«Я трэці дзень сяджу без абеду! Перада мной пастаўленая адказная задача! А для вас я нават не жывы чалавек!» — з надрывам заявіў гендырэктар ААТ «Барысаўдрэў» Уладзімір Мальцаў карэспандэнту па ўнутраным тэлефоне. Просьба аб кароткай сустрэчы была адхіленая з абурэннем.

Начальнік службы аховы прадпрыемства Уладзімір Парфёнаў спачатку размаўляў з журналістам больш прыязна. Але да пары да часу.

Вось як журналіст апісаў свае прыгоды:

«Збтраючыся агледзець стан прылеглага да вытворчых тэрыторыяў басейна ракі Бярэзіна, карэспандэнт абышоў «Барысаўдрэў» з боку напаўзакінутых цэхаў «піянінкі» — фабрыкі музычных інструментаў, якая спынілася ў 2006 г. Уздоўж берага ракі цягнулася натаптаная сцяжынка, што знікала далёка ў пагорках. Суровыя абрысы пакінутых індустрыяльных будынкаў па правую руку і велічныя віды Бярэзіны па левую былі адзінымі маімі спадарожнікамі добрыя паўгадзіны хады. Ніякія платы або папераджальныя знакі не перашкаджалі медытатыўнаму падарожжу.

Нарэшце ўдалечыні паказаліся сіне-жоўтыя корпусы «Барысаўдрэва», а непасрэдна на дарозе карэспандэнта — гіганцкая куча дранкі. Каля дранкі мітусіліся трое мужчын у кацавейках. Тройца ці то несла каля дранкі кругласутачную вахту, ці то спрабавала падзяліць яе на меншыя кучы, вырашаючы такім чынам адзначаныя прэзідэнтам экалагічныя праблемы.

Работамі кіраваў усё той жа начальнік службы аховы «Барысаўдрэва» Уладзімір Парфёнаў. Ён запатрабаваў у карэспандэнта дакументы, апусціў журналісцкае пасведчанне сабе ў кішэню і прапанаваў ісці за ім да дыспетчарскага пункта, «дзе ты сам пра ўсё даведаешся».
На прапанову прадставіцца або прад’явіць сваё пасведчанне начальнік службы аховы адказваў загадкавай паўусмешкай.

Лёгкімі штурхялямі ў спіну карэспандэнта правялі праз усю тэрыторыю завода, дзе ён атрымаў магчымасць ацаніць размах мадэрнізацыі прадпрыемства. На кожным кроку грувасціліся курганы будаўнічых лясоў, а гуллівая баявая размалёўка асобных вытворчых памяшканняў адкрыта гаварыла пра тое, што «Барысаўдрэў» патроху ўцягваецца ў сучасныя тэхнічныя і мастацкія працэсы.

На прапускным пункце начальнік аховы па тэлефоне тэрмінова выклікаў на падмогу атрад Дэпартамента аховы Барысаўскага аддзела МУС. Роўна праз 5 хвілін пасля званка ў пакой уварваліся людзі ў бронекамізэльках і куленепрабівальных шлемах.

«Выконваем указанні кіраўніка, павышаем пільнасць, — заўважыўшы на тварах бравых хлопцаў здзіўленне, паспяшаўся папярэдзіць начальнік аховы. — Самавольна пракраўся на тэрыторыю завода, вёў фота- і відэаздымку, праводзіў несанкцыянаванае апытанне работнікаў прадпрыемства».

«Вы зрабілі вельмі правільна», — паспрабавалі супакоіць начальніка аховы людзі ў бронекамізэльках, але той не сунімаўся, заявіўшы, што неаднаразова называўся затрыманаму, але «завея задзьмувала словы, і карэспандэнт нічога не чуў», а цяпер ён «не жадае называць сваё імя ў прысутнасці абвінавачанага». Для прававой ацэнкі сітуацыі карэспандэнт быў дастаўлены ў мясцовы РАУС.

Супрацоўнік РАУС, які ўзяў справу аб пранікненні на «Барысаўдрэў» на сябе, з прававой ацэнкай марудзіць не стаў: «Што ты мне расказваеш — „не было агароджаў, не было знакаў“?

Не трэба тэрмінамі юрыдычнымі грузіць, я сам на „Барысаўдрэве“ 5 гадоў прапрацаваў! Кучу дранкі бачыў? Вось з яе і пачынаецца тэрыторыя завода! Куча дранкі хіба не завод?»

Супрацоўнікам Дэпартамента аховы было загадана скласці рапарт і правесці поўны асабісты дагляд затрыманага.

«Падобна, што на суткі, — ацаніў сітуацыю адзін з падначаленых. — Выкладвай рэчы з сумкі, шнуркі і рэмень пакуль не здымай».

Супрацоўнік РАУС, што кіраваў справай, распарадзіўся выдаліць дадзеныя з фотаапарата і дыктафона, пасля чаго выступіў з цікавай прапановай: «Гэта не Мінск, а Барысаўскі РАУС. Пратаколу я не заводжу, але фатаграфій і запісаў на дыктафоне не было, а ты абяцаеш ніколі такімі глупствамі больш не займацца».

Атрымаўшы самае шчырае абяцанне «не займацца глупствамі», супрацоўнік РАУС даручыў свайму калегу правесці допыт, аперуючы ключавымі фразамі: «Агароджа завода з боку ракі адсутнічала», «Фота- і відэаздымка на тэрыторыі завода не вялася», «Падазроных прадметаў выяўлена не было». Пасля гэтай сімвалічнай працэдуры карэспандэнт быў адпушчаны на волю.

У 15.50 на «Барысаўдрэве» заканчваецца першая змена.

Але на прахадной завода карэспандэнта «БелГазеты» чакаў не стомлены рабочы клас, а ўсё той жа начальнік аховы.

«Ты мне адразу не спадабаўся, — прывітаў ён прадстаўніка СМІ. — Вось ты, ледзь што, адразу дастаеш свой дыктафон! А ў мяне, між іншым, дыктафон быў яшчэ ў пачатку 1990-х, нямецкі! Прыйшоў пагаварыць з рабочымі на прахадной? А я прыйшоў табе перашкаджаць. Ніхто мяне не накіроўваў — я з уласнай ініцыятывы буду стаяць з табой на марозе побач і перашкаджаць. Таму што наш завод — чысты, добры, паспяховы, працуе так, як трэба».

«Добры дзень, добры дзень! — падбег Парфёнаў да рабочага, які выйшаў з дзвярэй, прыкметна накульгваючы на адну нагу. — Вы мяне памятаеце? Тады з карэспандэнтам у размовы не ўступаць — другую нагу зламаю».

«Дзяўчаткі! — крыкнуў Парфёнаў чародцы работніц на прахадной. —

Не размаўляйце з гэтым чалавекам! Гэта сэксуальны маньяк, ён будзе да вас чапляцца!»

У нейкі момант гэты актыўны чалавек вымушаны быў адцягнуць увагу на тэлефонны званок: гаворка ішла аб выдачы малака за шкоднасць умоваў працы. Першы ж рабочы ў адсутнасць начальніка аховы ахвотна падзяліўся сітуацыяй на заводзе, «які працуе так, як трэба»:

«Выдаюць нам па 1,2–1,5 млн. За такія грошы працуюць на заводзе толькі такія ж пенсіянеры, як я: нікуды ж больш не пойдзеш. Працую я 40 гадоў, пры мне на „запалцы“ змянілася 22 дырэктары. Мы для іх — проста робаты. Мадэрнізацыя? Усё тут развальваецца, парадку няма і не будзе!»

Падчас візіту Лукашэнкі на «Барысаўдрэў» «паставілі па ўсім заводзе аўтаматчыкаў, а нас замкнулі ў цэхах. Паўтары гадзіны мы там сядзелі, выйсці нікуды не маглі. Я думаў, падыду да прэзідэнта і скажу: „Аляксандр Рыгоравіч, тут усё — шаляй-валяй!“ Не далі. А „хімікаў“ у той дзень з завода павезлі. На наступны зноў прывезлі, яны ў нас тут пастаянна працуюць».

«Гэты чалавек — злодзей! На ім стаіць таўро, ён выносіў з заводу запалкі! — прагудзеў над вухам карэспандэнта ўзніклы з нябыту начальнік аховы. — Жонка прыходзіла і маліла, каб яго ўзялі назад на працу. Зразумела, чаму яму ўсё не падабаецца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?