Беларусь замятае. За выходныя ў некаторых гарадах выпала да 65% месячнай нормы снегу. Надвор’е паўплывала на хуткасць міжгародняга транспарту, са спазненнямі выконваюцца авіярэйсы. З-за транспартных здарэнняў, выкліканых завеямі і галалёдам, месцамі перакрывалі трасы. Снежная зіма зноў стала сюрпрызам для камунальных службаў. Напрыклад, Берасце ўсё ў снежнай кашы.

Жыхары Брэста:

«Абурэнню няма межаў. Не працуюць, бачыце самі. Не магчыма нідзе прайсці нармальна. Не чышчаныя ні дарога, ні ходнікі, нідзе нічога».

«Двары замеценыя снегам. Хацелася б, каб і тратуары чысцей былі».

«Гэта не пад сілу ім апрацаваць дарогі ды каля пад’ездаў, усё замеценае. Гэта вельмі цяжкая праца выпала на іхную долю зараз».

Але справа не толькі ў недахопе працоўных рук.

Дворнік крамы «Алмі»:

«Калі б было можна сказаць матам, сказаў бы. Бо няма тэхнікі для прыборкі добрай.
Адміністрацыя не стварае ўмоваў, не купляе тэхніку „міні“, такую механічную паваротную. Вось гэта ўсё прымушаюць вазіць тачкамі на гарбу».

Хаця зусім нядаўна берасцейскія камунальнікі хваліліся поўнаю гатоўнасцю.

Мікалай Брашко, дырэктар ВКУП «Камунальнік»:

«Да ўборкі снегу мы гатовыя, кажу ўпэўнена. Ёсць пэўныя цяжкасці, недахоп фінансавання, але ў цэлым прадпрыемства падрыхтаванае».

Аказалася, што не. На берасцейскіх вуліцах цяпер ні прайсці, ні праехаць. Камунальнікі раяць адкопвацца самастойна.

«Зіма наступіла, ну. Хай выйдзе кожны, прачысціць каля сябе і пройдзе», — кажа М. Брашко.

Камунальная тэхніка, набытая за бюджэтныя грошы, усё ж працуе. Але далёка не на ўсіх вуліцах.

«Толькі на цэнтральных, дзе ходзяць аўтобусы і тралейбусы. Я па тэлефоне такія рэчы не даю. А то мы нагаворым, адзін аднога не зразумеем, і потым я буду яшчэ адказваць», — зазначае М. Брашко.

Адказваць ёсць за што — з-за непрыбранага снегу значна вырасла дарожная небяспека.

«Я цэлы дзень езджу — вельмі складана. Бачу коркі, бачу сутыкненні», — кажа адзін з аўтаўладальнікаў.

Пагаршаюць сітуацыю і некаторыя кіроўцы, бо нават у такое надвор’е не ўключаюць фараў.
ДАІ просіць аўтаўладальнікаў устрымацца ад рэзкіх манеўраў, трымаць дыстанцыю і карыстацца рамянямі бяспекі. А лепш за ўсё — не ездзіць без патрэбы.

«Дома сядзець, пакуль снег не скончыцца. — А калі скончыцца? — А хто яго ведае…», — зазначае аўтаўладальнік.

А сіноптыкі добрых навінаў не маюць. Увесь тыдзень будзе халодна і ветрана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?