У судзе Цэнтральнага раёна Мінска працягваецца разгляд справы старшыні Іўдзейскага рэлігійнага аб’яднання.

13 снежня адным са сведкаў выступіла намесніца пракурора Воранаўскага раёна Людміла Сазон. Яна летась праводзіла праверку па дому Хафеца-Хаіма ў пасёлку Радунь.

Па яе словах, у лютым 2011-га ў Воранаўскую пракуратуру паступіла заява ад жанчыны. Яна прачытала ў адной з газет зацемку пра вываз дома, дзе некалі жыў духоўны лідар яўрэйскай грамады Хафец-Хаім, у ЗША. І прасіла праверыць, ці не быў будынак гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Высветлілася, што дом быў пабудаваны прыкладна ў 1900 годзе, але не з’яўляўся гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

У 2001-м яго выкупіла Іўдзейскае рэлігійнае аб’яднанне.

Паводле намесніцы пракурора, на разборку і вываз дома быў дазвол мясцовых уладаў. Дакументаў на гэта не захавалася. Тое пацвердзілі супрацоўнікі райвыканкама падчас апытання.

Але тады не правяралася законнасць вывазу дома.

Юрый Дорн абвінавачваецца ў «Атрыманні хабару», «Перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў», «Ухіленні ад выплаты падаткаў», «Крадзяжы або пашкоджанні дакументаў, штампаў, пячатак», «Службовым падлогу».

Адзін з эпізодаў і звязаны з домам у Радуні. Па версіі следства, Дорн яшчэ ў 2001—2002 разабраў і вывез з пасёлка праз Літву ў ЗША дом рабіна Хафеца-Хаіма. Каб атрымаць будынак, ён выкупіў у пасёлку некалькі кватэр, якія і абмяняў на той дом. Па версіі абвінаваўцы, злачынства ў тым, што Юрый Дорн ад імя аб’яднання заключаў дамовы, а насамрэч рабіў тое без рашэння праўлення. І не перадаваў дакументы ў бухгалтэрыю.

Вінаватым сябе старшыня аб’яднання не прызнае.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?