Беларускія ўлады павінны неадкладна адмяніць адыёзны дэкрэт № 9, а таксама дэкрэт № 29, прыняць неабходныя меры для забеспячэння законнасці, выканання Рэкамендацый Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) па ліквідацыі масавых парушэнняў правоў працоўных і прафсаюзаў у краіне. Пра гэта гаворыцца ў заяве лідара Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука.

«Падпісаны Аляксандрам Лукашэнка 7 снежня гэтага года Дэкрэт № 9 «Аб дадатковых мерах па развіццю дрэваапрацоўчай прамысловасці» ўводзіць і робіць рэальнасцю ў краіне, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, прымусовую працу, — заявіў лідар незалежных прафсаюзаў. — Са спасылкай на сумна вядомы дэкрэт № 29 «Аб некаторых мерах па ўмацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны», які пацягнуў масавы перавод работнікаў на тэрміновыя працоўныя кантракты, дэкрэт № 9 прадугледжвае яшчэ больш вытанчаныя формы дыскрымінацыі работнікаў у працоўных адносінах».

На думку Ярашука, дэкрэт пярэчыць канвенцыям МАП. Ярашук нагадвае, што спроба хунты М’янмы выкарыстоўваць прымусовую працу скончылася міжнароднымі эканамічнымі санкцыямі супраць краіны.

Прафсаюзны лідар заклікае адмяніць дэкрэты № 9 і 29.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?