Купала неяк нечакана для самога сябе лёгка ўзляцеў на высокі мармуровы парапет, які выгінаўся ўздоўж лесвічнага пралёта, што адначасова і блакітнеў, і чарнеў у глыбіні. Дык ёсць яшчэ сілы, аказваецца! — з задавальненнем падумаў ён. — А казалі — шэсцьдзясят гадоў, хваробы-немачы… А гэтыя дурні-пісьменнікі хай там п’юць у нумары, заліваюцца, пляткараць пра яго. Яму цяпер не да іх. Яго чакае палёт надзвычайнай лёгкасці і глыбіні. Ён даўно марыў пра такое — каб цішыня была абсалютная, аніводзін неасцярожны гук не патурбуе хворых нерваў. Так было ў дзяцінстве, у полі, на дальні край якога ён заходзіў, клаўся там на спіну, і Боскі свет у наравістых аблоках і лёгкай сінечы глядзеў на яго з вяршыняў, і супакаенне сыходзіла ў душу.

Ён нават не заўважыў, як плаўна з’ехаў з парапета ў блакітнавата-чорны змрок пралёта,
і яго закруціла, загайдала на хвалях эфіру. Пагружэнне было мяккім, слабым, непрыкметным, ён быццам бы нават і не пагружаўся, а толькі разгойдваўся на паветраных хвалях-калыханках. А поруч нетаропка шамацелі і віліся вакол яго, бы наяды, станкевічанкі, мядзёлкі, зоські, і крыху далей усхліпвала буйлянка. І даносілася да яго толькі адно: «Яначка, любы наш Яначка…»

Сапраўднае дабрарастварэнне ваздухоў. І больш нічога.

Ён зразумеў, што пагружэнне можа быць бясконцым, вечным. І ўжо рыхтаваўся паспытаць гэтага бясконцага, калі побач узнікла слаба знаёмая невялічкая фігурка ў фрэнчы, вусаты твар у воспінах, мяккія казловыя боцікі.

— Кажется, товарищ Янко Купало? — прасіпела і густой табакай выдыхнула яму ў твар фігурка. — Очень-очень приятно познакомиться лично!
Фігурка тыцнула яму цвёрдую, нягнуткую далоньку:
— Джугашвили! Решили, так сказать, полетать, товарищ Купало? Похвально!
Тем более, у вас ведь стихотворение есть… «Летчик и мальчик», если нэ ошибаюсь.

— «Хлопчык і летчык», — прашаптаў Купала.

— Да-да-да! Про нашу славную авиацию, доблестных соколов забывать нэ следует! — Джугашвілі апісаў рэзкае кола вакол Купалы і падляцеў зусім блізка. Прыставіў вусны да ягонага вуха і задыхаў, смуродзячы «Герцагавінай Флор», горача:

— А вы сами, что думаетэ, товарищ Купало, насчет этого своего полета? Небось, уже органы наши подозревать стали?
И напрасно!

— Не-не, што вы, таварыш Ста…, таварыш Джугашвілі! Я сам! Гэта мая ўласная ідэя — палятаць!

— Собственные идеи у нас нэ поощряются! — нахмурился Джугашвили. — В особенности по части полетов! Я вот Чкалову нэ все разрешал. А он нэ слушался… Впрочем, вы — другое дело. Вы — поэт, романтик. Или все-таки подозреваете? Мы ведь и спросить можем, с кого следует!

Паблізу мільгануў сыты твар у пенснэ і як бы завіс, робячы адначасна кругавыя і ўбіраючыя рухі рукамі.

Джугашвілі нецярпліва махнуў рукой, і сыты ў пенснэ знік.

— У нас теперь, товарищ Купало, война. Нэ до юбилеев теперь, понимаете ли. Сорок второй год! Враг еще очень силен. А вы тут с вашим шестидесятилетием некстати. Но мы ценим нашу интеллигенцию.

— Ды я, уласна, ні на што не прэтэндую, таварыш Ста… таварыш Джугашвілі, — ледзь-ледзь выціснуў Купала, — гэта ўсё дурасць пісьменнікаў нашых… юбілей і іншае…

— Дурь мы вышибем! — узмахнуў здаровай, несухой рукой Джугашвілі. — А вы, товарищ Купало, все-таки признайтесь, что есть у вас кой-какие мыслишки насчет этого вашего полета.

— Як перад Богам — няма ніякіх думачак, тава…

— Вы, может быть, думаетэ, что органы наши напутали что-то с вашей фамилией — ну спутали Луцевича с Луцкевичем? Нэ поняли, что враги присвоили одной из улиц на оккупированной территории имя одного националиста, похожее на ваше. Но наши органы ничего нэ путают! У нас бухгалтерия точнейшая!

І ізноў падплыў гэты круглатвары ў пенснэ і заківаў жабінай галавой.

— Вот товарищ Лаврентий подтверждает. Пошел вон!

Купала падумаў, ці не схавацца яму за станкевічанкамі, мядзёлкамі і зоськамі, мо нават паспрабаваць паклікаць на дапамагу буйлянку. Але тыя быццам бы адхіснуліся і застылі ў жаху.

— Девицы у вас ладные, — просипел Джугашвили, — но вы должны нам прямо сказать, зачэм вы вены себе резали и вообще, что там творилось в этой газете, в «Нашей Ниве», кажется. Говорят, бардачок процветал…

— Ножам гэта я з дурасці, тава… А дзяўчаты нашыя, то бок бабы нашыя, паэткі, ну гэта як звычайна з бабамі бывае…

— Но-но! — нахмурился Джугашвили. — Вы про свой долг нэ забывайте! Вы ведь земляков призвали людьми зваться! Кстати, до этого они, что — вообще нэ были людьми?

— Як жа… Былі, канечне… Толькі не ведалі, як празывацца… Тутэйшымі сябе клікалі.

— Тутэйшыми? Это что значит?

— Ну нібыта як — «здешнімі».

— Здешние? А что, вроде как неплохо? Звучит почти как советские. Может, и оставим вашим землякам такое название — тутэйшые? Вы нэ против?

— Я — не… Толькі вось акадэмік Карскі пісаў… Тры таміны цэлыя напісаў…

— Ну кто теперь читает академика Карского? — засмяяўся Джугашвілі. І нечакана строга запытаўся: — Вы мои «Вопросы ленинизма» читали? Там и про тутэйшых, кстати, найдете.

— Гэта абавязкова, абавязкова, таварыш Ста… У мяне ў бібліятэцы на галоўным месцы была гэтая кніга. Бомба ў хату трапіла.

— А я вам новый экземпляр подпишу. Сейчас прямо и подпишу.

І тут падляцеў такі лысаваты, кароткавалосы, ва ўкраінскай кашулі, пасам падпярэзанай, і з паклонам таўсценную таміну-цагліну, у сацін белы пераплеценую, працягнуў. У Купалы нават рукі ад цяжару адцягнула.

Джугашвілі вокладку адгарнуў і проста на руках у Купалы штосьці хутка напісаў. А потым гучна захлопнуў і будзённа так мовіў:

— А хотите, товарищ Купало, я вашему тутэйшему народу Вильно отдам?
Туда перенесем столицу из Минска? Это ведь будет исторически правильно? Вот прогоним врага и отдам!
У Купалы заняло дыханне. Нечакана нахлынулі пахі віленскіх кавярняў.
А якія там былі пірожныя! Станкевічанкі, мядзёлкі і зоські ўжо напружыліся, спадніцы ветразямі панадзімаліся. Буйлянка ўстрапянулася.

А Джугашвілі ўжо ківае каравым пальцам:

— Но это еще заслужить надо! Хотя вы правильно писали: партизаны, партизаны… Как там дальше?
— Вы тутэйшыя сыны, — папярхнуўся Купала.

— И дальше?

— Рэжце гітлерцаў паганых, каб ня ўскрэслі ўвек яны!

Джугашвілі прыжмурыўся:

— Однако, вы беспощадный поэт, товарищ Купало! Кровь-то любите пускать… Может, вас по другому ведомству определить? Есть ведь способность… Как это, однако, у вас сказано — режьте… Как свиней…

— Дык яны ж і ёсць свінні, тава …

— Ну, нэ скажите… Все-таки — Кант, Гегель, Фейербах… Вы читали Фейербаха, товарищ Купало?

— Не давялося, тава… Але я прачытаю, абавязкова прачытаю.

Джугашвілі махнуў несухой рукой.

— Да нэ стоит! Вряд ли поймете. Вам лучше писать вот это: хай смутак вачэй тваіх добрых не росіць… Я даже прослезился, когда первый раз читал.

Купала нечакана адчуў цвердзь пад нагамі.
Жывы і здаровы, ён стаяў на першым паверсе гатэля «Масква». Хтосьці бярэ яму пад руку … Божухна! Лаўрэнцій Цанава! І ўдвох яны падымаюцца чырвонай дарожкай, якая віецца ўсё вышэй і вышэй і адлівае золатам. Грыміць аркестр. Станкевічанкі, мядзёлкі і зоські аблятаюць іх з усіх бакоў пад строгім кіраўніцтвам буйлянкі. Грыміць хор. Усё вышай і вышай… І вось ужо бачны парапет, з якога Купала нядаўна і так лёгка саслізнуў.
А над ім, над парапетам, узвышаецца такі родны, такі добры, такі знаёмы твар. Сам Прэзідэнт, аграмадны чалавек-шафа, раскрывае свае абдымкі-дзверы:

— Сюда, сюда, Иван Доминикович!

І транспарант пад столлю трапеча:

«Жить будем хорошо, хотя и недолго. Абишчаю».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0