Упраўленне Следчага камітэта па Гомельскай вобласці раскрыла заказное забойства. Пасля пажару ў Гомелі 3 снежня па Ляшчынскім праездзе ў прыватным доме былі знойдзены трупы 45-гадовага прадпрымальніка і яго старой маці. Высветлілася, што яны загінулі не падчас пажару, а былі забітыя.

Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення следчага камітэта па Гомельскай вобласці Юрый Дзям’янчык, бізнесмен займаўся пракатам аўтамабіляў, у яго ўласнасці знаходзілася шэсць дарагіх іншамарак. Мужчына быў у разводзе з жонкай і жыў разам з маці.

А 20-гадовы беспрацоўны сын камерсанта часова пражываў у Бранскай вобласці Расіі, часта бываў у Гомелі. Малады чалавек быў дыджэем і ладзіў вечарынкі, у тым ліку ў гомельскіх клубах.

Хлопец канфліктаваў з бацькам з-за таго, што ён мала дапамагае яму грашыма. Таму вырашыў замовіць забойства бацькі, каб яму па спадчыне дасталіся аўтамабілі, якія ён планаваў прадаць. Пра забойства за 10 тысяч даляраў ён дамовіўся са сваім беспрацоўным 20-гадовым прыяцелем.

У адну з начэй у канцы лістапада прыяцель дыджэя пракраўся ў дом бізнесмена, адчыніўшы дзверы ключамі яго сына.

Прадпрымальнік прачнуўся і спрабаваў змагацца з забойцам, але пры дапамозе малатка і іншых сродкаў малады чалавек забіў мужчыну і яго маці.
Трупы схаваў у багажніку аўтамабіля, які стаяў у двары дома.

Сваякоў у сям’і ў Гомелі не было, таму гібель бізнесмена і яго маці ніхто не заўважыў.

На працягу некалькіх дзён выканаўца забойства заходзіў у дом да сваіх ахвяр і краў іх рэчы.
Праз дзесяць дзён пасля забойства перанёс трупы назад у дом і падпаліў яго, спрабуючы інсцэніраваць пажар.

Першым супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі замоўцу забойства, а пасля і выканаўцу, які ўжо прызнаўся ва ўчыненым. Сын жа прадпрымальніка пакуль не прызнае сваю віну. Тым не менш ён праходзіць па справе як саўдзельнік забойства. Следства працягваецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?