Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend) 17 снежня прэзентаваў дзве кнігі, прысвечаныя падзеям 19 снежня 2010 года.

Як паведаміла кіраўнік Lawtrend Алена Танкачова, 19 снежня 2010 года маніторынгавая група цэнтра пачала дакументаванне парушэнняў правоў чалавека падчас мірнай акцыі пратэсту і падзей, што мелі месца потым. Вынікам працы стала інфармацыйная база па крымінальных і адміністрацыйных справах: 350 гадзін аўдыёзапісаў чатырнаццаці працэсаў над «дзекабрыстамі», каля тысячы старонак стэнаграм і анкет затрыманых грамадзян. Менавіта гэтыя матэрыялы сталі асновай двух даследаванняў.

Першае даследаванне пад назвай «Адміністрацыйныя затрыманні і судовыя працэсы. Аналіз правапрымяняльнай практыкі» ўяўляе сабой зборнік аналітычных матэрыялаў, якія сталі вынікам працы па зборы інфармацыі пра адміністрацыйныя затрыманні 19 снежня 2010 года, абагульненні судовай практыкі па такіх справах і аналізе міжнароднага права і міжнародных стандартаў.

«Аснову гэтага выдання склалі анкеты адміністрацыйна затрыманых 19 снежня. Усяго, паводле нашых звестак, было затрымана 780 чалавек. Вядома, адсачыць усе працэсы ў тых умовах, калі ў офісы праваабаронцаў таксама прыходзіла міліцыя, мы не маглі. Таму мы зрабілі постінтэрв’ю з 350 адміністрацыйна затрыманымі. Вынікі гэтай працы выкарыстоўваліся і ў дакладзе Місіі міжнароднага кантролю за сітуацыяй у Беларусі, і ў іншых дакладах», — зазначыла Танкачова.

Другая кніга — «Пасляслоўе… Плошча-2010 вачамі беларускіх праваабаронцаў» з’яўляецца даследаваннем, заснаваным на пярвічных дакументах (прыгаворы, стэнаграмы, судовыя пратаколы, скаргі і рашэнні па іх). У кнізе падрабязна апісаныя 14 крымінальных спраў «дзекабрыстаў». Асаблівае месца адведзена аналізу гэтых спраў на адпаведнасць іх міжнародным стандартам у сферы правоў чалавека.

«Гэта не матэрыялы з цэнтра падзей. Гэта абагульненне ўсіх пісьмовых матэрыялаў справы.
Для нас у гэтым даследаванні два інтарэсы: зафіксаваць матэрыялы крымінальных спраў для прававой ацэнкі, і ў далейшым — для прававога перагляду несправядлівых і неправавых судовых разбораў і крымінальных працэсаў 2010 года», — сказала Танкачова.

Паводле яе слоў, важная і ацэнка акалічнасцяў пераследу кандыдатаў у прэзідэнты і членаў іх штабоў з пункту гледжання адпаведнасці гэтых акалічнасцяў міжнароднаму праву. Танкачова зазначыла, што ў праваабаронцаў дагэтуль выклікаюць пытанні самі акалічнасці Плошчы 2010 года. На іх думку, масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года ў Мінску не было. Апрача таго, вялікія пытанні выклікае перадача ў СМІ фактычна матэрыялаў крымінальнай справы. «Гэта тычыцца дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, якія атрымалі дакументы, фотаздымкі і відэазапісы. І пачалі складаць адпаведную грамадскую думку з абвінаваўчым ухілам да ўдзельнікаў акцыі, што я лічу недапушчальным», — заявіла Танкачова.

Пакуль кнігі выпушчаны толькі ў электронным варыянце.

У пачатку студзеня яны выйдуць і ў друкаваным варыянце, які будзе разасланы па бібліятэках. «У электронным варыянце кніга большая, чым у друкаваным. У друкаваны варыянт мы не змаглі ўнесці матэрыялы спрэчак бакоў і яшчэ некаторыя матэрыялы крымінальных спраў», — сказала Танкачова.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?