З 28 па 30 чэрвеня мне пашанцавала прысутнічаць на Эўрапейскім моладзевым кангрэсе ў Ляйпцыгу. На Кангрэс былі запрошаныя маладыя людзі з розных краін, у тым ліку зь Беларусі. У склад нашай дэлегацыі ўваходзілі прадстаўнікі МХСС «Маладыя Дэмакраты», Маладога Фронту, Моладзі БНФ, некаторыя іншыя студэнты. Сярод спэцыяльна запрошаных людзей варта выдзяліць намесьніка старшыні АГП Уладзімера Чырвоненку, які быў запрошаны ў якасьці сьпікеру.

Цягам трох дзён мы мелі магчымасьці ня толькі слухаць паважаных прамоўцаў, але й размаўляць з аднагодкамі, абмяркоўваць актуальныя для ўсёй эўрапейскай супольнасьці пытаньні. Перад намі выступалі людзі, якія з’яўляюцца знакавымі постацямі ў сусьветнай палітыкі: Гэльмут Коль — былы фэдэральны канцлер Нямеччыны, Ганс‑Гэрт Поттэрынг — прэзыдэнт Эўрапарлямэнту, Віктар Орбан — намесьнік старшыні Эўрапейскай народнай партыі і былы прэм’ер‑міністар Вугоршчыны.

І як бы мы, маладыя людзі не імкнуліся адвяргаць (па іншаму сказаць цяжка) аўтарытэт старэйшага за нас пакаленьня, але толькі ад такіх дасьведчаных людзей мы зможам пачуць рэчы, што дапамогуць нам сфармуляваць адказы на нашыя пытаньні, якія мы з пэўнай рэгулярнасьцю задаем самі сабе. Напрыклад, Гэльмут Коль, калі ўзгадваў сваё пасьляваеннае дзяцінства, казаў, што ў той час і ўявіць сабе ня мог, што Эўропа пойдзе па шляху аб’яднаньня, а таксама, зьвяртаючыся да ўдзельнікаў Кангрэса сказаў, што менавіта нашаму пакаленьню наканавана завершыць тую справу, якую яны пачыналі. І адразу ж ўяўленьне малявала, як праз трыццаць год і Беларусь будзе такой жа заможнай і аўтарытэтнай краінай, а мы будзем выступаць ужо ў якасьці прамоўцаў для маладых людзей з краінаў, якім не так пашансавала як нам. А калі Віктар Орбан у сваёй прамове сказаў: «Хопіць неалібэралізму, Эўропа павінна пераходзіць да сацыяльна арыентаванай эканомікі,» чамусьці падумалася пра тое, што мы сапраўды павінны стала трымацца за нашыя традыцыйныя беларускія каштоўнасьці: павагу і клопат да старых людзей, жанчын, дзяцей.

Што тычыцца Беларусі, то яна была пастаянна ў эпіцэнтры ўвагі. Спадар Поттэрынг у сваёй прамове вызначыў падтрымку Беларусі, як адзін з прыярытэтных накірункаў у эўрапейскай палітыкі. Таксама да тэмы Беларусі, яе праблемаў і магчымых шляхоў дапамогі з боку Эўропы рэгулярна зьвярталіся выступоўцы з розных краінаў, а ўдзельнікі жадалі нам посьпехаў і запытваліся, чым непасрэдна яны могуць нам дапамагчы.

Інтарэс да Беларусі з боку нямецкіх арганізатараў, падкрэсьліваў яшчэ адзін цікавы факт: беларуская дэлегацыя была другой па колькасьці ўдзельнікаў (пяць чалавек), пасьля расійскай (ад іх было запрошана шэсьць удзельнікаў). У той самы час, як ад іншых краінаў запрашалі ад аднаго да трох чалавек. Безумоўна, гэта сьведчыць не толькі пра вялікі інтарэс да нашай дзяржавы, не толькі ёсьць сыгналам для маладога пакаленьня беларусаў, што нас чакаюць у аб’яднанай Эўропе, але і паказчык стратэгічнага накірунку зьнешняй палітыкі Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччыны.

Таксама, мне кінуўся ў вочы адзін дастаткова цікавы факт: рэакцыя эўрапейскіх удзельнікаў і прамоўцаў на паводзіны і аргумэнтацыю польскай дэлегацыі пад час сустрэчы лідэраў Эўрапейскага зьвязу для абмеркаваньня будучыні Эўрапейскай канстытуцыі. Безумоўна, калі гэтай тэмы мы краналіся ў афіцыйнай атмасфэры, то камэнтар быў адзіным: «Мы рады, што ў нашых лідэраў атрымалася дамовіцца», але ўжо ў неафіцыйнай атмасфэры, так бы мовіць без гальштукаў, самы мяккі камэнтар, які мне давялося пачуць: «палякі самі не разумеюць, што кажуць і робяць», і ўсё гэта на агульным тле абурэньня на афіцыйную Варшаву, і жалю за тое, што яны абралі шлях у нікуды… А з гэтага вынікае простае пытаньне: Ці можа Польшча паўнавартасна прадстаўляць інтарэсы нашай краіны на міжнароднай арэне, калі ёй зараз самой патрэбна дапамога? А тым больш трэба разумець, што ў міжнародных дачыненьнях Польшчы яшчэ вельмі доўга прыйдзецца выпраўляць свой імідж пасьля такіх дыпляматычных «фінтоў», дык ці можам мы рабіць адзіную стаўку на краіну, на якую і так у Эўропе глядзяць вельмі коса? Мне падаецца, што НЕ!!! Нам патрэбна шукаць не толькі больш моцнага дыпляматычнага партнэра, але і са значна лепшай рэпутацыяй ў Эўропе, калі мы хочам быць роўнай эўрапейскай краінай.

Зараз, праз тыдзень пасьля Эўрапейскага моладзевага кангрэсу, азіраючыся на тыя падзеі, размовы і ураджаньня, перада мною паўстаюць новыя пытаньні… мы, беларусы, прызвычаіліся казаць пра нацыянальныя інтарэсы іншых дзяржаваў: Расіі, ЗША, Нямеччыны, Польшчы, Літвы. Але ці ўсьведамляем мы самі, якія нацыянальныя інтарэсы павінны быць у дэмакратычнай Беларусі?

Мне падаецца, што пакуль мы не задавалі сабе такое пытаньне і тым больш не імкнуліся сыстэматызаваць усе кропкі гледжаньня на гэты конт. Мне бачыцца стратэгічным кірункам разьвіцьця Беларусі — сяброўства нашай краіны ў Эўрапейскім зьвязе. Але ж мы, Маладыя Дэмакраты, хацелі бы, каб беларуская грамадзтва, экспэрты і палітыкі зьвярнулі больш пільную ўвагу да такой насьпелай рэчы, як вызначэньне і, галоўнае, агучваньне нацыянальных інтарэсаў Беларусі, нашых стратэгічных краінаў‑партнэраў, пазыцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў адносна актуальных і глябальных пытаньняў, якія зараз вырашае міжнародная супольнасьць.

Андрэй Дзенісевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0