Ірляндзкая кампанія «Greenfield Project Management Limited» наладзіць у Беларусі мэгавытворчасьць паліўнага этанолу з чарнобыльскага збожжа.

Дзеля гэтага ўтвораць сумесныя прадпрыемствы ў Бабруйску і Мазыры.

Вытворчасьць паліўнага этанолу наладзяць на базе двух беларускіх прадпрыемстваў – Мазырскага камбінату «Этанол» і Бабруйскага гідролізнага заводу. Гэта паведаміла на адмысловай прэс‑канфэрэнцыі старшыня рады дырэктараў ірляндзкай кампаніі «Greenfield Project Management Limited» Эн Маклейн. Цяпер адбываецца працэс дзяржрэгістрацыі сумесных прадпрыемстваў «Грынфілд Этанол Бабруйск» і «Грынфілд Этанол Мазыр». Доля беларускага боку ў акцыянэрным капітале складзе 20%, рэшта будзе належаць ірляндзкай кампаніі.

Аб’ём інвэстыцыяў у вытворчасьць паліўнага этанолу складае некалькі сотняў мільёнаў эўра. Тэрмін рэалізацыі праекту ад пабудовы да пачатку вытворчасьці – 1,5—2 гады. На тэрыторыях прадпрыемстваў пабудуюць новыя аб’екты: у Мазыры завод зойме плошчу ў 25 га, у Бабруйску – 4,5 га. Заплянаваны штогадовы прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі з абодвух заводаў складзе 350 млн эўра. У Бабруйску чакаецца аб’ём вытворчасьці ў 10 млн дал, у Мазыры — 55 млн дал. На першым этапе ўсю прадукцыю мяркуюць прадаваць за мяжу. Кантракты на продаж прадукцыі, што будзе выпушчаная цягам бліжэйшых двух год, ужо прададзеная.

Спачатку паліўны этанол будуць экспартаваць на Захад, затым адбудзецца істотная пераарыентацыя на расейскі рынак. Гэта тлумачыцца ўсё большай канкурэнцыяй з боку краінаў Усходняй Эўропы, у якіх імкліва наладжваецца аналягічная вытворчасьць.

Намесьнік старшыні канцэрну «Белбіяфарм» Уладзімер Магілёвец, які прадстаўляў на прэс‑канфэрэнцыі беларускі бок, патлумачыў, што на сёньня ў Беларусі не існуе нарматыўна‑прававой базы выкарыстаньня паліўнага этанолу. «Таму пакуль і плянуем увесь аб’ём выпушчанай прадукцыі прадаваць за мяжу. Калі ж нарматыўна‑прававая база датычна выкарыстаньня ў Беларусі паліўнага этанолу будзе распрацаваная, не выключаем і пераразьмеркаваньня часткі прадукцыі на ўласны рынак», – распавёў У.Магілёвец. Паводле чыноўніка, рэалізацыя такога праекту стала магчымая дзякуючы зьмякчэньню інвэстыцыйнай палітыкі Беларусі. Намесьнік старшыні «Белбіяфарму» зазначыў, што ў будучыні экспартны патэнцыял паекту дазволіць яму выйсьці ў лідэры па прыцягненьні валюты ў бюджэт. «Безумоўная карысьць і ў пляне імпартазамяшчэньня – вытворчасьць этанолу суправаджаецца атрыманьнем карысных пабочных прадуктаў: вуглекіслаты, вадкай брагі, што выкарыстоўваецца для вытворчасьці харчовых дадаткаў для патрэбаў жывёлагадоўлі, а таксама сульфату амонію – мінэральнага ўгнаеньня», – падкрэсьліў сп.Магілёвец.

Па словах афіцыйнага прадстаўніка «Greenfield Project Management Limited» у Беларусі Андрэя Алейнікава, праект прадугледжвае выкарыстаньне ў якасьці сыравіны зерня пшаніцы, жыта і трыцікале. «На пачатку рэалізацыі праекту будзе выкарыстоўвацца звычайнае збожжа, затым, як прадугледжвалася ад пачатку, пачнем выкарыстоўваць збажыну, завезеную з забруджаных у выніку аварыі на ЧАЭС тэрыторыяў» – патлумачыў сп. Алейнікаў. Такім чынам будзе рэалізоўвацца беларуска‑ірляндзкая праграма ачышчэньня забруджаных тэрыіорыяў.

Штогод заводы ў Мазыры і Бабруйску будуць перапрацоўваць да 1,5 млн т зерня, зь іх каля 30% будзе складаць айчыннае зерне. Астатнія 70% плянуецца закупляць у Расеі, Украіне ды Казахстане. Дарэчы, Беларусь усяго атрымлівае каля 6 млн тонаў збожжа за год.

Кажучы пра экалягічны аспэкт дзейнасьці заводаў, прадстаўнік кампаніі ў Беларусі падкрэсьліў, што вытворчасьць паліўнага этанолу зь зерня бясшкодная для навакольля. Больш за тое, вытворчы працэс прадугледжвае паўторнае выкарыстаньне тэхналягічнай вады. Акрамя таго, на абодвух прадпрыемствах збудуюць міні‑ТЭЦ, што будуць працаваць на мэтане – пабочным прадукце вытворчасьці.

Паліўны этанол шырока выкарыстоўваецца ў якасьці дадатку да бэнзіну. Ён займае 15% у агульным абёме паліва, што выкарыстоўваецца ў сьвеце. Вытворчасьцю паліўнага сьпірту займаюцца Швэцыя, Нямеччына, Бразылія.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0