Публічную лекцыю, прысвечаную 500-годдзю з дня нараджэння славутага дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага Мікалая Радзівіла Рудога, арганізавалі 8 снежня ў магілёўскай ратушы Музей гісторыі Магілёва і мясцовае аддзяленне РГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны».

З лекцыяй выступіў мінскі гісторык Алег Дзярновіч. Ён расказаў, што род Радзівілаў, і ў прыватнасці Мікалай Радзівіл Руды, усімі сіламі імкнуліся захаваць незалежнасць і суверэнітэт ВКЛ. Гэтаму спрыяла і перамога ў бітве каля ракі Ула непадалёк ад Чашнікаў у 1564 годзе падчас Лівонскай вайны. Тады войскі ВКЛ пад кіраўніцтвам Мікалая Радзівіла Рудога колькасцю 4–6 тысяч чалавек далі бой перадавым часцям рускіх войскаў на чале з князем Шуйскім, якія налічвалі прыкладна 25 тысяч воінаў, і ўшчэнт разбілі захопнікаў. Паводле сцвярджэння Дзярновіча, поспех у бітве для вялікалітоўскага палкаводца шмат у чым прадвызначыла выдатна пастаўленая разведка.

Як сцвярджае гісторык, менавіта гэтая перамога спрыяла таму, што Люблінская ўнія паміж ВКЛ і Каронай Польскай была заключана на пяць гадоў пазней, у 1569 годзе, і ВКЛ працягнула сваё існаванне як незалежная дзяржава.

«Яго справу прадоўжыў Леў Сапега — у тым жа Статуце быў юрыдычна замацаваны суверэнітэт Вялікага Княства. Дый увесь план Люблінскай уніі не быў рэалізаваны дзякуючы ў тым ліку Мікалаю Радзівілу Рудому. І ўжо гэта варта таго, каб мы памяталі гэтага дзеяча», — заявіў Алег Дзярновіч.

Сёння, адзначыў гісторык, род Радзівілаў робіцца ў Беларусі свайго роду культавым. «Гэта звязана і з рэстаўрацыяй Нясвіжскага замка, гэта падтрымліваецца на афіцыйным узроўні. І зараз, думаю, кожны школьнік ведае, што быў такі ўплывовы род Радзівілаў», — сказаў Дзярновіч.

Зрэшты, дадаў ён, пакуль не прыкметна дзеянняў, скіраваных на ўшанаванне асобных персаналій гэтага роду. «Хоць, безумоўна, Мікалай Радзівіл Руды варты гэтага», — падкрэсліў лектар.

Дзярновіч зачытаў урыўкі з паэмы Мацея Стрыйкоўскага «Бітва пад Улай», а таксама прадэманстраваў на слайдах старонкі кнігі, што знаходзіцца ў Пушкінскім Доме ў Санкт-Пецярбургу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?