Да шырока анасаванага апакаліпсісу 21 снежня засталося зусім нядоўга. А калі сустракаць, дык з музыкай: менавіта 21 снежня ў Мінску выступіць «спрэчны таварыш» Мэрылін Мэнсан, кабарэ-бэнд «Срэбнае вяселле», а ў Гродне пачнецца «Святочны кірмаш». Але што слухаць, калі ў апакаліптычную пятніцу не выдаецца трапіць на нейкае мерапрыемства? «НН» спытала беларускіх музыкаў, пад якую песню ці музыкальную кампазіцыю яны б сустрэлі канец свету.

Лявон Вольскі

«Палёт валькірый» (з оперы «Валькірыя» Рыхарда Вагнера — «НН»). Дзіўнае пытанне, але гэта першае, што прыйшло ў галаву.

Ігар Варашкевіч (Крама)

Дакладна пад «Highway to Hell» (знакамітая песня аўстралійскага хард-рок гурта AC/DC — «НН»), пад якую ж яшчэ?! Але ж мы на канцэрце вырашылі, што канца свету не будзе, таму з надыходзячым Новым годам!

Паліна Рэспубліка

Напэўна, гэта павінна быць нешта пазітыўнае і вясёлае, а не сумнае. Мяркую, што я б сустрэла канец свету пад песню «Feeling Good» у выкананні Ніны Сімон.

Дзмітры Наркевіч (Re1ikt)

Песня «I Can See You» гурту Neurosis. У канец свету не веру: шмат чаго яшчэ трэба зрабіць, і нішто не павінна гэтаму замінаць. Але ў фінальны момант, калі разумееш, што ўжо ўсё, хацелася б пачуць менавіта яе.

Юры Стыльскі (Дай Дарогу!)

Не думаю, што абавязкова сустракаць канец свету пад музыку. У мяне няма нейкіх пераваг, ведаеце, каб «перамыкала». Дастаткова было б Radio Paradise.

Некамерцыйнае каліфарнійскае Radio Paradise, якое існуе на ахвяраванні слухачоў, можна паслухаць тут.

На жаль, не ўсе музыкі, да якіх датэлефанавалася «НН», параілі трэк для сустрэчы канцу свету.

Спявак Аляксандр Саладуха сказаў: «Напішыце ў сваёй газеце: «Аляксандр Саладуха сказаў, што канца свету не будзе». Гэта ўсё лухта. Гэта неразумнае пытанне. І людзі, якія ў гэта вераць, няправільна робяць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?