Савет Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС 7 снежня на пасяджэнні ў Мінску ўхваліў выдзяленне Беларусі чарговага транша крэдыту ў $440 мільёнаў. Пра гэта паведаміў міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў.

«Рашэнне прынята станоўчае. Мы мяркуем, што ўсе неабходныя дакументы для яго прыняцця былі падрыхтаваныя», — сказаў ён.

Пры гэтым расійскі міністр заявіў, што не варта звязваць гэтае рашэнне з палітычнымі момантамі:

«Магу вас запэўніць, што ніякай палітыкі не было. Гэта чыстая эканоміка».

Паводле слоў Сілуанава, увесь пералік мерапрыемстваў, прадугледжаных для выдзялення чацвёртага транша крэдыту, выкананы. Асобныя паказчыкі былі адкарэктаваныя, зазначыў ён.

Пры прыняцці рашэння выкананне Беларуссю паказчыкаў па прыватызацыі дзяржуласнасці на 2,5 млрд. долараў не было вызначальным, заявіў кіраўнік Мінфіна РФ.

«Пытанне прыватызацыі — гэта пытанне чарговага этапу рэалізацыі праграмы. Будзем яго разглядаць у наступным годзе», — сказаў міністр.

Адказваючы на пытанне пра тэрміны пералічэння ў Беларусь чарговага транша, Сілуянаў заявіў, што «грошы паступяць у найбліжэйшым часе».

Пагадненне паміж Беларуссю і Еўразійскім банкам развіцця (ЕАБР), які кіруе сродкамі АКФ ЕўрАзЭС, па выдзяленні крэдыту на 3 млрд. долараў шасцю траншамі было падпісана 9 чэрвеня 2011 года.
Першы транш на 800 млн. долараў быў пералічаны ў Беларусь 21 чэрвеня 2011 года, яшчэ 440 млн. долараў — у снежні 2011-га.

У 2012 годзе Беларусь павінна атрымаць два траншы па 440 млн. долараў кожны. Трэці транш быў атрыманы ў чэрвені і залічаны ў золатавалютныя рэзервы краіны. У чэрвені намеснік міністра фінансаў РФ Сяргей Старчак выказаў меркаванне, што Беларусь мае ўсе шанцы да канца года атрымаць чацвёрты транш.

Атрыманне гэтых сродкаў здымае патрэбу тэрміновых перамоваў з МВФ. Цікава, што крэдыт выдзяляецца, нягледзячы на той факт, што ўмовы праграмы Беларуссю не споўненыя. У прыватнасці, Мінск не атрымаў у 2012-м ад прыватызацыі 2,5 млрд даляраў, як таго прадугледжвала дамова, падпісаная ў 2011 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?