіх прэзідэнтаў праходзіла за зачыненымі дзвярыма, без прысутнасці прэс-сакратароў, таму з кім яшчэ размаўляў прэзідэнт, праінфармаваць не магу».

Як паведамлялася раней, 5 снежня Лукашэнка ўдзельнічаў у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД. У рамках саміта Аляксандр Лукашэнка правёў двухбаковыя сустрэчы з прэзідэнтамі Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым і Украіны Віктарам Януковічам.

Прэс-служба Крамля, у сваю чаргу, паведаміла аб двухбаковых сустрэчах Уладзіміра Пуціна з Віктарам Януковічам, а таксама прэзідэнтамі Казахстана Нурсултанам Назарбаевым і Арменіі Сержам Саргсянам.

Некаторыя палітолагі не выключаюць, што Пуцін мог пакрыўдзіцца на свайго беларускага калегу за яго нядаўнія выказванні датычна здароўя расійскага лідара.

Нагадаем, у інтэрв’ю агенцтву Рэйтэр 26 лістапада Лукашэнка, адказваючы на пытанне, ці гуляе ён у хакей з Пуціным, заўважыў: «Ён (Пуцін) кажа мне: „мы яшчэ не гатовы гуляць з тваёй камандай“. Ён пашкодзіў пазваночнік дзесьці. У барацьбе. Бароўся на дыване і пашкодзіў пазваночнік».

Прэс-служба Крамля чуткі аб сур’ёзных праблемах са здароўем у Пуціна абвергла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?