Кіраўнік «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін выклаў у фэйсбуку 32-старонкавую квартальную справаздачу брытанскай кампаніі «Чайм Кам’юнікейшнз» аб працы, праведзенай яе кіраўніком лордам Белам для паляпшэння іміджу Беларусі на міжнароднай арэне.

Гадавы кантракт аб паляпшэнні іміджу Беларусі на міжнароднай арэне піяр-менеджар, кіраўнік савета дырэктараў кампаніі «Чайм Кам’юнікейшнз» Цімаці Бел заключыў з беларускім урадам у канцы ліпеня 2008 года.

Кантракт прадугледжваў правядзенне дзвюх кампаній — інфармацыйнай і маркетынгавай.

Мэтай інфармацыйнай было «данесці больш канкрэтнае ўяўленне пра Беларусь у процівагу вобразу, створанаму ў сусветных СМІ». Маркетынгавая кампанія была заклікана спрыяць павышэнню інвестыцыйнай прывабнасці краіны.

У жніўні 2009 года беларускі ўрад не прадоўжыў кантракт. Падрабязнасці бакі не каментавалі.

У інтэрнэце выкладзена справаздача пра дзейнасць лорда Бела ў падтрымку Беларусі з 1 лістапада 2008 года па 31 студзеня 2009-га. Аднак згадваюцца таксама падзеі, што выходзяць за межы гэтага перыяду.

У ліку выканаўцаў акрамя Бела названы Жэня Харысан, Пол Бейверстак і Дэвід Рычманд (мяркуючы па ўсім, супрацоўнікі «Чайм Кам’юнікейшнз»).

У справаздачы адзначаецца, што «за апошнія 3,5 месяца адбыўся значны прагрэс у дачыненні да Беларусі — у прыватнасці значная пераацэнка адносін ЕС і ЗША з Беларуссю, у тым ліку зняцце ці прыпыненне дзеяння некаторых санкцый».

«Гэта ў першую чаргу стала вынікам захадаў, зробленых урадам Беларусі, у тым ліку вызваленне трох палітычных зняволеных,
намаганняў, прадпрынятых для таго, каб парламенцкія выбары былі свабоднымі і справядлівымі, а таксама сігналаў, пасланых прэзідэнтам у сваіх публічных заявах і інтэрв’ю вядучым замежным выданням», — сказана ў дакуменце.

У справаздачы пералічаны канкрэтныя мэты.

Напрыклад, пункт «Садзейнічанне Беларусі ва ўстанаўленні прадуктыўнага дыялогу з ЕС» утрымлівае наступныя падпункты:

— стварэнне ўмоў для таго, каб ЕС зняў свае санкцыі ў дачыненні да пэўных асоб ва ўрадавых колах Беларусі, у тым ліку забарону на кантакты на ўзроўні міністраў і ўезд на тэрыторыю ЕС;

— стварэнне ўмоў для таго, каб ЕС разблакаваў фінансавыя актывы гэтых асоб.

Пункт «Фарміраванне пазітыўнага ўспрымання прэзідэнта Лукашэнкі і краіны ў цэлым за мяжой» прадугледжваў:

— прапаганду эканамічных поспехаў і сацыяльнай стабільнасці, дасягнутых пры кіраўніцтве Лукашэнкі;

— забеспячэнне таго, каб паведамленні пра прагрэс Беларусі ў галіне дэмакратыі і пэўных захадаў, што робяцца для дасягнення гэтага прагрэсу, дасягнулі мэтавых аўдыторый у міжнароднай супольнасці;

— перадачу збалансаванай інфармацыі аб парламенцкіх выбарах у Беларусі ў верасні 2008 года ключавым фігурам;

— прапаганду Беларусі як прывабнага кірунку для міжнароднага бізнесу і турызму;

— тлумачэнне ключавым фігурам таго, што Беларусь мае стратэгічнае значэнне з пункту гледжання міжнародных адносін, асабліва ў дачыненні да Расіі.

У справаздачы пералічаны дзеянні, прадпрынятыя лордам Белам для дасягнення гэтых мэт.

У іх ліку — сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімірам Макеем, яго намеснікам Наталляй Пяткевіч і міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым.

Паведамляецца, напрыклад, што лорд Бел лётаў у Брэст для сустрэчы з Макеем, падчас якой рэкамендаваў вызваліць перад парламенцкімі выбарамі апазіцыйных палітыкаў. (Паводле даных беларускіх праваабаронцаў, у 2008 годзе ў Беларусі налічвалася 19 палітзняволеных, у 2009-м — пяць. У ліку самых вядомых — кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006 года Аляксандр Казулін, а таксама прадпрымальнікі з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч і Юрый Лявонаў.) Лорд Бел прапанаваў Макею ўзор заявы для прэсы ў сувязі з гэтымі вызваленнямі.

Лорд Бел, адзначаецца ў справаздачы, рэкамендаваў Лукашэнкуа даць вялікае інтэрв’ю якому-небудзь вядучаму міжнароднаму СМІ. Пры дапамозе Жэні Харысана былі арганізаваны такія інтэрв’ю з «Файнэншэл таймс» і «Фракфуртэр Альгемайне цайтунг».

Беларусі таксама было рэкамендавана пераканаць міжнародную супольнасць у тым, што амерыканскі юрыст Эмануіл Зельцэр, які ўтрымліваецца ў беларускай турме, атрымлівае неабходную меддапамогу.

Лорд Бел рэкамендаваў Беларусі прадставіць збалансаваную карціну парламенцкіх выбараў вядучым мэтавым фігурам у Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі і Бруселі. Бел і яго кампанія склалі спіс з 500 такіх мэтавых фігур.

Былі прапанаваны рэкамендацыі па адказе ўрада Беларусі на справаздачу назіральнікаў АБСЕ аб парламенцкіх выбарах 2008 года.

У прыватнасці для таго, каб перахапіць стратэгічную ініцыятыву і адцягнуць увагу сусветнай прэсы ад таго, што ніводны апазіцыйны кандыдат не быў абраны ў парламент, Бел рэкамендаваў Лукашэнку абвясціць афіцыйнае расследаванне, якое будзе праводзіць ЦВК у дачыненні да фактаў, указаных у справаздачы АБСЕ.

Напярэдадні выбараў Дэвід Рычманд правёў шэраг сустрэч на высокім узроўні з ключавымі дзеячамі ЕС і Вялікабрытаніі, гаворыцца ў справаздачы. У прыватнасці ён сустракаўся і неаднаразова размаўляў па тэлефоне з наступнымі чыноўнікамі Еўрасаюза: Робертам Куперам, Хельгай Шміт, Эмай Удвін, Цімам Бэроу, Хільдай Хаардэман і Вікторыяй Ловенберг. Акрамя таго, былі арганізаваны сустрэчы з высокапастаўленымі чыноўнікамі брытанскага МЗС, якіх, як сказана ў справаздачы, лорд Бел не можа назваць па той прычыне, што гэтыя сустрэчы былі строга канфідэнцыйнымі.

Пасля гэтых сустрэч Бел сустракаўся з Макеем перад кастрычніцкім пасяджэннем Савета ЕС, на якім разглядалася пытанне аб сітуацыі ў Беларусі. Затым па заданні Макея Рычманд лётаў у Страсбург, каб пракансультаваць Сяргея Мартынава перад яго сустрэчай з прэзідэнтам ЕС Хаўерам Саланам.

Рычманд таксама звяртаўся ў МЗС Вялікабрытаніі з просьбай разгледзець магчымасць сустрэчы Лукашэнкі з прэм’ер-міністрам Горданам Браўнам падчас правядзення ў Лондане Беларускага інвестыцыйнага форуму.

Справаздача ўтрымлівае пункт «Прамое лабіраванне», дзе гаворыцца аб працы з пэўнымі афіцыйнымі асобамі і палітыкамі ЕС.

У іх ліку — дэпутаты Еўрапарламента ад Польшчы (Ёзэф Піньёр), Літвы (Вінцас Палецкіс), Вялікабрытаніі (Чарльз Тэнак), Ірландыі (Марыян Харкін) і Галандыі (Ян Марынус Вірсма). Гэтыя кантакты ставілі мэтай паказаць, што Беларусь уважліва ставіцца да таго, што гаворыць Еўрапарламент пра беларускія выбары, а таксама атрымаць яснае ўяўленне пра пазіцыю пэўных членаў Еўрапарламента, якія публічна крытыкуюць Беларусь.

Паводле інфармацыі Мікалая Халезіна, план лорда Бела па павышэнні іміджу Беларусі ацэньваўся ў 10 мільёнаў еўра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?