«Улады Беларусі, Бірмы, Кубы, Паўночнай Карэі, Сірыі, Ірана, Судана і Зімбабве па‑ранейшаму прыцясняюць сваіх грамадзян», — гаворыцца ў заяве прэзідэнта ЗША Джорджа Буша з нагоды Тыдня паняволеных народаў, што адзначаецца штогод. Заява размешчана на інтэрнет‑сайце Белага Дома.

Паводле інфармацыі амерыканскага лідэра, Адміністрацыя прэзідэнта ЗША стварыла Фонд абаронцаў правоў чалавека, які будзе прадастаўляць гранты для «юрыдычнай абароны і медыцынскай дапамогі дэмакратам‑дысідэнтам, якія былі арыштаваныя або збітыя рэпрэсіўнымі ўрадамі». Апрача таго, падкрэсліў прэзідэнт, ЗША падвоілі фінансаванне дэмакратычных праектаў па ўсім свеце.

«Распаўсюджванне свабоды з’яўляецца маральным абавязкам. ЗША плячо ў плячо супрацоўнічаюць з новымі дэмакратыямі ў Ліберыі, Маўрытаніі, Украіне, Грузіі і Кыргызстане, — падкрэсліў Дж.Буш. — Амерыканцы вераць, што полымя свабоды гарыць у сэрцы кожнага чалавека, і што гэта полымя не можа быць патушана ўрадамі, тэрарыстамі або тыранамі».

Тацяна Каравянкова, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0